Кот, бясспрэчна, архетыпова звязаны з дабрабытам, з утульнасцю дома. Часам яго мяшчанска-эгаістычная прырода нават перабольшваецца, як у рамане «Жыццёвыя погляды ката Мура» Эрнста Тэадора Амадэя Гофмана, знакамітага нямецкага рамантыка. У іншых выпадках ён увасабляе мудрасць, як Чэшырскі кот у Луіса Кэрала.
Каб зразумець характар ката, вернемся да яго біялагічнай сутнасці. Кот, у адрозненне ад ваўка-сабакі, не жыў у статку, не меў важака, гэты звер — індывідуаліст. Натуральна, што ў моцна іерархічным грамадстве (напрыклад, кітайскім) кот успрымаўся негатыўна. І ўсё ж кот-эгаіст прыйшоў да чалавека, пачаў жыць з ім, служыць яму. Як і чаму гэта адбылося, мы не ведаем, хоць і ёсць на гэты конт філасофская казка Рэд’ярда Кіплінга «Кошка, якая гуляла сама па сабе». Кошка — ганарлівы, незалежны, своеасаблівы звер, але яна, безумоўна, прывязваецца да гаспадароў, да месца. Вядомыя выпадкі, калі кошкі праходзілі сотні кіламетраў і вярталіся дадому. Гэта жывёла разумная, адважная і надзвычай арганізаваная. Яна, як не дзіўна, лёгка прыручаецца, дрэсіруецца — успомнім кошкін цырк Юрыя Куклачова. Зафіксавана нямала выпадкаў, калі каты абаранялі дзяцей ад ядавітых змеяў. Дзеці, як правіла, вельмі любяць кошак. Таму жывёлінка часта сустракаецца і ў дзіцячай літаратуры. Напрыклад, усе палюбілі ката Матроскіна з кнігі Эдуарда Успенскага. Або ката Леапольда з мультыплыкацыйнай стужкі. Карыстаецца папулярнасцю і амерыканскі анімацыйны фільм «Том і Джэры».
Усё ж галоўны подзвіг кошкі — абарона чалавечых паселішчаў ад мышэй і пацукоў. Магчыма, гэта і было асноўнай прычынай шырокага распаўсюджання іх па Еўропе. Праўда, у апошні час каты губляюць паляўнічы інстынкт, але ўжо адна толькі іх прысутнасць у доме палохае грызуноў. Прафесары і студэнты Парыжскай Сарбоны за барацьбу з мышамі паставілі перад універсітэтам помнік кату. А ў Японіі ёсць храм кошак. І ўсё ж сапраўднае значэнне гэтых жывёл пакуль не ацэнена чалавецтвам.
Дракон
Дракон — адзіны не рэальны, а міфалагічны персанаж ва ўсходнім задыяку. Праўда, істота сустракаецца ў міфах такой вялікай колькасці народаў, што вучоныя не без падстаў лічаць, што драконы некалі жылі на зямлі. Некаторыя бачаць іх прататыпамі дыназаўраў, хоць апошнія вымерлі як быццам задоўга да з’яўлення чалавека (65 мільёнаў год таму). Але не ўсё так проста ў гэтым пытанні.
Паколькі асноўваемся мы на кітайскім календары, то і пачынаем з Кітая. Тут ні адзін Новы год не абыходзіцца без упрыгожаных каляровымі лямпачкамі макетаў, скульптур, жывапісных малюнкаў, што ўвасабляюць велічных і, на думку мясцовых жыхароў, надзвычай прыгожых драконаў. Гэты персанаж — цэнтральны ў кітайскай культуры. Старажытная «Кніга гор і мора» — асноўная крыніца звестак пра міфалогію Кітая — згадвае пра каласальнага дракона з тварам чалавека, што раскінуўся на ўвесь свет. Уласна ён і ёсць першапачатковы Свет. Калі дракон заплюшчвае вочы, апускаецца ноч, калі адкрывае — надыходзіць дзень. Калі ён дзьмухае, то наганяюцца воблакі і ідзе снег, дыхне — сонца пачынае паліць і вяртаецца лета [64, 31]. Гэты фантастычны дракон Чжулунь мае многія рысы першатворцы свету. І ўсё ж Зямлю і Неба стварылі іншыя — зноў-такі змеепадобныя істоты — брат і сястра Фусі і Нюйва. Фусі ўмеў падымацца па дрэву, якое расло ў цэнтры свету, на Неба, а Нюйва са жвіру выляпіла першых людзей. У цэлым дракон як істота гібрыдная выступае ў Кітаі стваральнікам і асновай літаральна ўсіх важнейшых прыродных працэсаў і з’яў. Буйнейшы кітайскі даследчык-міфолаг ХХ ст. Юань Кэ не тлумачыць прычыны гэтага, не разглядае генезіс вобраза. А нас сёння ўжо не можа задаволіць простае апісанне фактаў міфалогіі, няхай і надзвычай займальных.
Пакуль што звернемся да тых самых фактаў. Дракон як першатворца з касмаганічнай істоты ў далейшым трансфармаваўся ў духа продка. Продкі ў выглядзе драконаў «у Кітаі лічацца не монстрамі, а добрымі божышчамі, якія ўпраўляюць дажджом і русламі рэчак» [116, 46]. І хоць магутныя рэкі Хуанхэ, Янцзы, Сіцзян, на берагах якіх сфарміравалася кітайская цывілізацыя, адрозніваюцца зменлівым, непрадказальным норавам, тым не менш дракон — іх ўвасабленне ў Кітаі — выключна станоўчая (у адрозненне ад Еўропы) істота, абаронца краіны і ахоўнік кожнага рода як першапродак яго. У сувязі з гэтым адзначым, што на нашым Палессі ажно да ХХ ст. дамавік (вобраз якога сінтэтычны: ён адначасова і першапродак, і дух ачага) выступаў у выглядзе вужа [101, 169], інакш кажучы, змеепадобнай істоты, якою з’яўляецца і дракон. Што ж тычыцца воднай стыхіі, то нагадаем, што «на тэрыторыі Палесся… адна з рэчак, прыток Прыпяці, называецца Вужа» [78, 37]. А другі прыток Прыпяці — Гарынь, — раку, што вызначаецца асабліва «інтэнсіўным разводдзем» [127, І, 570] у параўнанні з іншымі рэчкамі Беларусі, — можна суаднесці з імем папулярнага казачнага міфічнага персанажа — Змеем Гарынавічам.