У Кітаі вобраз дракона перацярпеў найбольш трансфармацый. І ўсё ж асноўнае значэнне вобраза, якое выступае ў выглядзе ланцужка сэнсаў (маланка — дождж — вясёлка — рака — урадлівасць), захавалася практычна ва ўсіх абрадах і ў выяўленчым мастацтве.
Кітайскі міфалагічны дракон складаецца з прыкмет дзевяці рэальных жывёл: вярблюда, аленя, зайца, быка, ігуаны, лягушкі, карпа, тыгра і арла. Уласна, якую б культуру мы ні ўзялі, дракон — гэта абавязкова хімерычнае, гібрыднае стварэнне, складзенае з розных частак, якія сімвалізуюць розныя, часам супрацьлеглыя, стыхіі і з’явы, прычым абавязковая прыкмета — змеепадобнасць. Але першапачатковае грэчаскае значэнне слова «дракон» зусім іншае — «відушчы» [80, 68]. Можа быць, таму і змеяў лічылі мудрымі, пра што згадвае нават Хрыстос у Бібліі.
Такім чынам, першая характэрная рыса вобраза — хімерызм. На нашу думку, гэта можа азначаць адзінства духу і матэрыі, а таксама вечнае пераўтварэнне ўсіх прыродных форм, перацяканне адной у другую. У таемнай кнізе яўрэйскай мудрасці Каббале на гэты конт гаворыцца: «Камень робіцца раслінай, расліна — жывёлай, жывёла — чалавекам, чалавек — духам, і дух — Богам» [12, 108]. Тут, відаць, маецца на ўвазе, што жыццё на планеце Зямля — гэта, перш за ўсё, пад’ём свядомасці ад ніжэйшых формаў матэрыі да вышэйшых, бо, сапраўды, жыццё ёсць нават у каменях, дзе ідзе працэс узнікнення мінеральных відаў, нечым падобны да метамарфозы жывых істот. Матэрыя адзіная, і ўсе яе часткі ўзаемадзейнічаюць. Сатканая ў адно, адным спосабам, які, аднак, ад сцяжка да сцяжка ніколі не паўтараецца, тканіна Універсума ўтварае цэлае. Вобразнае архаічнае мысленне і ўвасобіла Універсум у выглядзе дракона.
Змеепадобнасць яго — другая характэрная прыкмета. Уласна, нашы рэчкі і носяць такія назвы, як Вужа, Гарынь, што вельмі звілістыя — змеепадобныя. Але Змей таму важнейшы персанаж усіх міфалогій, што ўвасабляе не толькі раку, але і ўвогуле ваду, хвалю. Хвалепадобныя рухі цела азначаюць сілу, энергію, стваральныя рытмы прыродных элементаў. Магчымасць змяі скручвацца асацыіруецца з кругам, які заўсёды лічыўся самай дасканалай з усіх геаметрычных фігур. Дракон, які кусае сябе за хвост, — гнастычны Ураборас — сімвал усіх цыклічных працэсаў, і ў прыватнасці часу.
Дракон атаясамліваецца, з аднаго боку, з вадою, з другога боку, з вяршынямі гор. У цэлым ён выступае зямным уладаром, з якім прыходзіцца змагацца герою-стваральніку, каб вызваліць ваду ці зямлю. Тры галавы дракона, якія звычайна мае Змей Гарынавіч ці Цмок у нашых казках, азначаюць тры прынцыпы: актыўнасць, пасіўнасць і нейтральнасць.
Сімволіка дракона ўвогуле фенаменальна багатая і складаная. Безумоўна, асновай яе маглі быць некаторыя прыродныя з’явы, напрыклад, кругавыя марскія цячэнні, паветраныя віхуры, смерчы, тайфуны, лава, вывяржаная з вулкана, вясёлка, палёт метэора, камета і шмат што іншае. Нельга выключаць і існаванне так званых марскіх змеяў, невядомых пакуль навуцы рэліктавых істот, якія, верагодна, захаваліся ў глыбінях Сусветнага Акіяна, яшчэ фактычна не вывучанага. У навуцы зафіксавана больш як 600 сустрэч з імі на працягу гісторыі мараходства. З гэтага ж раду — легендарная Нэсі (рэліктавы яшчар) у шатландскім возеры Лох-Нес. Менавіта яна — сусветна вядомая, але нейкія таямнічыя істоты велізарных памераў сустракаліся і ў іншых вадаёмах на Зямлі: у Якуціі, Казахстане, Кітаі, Афрыцы. Іх бачылі нашы сучаснікі.
Ёсць і гістарычныя звесткі. Акадэмік Б. Рыбакоў на падставе вывучэння старажытных летапісаў сцвярджае, што некалі ў балотах Палесся вадзіліся каласальнай велічыні яшчаркі, падобныя да варанаў ці кракадзілаў. Памяць пра іх засталася ў дзіцячай гульні «Яшчар», зафіксаванай у гэтым рэгіёне. Варта паставіцца да народных легендаў сур’ёзна, улічыўшы, што і гіганцкіх варанаў Інданезіі, так званых «драконаў вострава Камода», адкрылі толькі ў ХХ ст. Старыя паданні распавядаюць, што некалі ў Еўропе вадзіліся страшэнныя пачвары — Цмокі, падобныя да драконаў. З імі змагаліся казачныя волаты, а пазней — сярэднявечныя рыцары, вызваляючы ад страшыдла не толькі дзяўчат-прыгажунь, але часам нават цэлы горад, краіну. Як сведчыць Б. Рыбакоў, у 30-м томе Поўнага збору рускіх летапісаў пад 1582 годам ёсць дзіўны запіс: «В лето изыдоша коркодилы лютии из реки и путь завориша, людей многих поядаше…». Справа адбывалася пад Вялікім Ноўгарадам. Загадкавыя істоты зафіксаваны і ва ўспамінах аўстрыйскага пасла ў Масковіі Сігізмунда Герберштэйна, які праязджаў праз Беларусь і са здзіўленнем адзначаў, што быццам бы язычнікі-літвіны кормяць велізарных яшчараў. Тут жа ў 1589 г. агент англійскай гандлёвай кампаніі Джэром Гарсей бачыў на беразе ракі мёртвага кракадзіла [95, 284–382]. Загадкавую істоту (ці тое кракадзіла, ці тое дагістарычнага дыназаўра) знайшлі ў рускім горадзе Арзамасе ў пачатку ХVІІІ ст. Улады заспіртавалі пачвару ў бочцы і адправілі ў Пецербург для вывучэння. Праўда, па дарозе знаходка знікла [114, 14]. Як бачым, розныя сведчанні — пра адно і тое ж. Прытым гэта ўжо нават не народныя легенды, а гістарычныя факты, зафіксаваныя ў пісьмовых помніках. Увогуле крыптазаалогія ў апошні час адкрыла шмат незвычайнага.