Выбрать главу

Улічваючы сучасныя навуковыя адкрыцці, можна інакш паглядзець на некаторыя міфалагічныя персанажы. Змяінае паходжанне яўна праглядае ў вобразе Кашчэя, Салаўя-разбойніка, ды і Усяслава Чарадзея, пра якога хадзілі чуткі, што ён нарадзіўся ад Вогненага Змея. Дарэчы, смерць Кашчэя ўвасабляе сабою ланцужок вобразаў (заяц, у ім качка, у качцы яечка, упаўшае ў мора і знойдзенае шчупаком), які здаецца стракатым і бессэнсоўна доўгім, калі не ўбачыць у ім дынамічна разгорнутую мадэль сусвету — верхні, сярэдні, ніжні ярусы з адпаведнымі жывёламі ды яшчэ і з Сусветным Дрэвам (дуб). Гэта тое ж злучэнне розных частак, толькі больш упарадкаванае, што і ў вобразе дракона. Цяжэй выпадак з Салаўём. Салаўіныя спевы і ўвогуле вобраз маленькай бяскрыўднай птушачкі выклікае ў чалавека выключна станоўчую рэакцыю. Чаму ж у былінах і казках пра Ілью Мурамца пад вобразам Салаўя-разбойніка выступае пачвара? Адно з тлумачэнняў вынікае з адваротна прачытанага (без канчатка) слова: Салавей — валас (волас). Волас-Вялес — адзін з самых старажытных багоў не толькі ўсходніх славян, але шмат якіх народаў Паўночнай Еўропы. У славянскай традыцыі ён, як правіла, змеепадобны. Вучоныя адзначаюць: «Найбольш важным у рэканструкцыі ўяўленняў пра Воласа-Вялеса аказалася адкрыццё „змяінай“ прыроды персанажа. Яна пацвярджаецца не толькі надзвычай пераканаўчымі дадзенымі знешняга параўнання (міфалагічнымі і моўнымі), але і больш моцнымі аргументамі» [106, 210], напрыклад, малюнкамі і каментарам да іх Радзівілаўскага летапісу.

У аснаванні знакамітага Збручскага ідала, які захоўваецца ў Польшчы, выразаны з каменя змеепадобны Вялес трымае на сабе Зямлю [4, 49]. Як і ў Кітаі дракон, Вялес тут — аснова, апірышча свету, уладар існага.

Вялес і Пярун — галоўныя персанажы так званага «асноўнага міфа» славян, а шырэй — усіх індаеўрапейцаў: міфа пра змеяборства. Пярун — бог-грымотнік, сімвалам якога быў арол, — змагаецца са змеепадобным Вялесам. «У старажытнаеўрапейскай міфалогіі гэта ідэя адлюстроўвала барацьбу нябеснага пачатку — птушкі і пачатку зямнога — змяі» [11, 83]. У індыйскіх Ведах вярхоўны бог Індра, імем якога названа краіна Індыя, перамагае кашмарнага дракона Урытру, што ўвабраў у сябе ўсю зямную ваду (магчыма, гэта была камета, што падняла, прыцягнула ваду з Зямлі).

У Вавілоне бог Мардук перамагае марскога дракона Тыямат, з цела якога, як і з кітайскага Чжулуня, пазней ўтвараюцца ўсе элементы сусвету. У старажытным Егіпце сонечны бог Гор, які часам выступае ў вобразе сокала, кожную ноч змагаецца з драконам Сетам — богам цемры, падзем’я, апраметнай. У грэчаскай міфалогіі амаль усе багі і героі — пераможцы змеепадобных пачвараў. Напрыклад, Зеўс перамагае змея Ціфона, Апалон — Піфона, Геракл — Гідру і Ехідну, Персей — Медузу Гаргону. І гэта далёка не поўны пералік.

У заходняй культурнай традыцыі рыцар выратоўвае ад дракона прыгажуню. Усе героі знакамітага кельцкага эпасу пра Караля Артура і рыцараў Круглага Стала змагаюцца з драконамі. Аснова сюжэта — глыбока міфалагічна-рытуальная: у старажытнасці многія плямёны цнатлівую дзяўчыну прыносілі ў ахвяру (тапілі ў моры, возеры, рацэ) Духу Вады, які і ўвасабляўся ў вобразе дракона. У нейкі гістарычны момант маладое пакаленне мужчын, відаць, паўстала супраць архаічнага страшнага звычая. У алегарычнай літаратуры Сярэднявечча выратаваць дзяўчыну з пасткі дракона — значыць вызваліць чыстыя, дабратворныя сілы, знічтожыўшы ліхія, у цэлым — перамагчы зло [63, 79–80].