У хрысціянскай рэлігіі дракон выступае як увасабленне пекла, а сатана названы «Вялікім Драконам». З ім змагаецца Хрыстос, Архангел Міхаіл і Георгій Пераможца. Два апошнія найчасцей прадстаўлены ў іканаграфіі.
Ва ўсіх пералічаных выпадках у двубоі героя з драконам выяўлена па сутнасці адвечная барацьба духоўнага і матэрыяльнага, нябеснага і зямнога пачаткаў, якая адбываецца і ў кожным чалавеку — барацьба яго духа і цела. Акрамя таго, паўстае супрацьстаянне дабра і ліха ў іх самых агульных праяўленнях.
Але неабходна мець на ўвазе, што «уяўленні пра абсалютнае зло робіцца прадметам рэлігійнай свядомасці только на даволі высокай ступені развіцця апошняй, калі яна аказваецца здольнай зрабіць маральныя катэгорыі сваім аб’ектам» [97, 16]. Будзем памятаць, што старажытная міфалогія адлюстроўвае стасункі чалавека і прыроды, а на прыроду маральныя катэгорыі не распаўсюджваюцца. Вось чаму першапачаткова міфалагічныя персанажы, у тым ліку, дракон — заўсёды амбівалентныя. Пры тым, што істота — яўна страшная, хтанічная, яна ўсё ж звязана з першавытокам жыцця (бо персаніфікуе энергію або ваду) і ведамі, мудрасцю. У міфах драконы ахоўваюць нейкія выключныя каштоўнасці, напрыклад, залатыя яблыкі Гесперыд, Залатое Руно, або ў германа-скандынаўскай культуры — Дрэва Жыцця Ігдрасіль. Не варта разумець гэтыя вобразы літаральна. Яблыкі сімвалічна — выток маладосці, несмяротнасці (як і ў нашых казках — маладзільныя яблыкі), Залатое Руно — нешта выключна каштоўнае, хутчэй за ўсё таемныя веды, якія ў выглядзе рунаў (руно — руна) былі запісаны на кожным лісціку Сусветнага Дрэва [12, 55].
Неабходна адзначыць, што ўсе названыя аб’екты знаходзяцца ў цэнтры зямлі або ў выраі, а значыць, і дракон неяк звязаны з Цэнтрам і абавязкова з Касмічным Дрэвам. Яшчэ кітайскі Фусі, як мы памятаем, паднімаўся па гэтаму дрэву на Неба. Сусветнае Дрэва — вось свету, глабальная яго мадэль, канцэнтраванае выяўленне ўсіх універсальных катэгорый, увасабленне зямной мудрасці. Можа быць, драконы таму ў цэнтры свету або трымаюць на сабе свет, як наш Вялес, што ў далекай старажытнасці (прыкладна дванаццаць тысяч год таму) сузор’е Дракона было цэнтрам бачнага з Зямлі неба. Акрамя таго, старажытныя людзі лічылі два канцы экліптыкі трансцэндэнтнымі месцамі жылля чалавечых душ. Прычым канец, размешчаны на поўначы, якраз у сузор’і Дракона, асацыіраваўся з выраем, а другі канец, што на поўдні, быў звязаны з падземны царствам памерлых [60, 562].
Дрэва — Касмічная Вось дазваляе нам зразумець унутраныя сэнсавыя пласты, што заключаны ў вобразе дракона. Рэптылія ахоўвала вось экліптыкі — Паўночны полюс, адсюль — і на Зямлі яна ахоўвае вось зямную — Сусветнае Дрэва. З гэтага пункту гледжання зразумела з’яўленне дракона або змея (Сатаны) ў выраі на Дрэве пазнання дабра і зла, якое з’яўляецца варыянтам Прадрэва. Увогуле ж, значэнне вобраза, можа быць, больш касмічнае, чым зямное.
Але нават у хрысціянскай сярэднявечнай Еўропе дракон — не толькі персаніфікацыя ліха як такога, але і зноў-такі сімвал цэлага, які злучае элементы паветра, агню, вады і зямлі [107, 85]. У кансерватыўнай Англіі, якая надзвычай беражліва ставіцца да свайго мінулага, чырвоны дракон да нашага часу з’яўляецца нацыянальнай эмблемай Уэльса, як і ў Кітаі. Дарэчы, назва Уэльс, безумоўна, паходзіць ад старажытнага еўрапейскага бога Вялеса-Велса-Уэльса.
Сучасная псіхалогія, ідучы ўслед за прыгожым пісьменствам, вызначае сімвал дракона як нешта кашмарнае, цяжкае, страшнае, што чалавеку абавязкова неабходна пераадолець. Інакш кажучы, толькі той, хто пераможа дракона, робіцца героем. Прычым дракон — не толькі нешта знешняе: самы жахлівы дракон — у самім чалавеку. На такім разуменні вобраза асноўваецца і сучаснае мастацтва. Успомнім хоць бы выдатную кінастужку знакамітага расійскага рэжысёра Марка Захарава «Забіць Дракона», створаную па п’есе савецкага пісьменніка Яўгена Шварца «Дракон». Канцэпцыя як літаратурнага твора, так і фільма, па вялікаму рахунку, — у межах міфалагічнага мыслення: ёсць небяспека, што той, хто заб’е дракона, сам робіцца драконам (вавілонскі бог Мардук, перамогшы дракона Тыямат, адначасова і разбуральніка, і стваральніка, сам робіцца драконам). Інакш кажучы, нават пераможанае зло нараджае іншае зло. Але, з другога боку, дракон сам сябе паглынае, як Ураборас. А гэта можна разумець і такім чынам: Прырода заваёўваецца толькі самой Прыродай… Дракон жа, безумоўна, найлепшае вобразнае ўвасабленне мудрай, разнастайнай, добрай і страшнай, непрадказальнай і цудоўнай Прыроды.