Выбрать главу

Другая назва тура — «бык» — мела і форму «бук». У цюркаў таксама ёсць «бука» (бык), што гаворыць пра вялікую старажытнасць слова, паколькі сустракаецца і ў індаеўрапейскіх, і ў цюркскіх мовах. Магутнае дрэва «бук» расце ў шмат якіх краінах, і ў Беларусі ёсць рэчка Буг, але такі ж гідронім сустракаецца ў іншых месцах Еўропы.

Ва Украіне быка называюць «вол». Гэты корань уваходзіць і у слова «буйвал» (у беларусаў — «бавол» [76, 11]). Першая частка слова «буйвал» таксама мае пэўны сэнс: у грэчаскай мове «bu» — «велізарны», «падобны да быка», у старажытнаславянскай мове «буй» — «мужны», у беларускай мове «буйны» — «вялікі», «бугай» — «бык». Акрамя таго, у беларусаў Буган — дух-апекун свойскай жывёлы (Пінскі, Слуцкі раёны). У «Слове пра паход Ігаравы» адзін з герояў твора, брат Ігара, — Усевалад — характарызуецца як «буй-тур». Магчыма, адсюль паходзіць імя Баян, беларускае «баяць» («буй-бай») і, можа быць, нават «бацька». Наяўнасць вялікай колькасці сінонімаў для абазначэння быка (а яшчэ ж — «зубр») гаворыць пра бясспрэчную старажытнасць культу быка ў беларусаў, увогуле, у арыйцаў.

З глыбокай старажытнасці паходзіць і іншы корань у мове — «go» — «гавяда»: пад такой назвай славяне разумелі быкоў і кароў. Але ў санкскрыце слова «go» азначала таксама і «неба», і «сонечныя промні», і «вочы», і «зямлю». Для арыйцаў свойская жывёла — галоўнае багацце. Карова і сёння ў Індыі — свяшчэнная істота. Але галоўнае не гэта, а тое, што адно слова сапраўды злучае зямное і нябеснае, азначае як практычна-матэрыяльнае, так і узвышана-паэтычнае. У старажытным помніку арыяў Ведах гаворыцца: «Ранішняя зорка выганяе на світанку сваіх белых кароў» [5, 157], пад якімі разумеліся воблакі. Такія параўнанні маглі ўзнікнуць толькі ў асяродку пастушацкіх плямёнаў — арыяў, якія, прасоўваючыся ў розных напрамках па Еўразіі, гналі перад сабою тысячныя статкі быкоў ды кароў. З касты пастухоў у арыйцаў пазней, калі яны аселі ў Індыі ды Іране, сфарміраваліся кулінары (забой, прыгатаванне ежы), рамеснікі (вырабы са скуры, косці), з цягам часу — купцы, нарэшце — тэхнічная інтэлігенцыя. Гэтая вышэйшая каста (саслоўе) вайшаў, якая дала столькі прафесій, існуе ў Індыі і сёння. Больш за тое, пастухі — яны ж і магі. Уласна слова «пас-тух» знакаміты рускі паэт Сяргей Ясенін паэтычна тлумачыў як «пас дух». «У старажытнасці, — пісаў ён, — ніхто не распараджаўся часам так свабодна, як пастухі. Яны былі першыя філосафы ды паэты, пра што гаворыць Біблія і апокрыфы іншых рэлігій. Уся язычніцкая вера ў перасяленне душ, музыка, песня… — усё вынікае з празрыстых пастушацкіх думак…» [39, 169].

Вярхоўныя жрацы, магі персаў, халдзеяў, этрускаў, славянскія вешчуны варажылі па костках свойскай жывёлы. Прадказанні рабіліся на аснове назіранняў за небам, на падставе снабачанняў, таксама ў значнай ступені і па паводзінах жывёл ды птушак. Нараджэнне знакамітага персідскага прарока Зараастра яшчэ за тры стагоддзі да падзеі прадказаў свяшчэнны бык, які раптам загаварыў чалавечым голасам. Выпадак, безумоўна, унікальны, выключны, але гаворка ж ішла пра будучага заснавальніка першай (менавіта так!) з сусветных рэлігій — зараастрызму.

Натуральна, што ўсе народы, якія разводзілі свойскую жывёлу, ушаноўвалі яе не толькі ў міфалогіі, магіі, касмагоніі, але і ў абрадах. На Далёкім Усходзе, дзе, уласна, і захаваўся да сёння жывёльны каляндар, здаўна самы ганаровы прыз пераможцам у спартыўных спаборніцтвах — бык. На Новы год у Карэі рабіліся драўляныя скульптуркі быкоў, якія выстаўляліся каля дарог. Такія бычкі — пажаданне будучага ўраджайнага года [47, 157]. Маленні пра ўраджай вясною суправаджаліся тэатралізаванымі прадстаўленнямі, дзе ўдзельнікі выступалі у масках быкоў ды кароў [47, 124]. Урачыстыя шэсці з быком практыкавалі і ў Кітаі [47, 103].

Выключным багаццем рытуалаў вызначаўся культ быка на востраве Крыт у ІІ тыс. да н. э., калі там квітнела высокаразвітая і ў многім надзвычай таямнічая цывілізацыя, — як гавораць сёння, — цывілізацыя нашчадкаў атлантаў. Тут на кожным кроку выявы быка ці яго рогі, — як бы напамін пра вялікі цыкл міфаў, звязаны з Зеўсам-быком, Еўропай, іх сынам — царом Крыта Мінасам, чалавека-быком Мінатаўрам, што жыў у Лабірынце… Магчыма, перамога Тэсея над Мінатаўрам сімвалізуе пераход кропкі веснавога раўнадзенства з сузор’я Цялка ў сузор’е Авена. Тым не менш, і пасля гэтай, выключна важнай касмічнай падзеі, культ быка ў Міжземнамор’і, у арыйцаў, у Егіпце і ў Азіі аставаўся. І невыпадкова: бык найлепш увасабляў зямную стваральную энергію. Нездарма на Крыце, які лічыўся «пупом Зямлі», нарадзіўся менавіта Зеўс і яго быкападобныя нашчадкі. Зеўс як вярхоўны бог у найбольшай ступені ўвасабляе цэнтр Сусвету, той пункт, у якім сыходзяцца ўсе супярэчнасці, ён — дух, заручаны з матэрыяй. Тое ж і Мінітаўр. Ён сімвалізуе надзвычай архаічную культуру, у якой духоўнае аб’ядноўвалася з жывёльным і набывала сакральны характар. Сёння міфолагі ды псіхааналітыкі тлумачаць Лабірынт як месца, дзе юнакі і дзяўчаты праходзілі ініцыяцыю (у міфе іх прыносілі Мінатаўру ў ахвяру). Паводле неаплатонікаў, лабірынт — грэхападзенне. Адпаведна выхад з яго, які ўдаўся Тэсею з дапамогай закаханай у яго Арыядны, — вяртанне да духоўных каштоўнасцей. Сапраўды, падарунак Арыядны — клубок нітак — сімвал магутнай сілы кахання [6, 157].