Гэтае здарэнне ўскалыхнула ўвесь Ултар. Каранёр Затх горача спрачаўся з хударлявым натарыусам Нітам, а Крэнана, Шанга і Тхула засыпалі пытаннямі. Распыталі таксама маленькага Атала, сына карчмара, узнагародзіўшы яго пасля салодкімі ласункамі. Гараджане яшчэ доўга ўспаміналі старога арандатара, і ягоную жонку, і караван цемнатварых вандроўнікаў, і маленькага Менеса з чорным кацянём, і малітву хлопчыка, і тое, што дзеялася ў небе падчас малітвы, і таемнае знікненне катоў пасля сыходу вандроўнікаў, і таксама тое, што неўзабаве знайшлі ў змрочнай хаціне пад дрэвамі ў глыбіні агіднага двара.
І ўрэшце гараджане прынялі цудоўны закон, пра які цяпер гавораць гандляры з Хатэга і пра які спрачаюцца вандроўнікі ў Ніры, – закон горада Ултар, які сурова забараняе забіваць катоў.
Ньярлатхатэп
Ньярлатхатэп… Паўзучы хаос… Я апошні… Я прамаўляю да пустэчы, якая здольная чуць…
Не памятаю дакладна, калі ўсё гэта пачалося, – напэўна, некалькі месяцаў таму. Агульнае напружанне было жахлівым. Гэта быў час палітычных і сацыяльных узрушэнняў, і чалавецтва было ахопленае прадчуваннем пагрозы, спачатку глухой і невыразнай, але спакваля адчуванне небяспекі пашыралася і рабілася ўсёабдымным – небяспекі жудаснай, пякельнай, якая можа прымроіцца хіба ў жахлівых снах. Я помню, як людзі блукалі ў неспакоі, са збялелымі тварамі, і шапталі злавесныя прароцтвы, якія ніхто не асмельваўся вымавіць на поўны голас і ўсвядоміць іх сэнс. Цяжар недаравальнай віны прыгнятаў маю краіну – а з зорнай бездані дзьмуў ледзяны вецер, халодзячы душы простых смяротных, якія курчыліся ад жаху ў сваіх цёмных адасобленых сховішчах. І была пачварная змена ў порах году, і ўвосень надзвычай доўга трымалася ненатуральная гарачыня, і кожны з нас адчуваў, што свет – а магчыма, і ўвесь Сусвет – больш не падпарадкоўваецца волі старых багоў, пераходзячы пад уладу багоў іншых, невядомых.
І тады Ньярлатхатэп выйшаў з Егіпта. Хто ён такі, не ведаў ніводзін са смяротных, вядома было толькі, што ён старажытнай і высакароднай крыві і выглядае як фараон. Фелахі кленчылі, калі бачылі яго, хоць і не маглі растлумачыць прычыну гэтай пашаны. Казалі, быццам ён паўстаў з цемры дваццаці сямі стагоддзяў, каб прынесці людзям вестку з іншых, незямных, абшараў. Ньярлатхатэп, цемнатвары, станісты і велічны, вандраваў па краінах, якія лічыліся цывілізаванымі, і ўсюды набываў дзіўныя прылады са шкла і металу, ператвараючы іх у прылады яшчэ больш дзіўныя. Ён шмат казаў пра навукі, якія тлумачылі прыроду электрычнасці і чалавечай падсвядомасці, і тварыў цуды, і кожны, хто бачыў іх, сыходзіў агаломшаны, і слава Ньярлатхатэпа ўзрастала і грымела па ўсёй зямлі. Людзі дрыжалі перад імем ягоным, але прагнулі яго пабачыць. І там, дзе з’яўляўся Ньярлатхатэп, не было больш сну і спакою, і ноч раздзіралі немыя крыкі, бо тых, хто спаў, мучылі жахлівыя мроі. Начныя кашмары зрабіліся сапраўдным бедствам, і некаторыя мудрацы разважалі, ці не варта ўвогуле забараніць людзям спаць уначы, каб іх дзікі лямант не парушаў спакою гэтай блаславёнай часіны, калі бледная поўня глядзіцца ў смарагдава-чорнае люстра віроў пад мастамі, а высокія спічакі старажытных званіц спяць і мрояць у чарноцці нябёс.
Я памятаю, як Ньярлатхатэп прыйшоў у наш горад – вялізны, стары і жахлівы горад незлічоных злачынстваў. Мой сябар казаў мне пра яго і расказваў пра яго адкрыцці, нечувана натхняльныя і прывабныя, і я знемагаў ад спакусы далучыцца да гэтых дзівосных таямніц. Сябар папярэдзіў, што мяне чакае штосьці настолькі жудаснае і пачварнае, што нават я са сваёй хваравітай фантазіяй не ў стане ўявіць: відарысы, якія паўстаюць на сцяне ў прыцемненым пакоі, – прароцтвы, што немагчыма атрымаць ад ніводнага празорцы, апроч Ньярлатхатэпа, і што ў спакуслівым віраванні іскраў ён адбірае ў людзей тое, што яшчэ ніводная сіла не здольная была адабраць. І паўсюдна чуў я, быццам той, хто спазнаў Ньярлатхатэпа, сузірае відзежы, утоеныя ад недасведчаных.
У гэтую спякотную восень ішоў я скрозь ноч разам з узрушаным натоўпам, каб пабачыць Ньярлатхатэпа, скрозь душную ноч уверх па бясконцых прыступках, па лесвіцы, якая вяла ў прыцемнены пакой. І на сцяне паўсталі туманныя відзежы – постаці ў капелюшах, якія блукалі сярод руін, і лютыя жаўтлявыя абліччы, якія луналі па-над разбуранымі помнікамі. І я ўбачыў, як чалавецтва адчайна змагаецца з цемрай, з разбуральнымі хвалямі, што абрынаюцца з міжзорных абшараў, і віраць, кружаць, лютуюць наўкруг цьмянага астылага сонца. А потым іскры заскакалі ў дзіўным танцы вакол галоваў гледачоў, і валасы ва ўсіх усталі дыбарам, і цені, невымоўна пачварныя, зайшлі і паселі на чалавечых галовах. Я – мабыць, самы стрыманы і адукаваны з усіх – пачаў быў пратэставаць, бязладна мармычучы штосьці пра махлярства і статычную электрычнасць, але Ньярлатхатэп выгнаў нас прэч, пад зыбкія зоры, у волкую спякотную ноч, на спусцелыя вуліцы. І я голасна закрычаў, што мне не страшна, што мне ні на хвіліну не зрабілася страшна, і астатнія крычалі разам са мною, каб суцешыцца. І мы кляліся адно аднаму, што горад не змяніўся ні на каліва, што ён не загінуў. І нават калі святло пачало цьмянець, мы адно лаялі электрычную кампанію, і жартавалі, і смяяліся, нібы вар’яты.