Выбрать главу

Я вырашыў, што гэта найвышэйшае месца замка, і пабег быў наверх па сходах, аднак раптам месяц схаваўся за хмарай, і я, спатыкнуўшыся, пайшоў павольней. Калі я падняўся да кратаў, было ўсё яшчэ вельмі цёмна. Я асцярожна крануў іх – незамкнутыя. Аднак адчыняў я іх вельмі павольна, бо баяўся ўпасці з такой вышыні. З-за хмары зноў вызірнуў месяц.

Нічога падобнага я не чакаў і таму не мог паверыць у тое, што ўбачыў. Нішто з таго, што здаралася са мной дагэтуль, нельга было параўнаць з тым, што я бачыў цяпер: усё было да жахлівага цудоўна. Відарыс быў просты і адначасова чароўны: вакол мяне распасціраліся не бясконцыя да млоснасці вяршыні дрэваў, што я бачыў з замка, а даліна з мармуровымі калонамі і руінамі. Непадалёк месцілася старажытная царква, і яе паўразбураны шпіль блішчэў у святле месяца.

Амаль непрытомны ад убачанага, я адчыніў браму і паволі выйшаў на сцежку белага жвіру, што кіравала ў двух напрамках. Розум працаваў хаатычна, але мая прага святла не змяншалася. Нават фантастычны краявід, што мяне ўразіў, не мог перабіць гэтае прагі. Я не ведаў, дый не задумваўся, было ўбачанае трызненнем вар’ята, сном або магіяй, а проста вырашыў любой цаной любавацца раскошай і красой навокал. Я не ведаў ані таго, кім або чым быў, ані таго, што мяне атачае, і марудна крочыў наперад, заўважаючы, што памяць пачала прыгадваць нешта, чаго я ведаць не мог. Я прайшоў пад аркай, пакінуўшы пліты і калоны ззаду, і апынуўся ў чыстым полі. Часам дарога была бачная, а часам хавалася ў траве, і толькі руіны падказвалі, што раней дзесьці тут быў гасцінец. Я нават пераплыў раку, дзе вялізныя заімшэлыя камяні нагадвалі, што калісьці тут быў мост.

Мінула, мабыць, дзве гадзіны, і я апынуўся ля таго, што, магчыма, было маёй мэтай – пакрытага плюшчом замка ў моцна зарослым парку, да болю знаёмага і адначасова абсалютна чужога. Я ўбачыў, што роў вакол замка поўны вады, а некалькі раней знаёмых мне вежаў стаяць разбураныя, затое да асноўнага будынка далучаныя новыя крылы. Але мяне найбольш цікавілі адчыненыя вокны: з іх лілося святло і чуліся гукі шумнае вечарыны. Падышоўшы да аднаго, я зазірнуў туды і ўбачыў дзіўна апранутых людзей, якія весяліліся і размаўлялі. Дагэтуль я ніколі не чуў чалавечага голасу, таму амаль не разумеў, пра што ідзе гаворка. Некаторыя твары чамусьці падаліся мне крыху знаёмымі, іншых я зусім не ведаў.

Я ўвайшоў праз адчыненыя шкляныя дзверы ў ярка асветлены пакой, пераступіўшы тым самым праз сваё адзінае добрае перажыванне, каб абрынуцца ў прадонне найпакутнейшага адчаю. Кашмар пачаўся амаль адразу, бо не паспеў я ўвайсці, як у зале адбылося нешта жахлівае. Усе прысутныя пачалі лямантаваць, твары іх крывіліся грымасамі страху. У паніцы яны пабеглі з пакоя, некалькі чалавек знепрытомнелі, упалі на падлогу, і іх давялося цягнуць да выхаду. Многія закрывалі вочы рукамі, беглі наўслеп, пераварочвалі мэблю, натыкаліся на сцены і з цяжкасцю знаходзілі дзверы.

Гэта быў агульны шок. Я стаяў у ярка асветленым пакоі адзін, ашаломлены, слухаючы крыкі, што паволі знікалі ўдалечыні, і дрыжаў, спрабуючы здагадацца, што ж такое жахлівае знаходзіцца побач. На першы погляд пакой падаваўся абсалютна пустым, але калі я накіраваўся да аднаго з альковаў, то пачуў, быццам там нехта ёсць – хтосьці рушыў праз залатую арку дзвярэй, што вялі да іншага пакоя, вельмі падобнага да гэтага. Падыходзячы да аркі, я ўсё мацней адчуваў прысутнасць гэтае істоты, а потым, выдаўшы першы і апошні ў маім жыцці гук – пудлівае крактанне, якое напалохала мяне не менш за тое, што яго выклікала, – я ў поўны рост убачыў жудасную, неапісальную, страхотную пачвару, якая адным сваім выглядам ператварыла вясёлы натоўп у статак напалоханых уцекачоў.

Я не ў стане нават расказаць, як яна выглядала, бо гэта была мяшанка з усяго бруднага, жахлівага, непагляднага, ненармальнага ды пачварнага, сумесь гніення, старызны і распаду, агідны прывід непатрэбшчыны, гідкае стварэнне, якое ніколі не мусіла з’явіцца на зямлі. Гэта было нешта не з гэтага свету, аднак я з жахам убачыў у яго згнілых рысах падабенства да чалавечае істоты і разам з тым здзек з чалавека, а ў яго цвілым вобліку – нейкую невымоўную якасць, якая спалохала мяне яшчэ больш.

Мяне амаль спаралізавала, хаця я нават не вельмі ўдала паспрабаваў біцца з гэтым страхоццем. Але я не здолеў разбіць чорныя чары безгалосага кашмару, што трымалі мяне пры монстры. Мае вочы не маглі адарвацца ад бязбровых шклопадобных шароў, якія неадрыўна глядзелі на мяне не міргаючы. Дзякуй Богу, пасля першага шоку мае зрэнкі заслаў нейкі змрок, і я не мог дакладна бачыць пачвару. Я паспрабаваў узняць руку, каб цалкам засланіць вочы, аднак быў настолькі ўражаны, што рука не слухалася. Праз гэта я страціў раўнавагу і вымушаны быў зрабіць некалькі крокаў наперад, каб не ўпасці. Я адчуў страшную блізкасць монстра, мне нават падалося, што я чую ягонае дыханне. Я амаль звар’яцеў, але здолеў выставіць наперад руку, каб адпіхнуць пачвару, якая была так блізка, – і ў гэты момант, самы жудасны момант майго жыцця, мае пальцы дакрануліся да халоднай лапы монстра, што схаваўся пад залачонай аркай.