Герберт Ўэст, рэаніматар
I. З цемры нябыту
Пра Герберта Ўэста, з якім мы пазнаёміліся яшчэ ва ўніверсітэце і сябравалі доўгі час, я магу казаць толькі з пачуццём неймавернага жаху. Прычынай гэтага жаху сталі не толькі жудасныя акалічнасці яго нядаўняга знікнення, але і наогул усё, чым ён займаўся ў апошні час. Пачалося гэта сямнаццаць гадоў таму, калі мы вучыліся на трэцім курсе медыцынскага факультэта Міскатоніцкага ўніверсітэта, што ў горадзе Аркхэм. Тады я быў проста зачараваны Ўэстам, дакладней яго дзіўнымі і нялюдскімі эксперыментамі, і ўрэшце зрабіўся яго найбліжэйшым паплечнікам. Але пасля таго як ён знік, чары развеяліся, і цяпер мне па-сапраўднаму страшна. Успаміны аб тым, што адбылося, і здагадкі пра тое, што можа здарыцца, палохаюць мяне нават больш, чым рэчаіснасць.
Увесь час нашага сяброўства быў адзначаны чарадой неапісальных па жудасці падзей, і самая першая з іх зрынула мяне ў такі шок, што я дагэтуль стараюся лішні раз пра яе не ўспамінаць. Як я ўжо казаў, здарылася гэта падчас нашага навучання на медыцынскім факультэце, дзе Ўэст ужо здабыў сабе ліхую славу праз свае вар’яцкія ідэі аб прыродзе смерці і магчымасці яе пераадолення штучнымі сродкамі. Тэорыя Ўэста, якую бязлітасна высмейвалі і студэнты, і выкладчыкі, грунтавалася на вучэнні пра механістычную сутнасць жыцця. З яе вынікала, што цела чалавека – штосьці накшталт машыны, якой можна кіраваць з дапамогай хімічных рэагентаў пасля таго, як натуральныя працэсы ў арганізме згаснуць. Эксперыментуючы з размаітымі ажыўляльнымі рэчывамі, Ўэст звёў са свету процьму трусоў, марскіх свінак, катоў, сабак і малпаў, праз што яго ўрэшце зненавідзеў увесь факультэт. Часам паддоследныя жывёлы – меркавалася, што яны мёртвыя – сапраўды пачыналі паказваць прыкметы жыцця, прычым некаторыя экзэмпляры паводзілі сябе даволі буяна. Неўзабаве Ўэст усвядоміў, што вывучэнню і ўдасканаленню гэтага працэсу ён мусіць прысвяціць усё сваё жыццё. Таксама ён зразумеў, што ягоны рэагент неаднолькава дзейнічае на розныя арганізмы, таму дзеля чысціні эксперыменту і далейшага прагрэсу ажыўляльнае рэчыва неабходна выпрабаваць на чалавеку. Менавіта з гэтай прычыны ў яго пачаліся звадкі з кіраўніцтвам факультэта, і справа скончылася тым, што яму сурова забаранілі займацца даследніцкай дзейнасцю. Гэта быў загад дэкана медыцынскага факультэта, доктара Алана Холсі, асвечанага і найдабрэйшага чалавека, чыё самаадданае служэнне хворым і нямоглым аж дагэтуль з падзякай згадваюць аркхэмскія старажылы.
Да вынаходстваў Ўэста я заўсёды ставіўся памяркоўна, і мы з ім часта дыскутавалі пра ягоныя тэорыі з іх безліччу адгалінаванняў і мажлівасцяў. Пагаджаючыся з вучэннем Гекеля пра тое, што жыццё ёсць сукупнасцю хімічных і фізічных працэсаў, а гэтак званая «душа» – міф, мой сябар меркаваў, што штучнае ажыўленне памерлых залежыць толькі ад стану тканак, і калі цела яшчэ не пачало раскладацца і ўсе ўнутраныя органы на месцы, то, ужыўшы адпаведныя сродкі, яго можна вярнуць да своеасаблівага стану, вядомага пад назвай «жыццё». Натуральна, Ўэст усведамляў, што нават нязначнае пашкоджанне далікатных мазгавых клетак у першыя хвіліны смерці можа выклікаць парушэнне псіхікі і інтэлекту паддоследных. Спачатку Ўэст хацеў вынайсці рэагент, які вяртаў бы аб’екту жыццёвую энергію яшчэ да надыходу смерці, але пасля шэрагу няўдалых эксперыментаў на жывёлах ён пераканаўся, што натуральныя і штучныя праявы жыцця несумяшчальныя. Затым, зразумеўшы, што для ўдалага эксперыменту аб’ект мусіць быць як мага больш свежым, Ўэст пачаў уводзіць рэагент у кроў паддоследных адразу ж пасля іх скону. Менавіта гэтая акалічнасць прымусіла прафесуру так скептычна паставіцца да ягоных даследаванняў: вучоныя мужы палічылі, што аб’екты мёртвымі насамрэч не былі. Як бы там ні было, за дзейнасцю Ўэста працягвалі пільна і прыдзірліва назіраць.
Неўзабаве пасля таго як кіраўніцтва факультэта забараніла Ўэсту займацца навуковай працай, ён паведаміў мне, што мае намер здабываць свежыя чалавечыя целы, чаго б гэта яму ні каштавала, і працягваць свае даследаванні таемна, калі ўжо яго пазбавілі магчымасці рабіць гэта адкрыта. Слухаючы яго, я пачуваўся ніякавата, бо падчас навучання на факультэце нам ніколі яшчэ не даводзілася набываць анатамічныя прэпараты самастойна. Калі ва ўніверсітэцкім моргу не хапала трупаў, іх дастаўку забяспечвалі два тутэйшыя мурыны, якім не задавалі лішніх пытанняў. У тыя часы Ўэст быў маленькім і кволым юнаком у акулярах, з тонкімі рысамі твару, жаўтлявымі валасамі, бледна-блакітнымі вачыма і ціхім голасам, і трохі дзіўна было чуць, як ён параўноўвае вартасці цвінтара каля царквы Збаўцы і могілак для жабракоў. Нарэшце мы вырашылі скарыстацца жабрацкімі могілкамі, таму што амаль усіх наўцоў з царкоўнага цвінтара бальзамавалі, пасля чаго яны рабіліся цалкам непрыдатнымі для даследаванняў Ўэста.