Я надзвычай старанна сачыў за сваім узростам аж да дзён і гадзін, бо кожны ўзмах маятніка масіўнага гадзінніка ў бібліятэцы адбіраў істотную частку майго выклятага існавання. Нарэшце наблізіўся час, якога я так доўга і трывожна чакаў. Паколькі жыццё большасці маіх продкаў абрывалася незадоўга да дакладнага ўзросту графа Анры, у якім яму прыйшоў канец, я штохвіліны чакаў смерці. Я не ведаў, у якой дзіўнай форме праклён мусіў дагнаць мяне, але пастанавіў, што прынамсі не стану для яго баязлівай і пакорлівай ахвярай. І я з новым імпэтам вярнуўся да даследавання старога замка і таго, што ў ім знаходзілася.
У часе адной з найдаўжэйшых вылазак у закінутую частку замка, менш чым за тыдзень да фатальнай гадзіны, што мусіла пакласці канец майму знаходжанню на зямлі і пасля якой мне больш не давялося б дыхаць паветрам, адбыўся кульмінацыйны момант усяго майго жыцця. Я правёў большую частку раніцы, узбіраючыся і спаўзаючы напаўразваленай лесвіцай у адной з найбольш разбураных старажытных вежаў. За дзень я агледзеў ніжнія паверхі і спусціўся ці то ў сярэднявечную вязніцу, ці то ў выкапаны пазней склад для пораху. Калі я паволі ішоў пакрытым салетрай праходам ля падножжа апошняй лесвіцы, брук зрабіўся вельмі вогкім, і ў мігатлівым святле паходні я ўбачыў, што дарогу мне перагарадзіла пустая, набрынялая вадой сцяна. Я сабраўся вяртацца, і тут мой позірк упаў на маленькі люк з кольцам проста пад нагой. Я спыніўся і не без цяжкасці адчыніў яго. Вачам адкрылася чорная дзіра, з якой ішлі атрутныя газы. Паходня затрашчала, і ў яе няроўным святле я ўбачыў каменныя прыступкі, што спускаліся долу.
Я апусціў паходню ў агідную яміну і, як толькі агонь разгарэўся, пачаў спускацца. Прыступак было шмат і вялі яны да вузкага, выкладзенага каменнымі плітамі праходу, які, як я ведаў, мусіў знаходзіцца глыбока пад зямлёй. Праход аказаўся надзвычай доўгім і скончыўся масіўнымі дубовымі дзвярыма, пакрытымі вільгаццю. Усе мае спробы адчыніць іх плёну не далі. Я кінуў старацца і пайшоў назад да лесвіцы.
І тут я перажыў адно з найбольшых і здольных давесці да вар’яцтва ўзрушэнняў, на якія толькі здатны чалавечы розум. Цяжкія дзверы за маёй спінай раптам зарыпелі ржавымі петлямі і пачалі адчыняцца. Я не здолею апісаць мае адчуванні ў той момант. Сутыкненне ў абсалютна бязлюдным месцы, якім я лічыў стары замак, са знакам прысутнасці чалавека ці прывіду прывяло мяне ў стан неапісальнага па вастрыні жаху. Калі я ўрэшце павярнуўся і зірнуў, адкуль ішоў гук, мае вочы ледзь не павыляталі з вачніц ад таго, што я ўбачыў.
Там, у праёме старажытных гатычных дзвярэй, стаяла чалавечая фігура. Гэта быў мужчына ў ярмолцы і доўгай цёмнай сярэднявечнай туніцы. Яго валасы і барада былі страшныя, чорныя як смоль і неверагодна густыя. Незвычайна высокі лоб, глыбока запалыя і выразна акрэсленыя зморшчынамі шчокі і доўгія, падобныя да клюшняў сукаватыя рукі былі такой смяротна-мармуровай белізны, якой я не бачыў ні ў кога. Яго фігура, худаватая адносна прапорцый шкілета, была незразумела ссутуленая і амаль гублялася сярод прасторных складак незвычайнага ўбрання. Але больш за ўсё ўражвалі вочы – дзве змрочныя бяздонныя пячоры, у якіх чыталіся мудрасць, разуменне і адначасова нялюдская злосць. У гэты момант яны былі скіраваныя на мяне, халодзячы душу нянавісцю і прыкоўваючы да месца, дзе я стаяў.
Урэшце фігура загаварыла, і мяне працяў холад ад глухога гулу яе грымотнага голасу і затоенай у ім нянавісці. Размова ішла на вульгарнай лаціне, якой карысталіся ў Сярэднявеччы людзі з сякой-такой адукацыяй, а я пазнаёміўся з ёй, калі доўга вывучаў працы старадаўніх алхімікаў і дэманолагаў. Здань казала пра праклён, які вісеў над маім родам, апавядала пра мой хуткі канец, шмат увагі аддаўшы крыўдзе, якую ўчыніў мой продак старому Мішэлю Мавэ, і цешылася помсце Шарля Ле Сарсье. Яна расказала, як малады Шарль знік у ночы і вярнуўся праз шмат гадоў, каб стралой забіць Годфры, спадчынніка графа, калі той наблізіўся да бацькавага ўзросту ў момант забойства, як патаемна вярнуўся да замка і, нікім не пазнаны, уладкаваўся ва ўжо пакінутым тады пакоі, у праходзе якога стаяў цяпер жахлівы апавядальнік, як пасля нагнаў у полі трыццацідвухгадовага Рабэра, сына Годфры, сілай уліў яму ў горла атруту і пакінуў паміраць, выконваючы страшную ўмову свайго крыважэрнага праклёну. Найбольшая загадка – як праклён здзяйсняўся, калі жыццё Шарля Ле Сарсье мусіла так ці іначай абарвацца, – засталася на водкуп маёй фантазіі, бо гэты чалавек пераскочыў да апісання выдатных поспехаў у алхіміі двух чарадзеяў, бацькі і сына. Больш за ўсё ён казаў пра пошукі Шарлем Ле Сарсье эліксіру, які б даў таму, хто яго прыме, вечныя жыццё і маладосць.