У гэты момант здавалася, што захапленне заступіла чорную нянавісць у яго жахлівых вачах, якая так гняла мяне спачатку, але раптам д’ябальскі бляск вярнуўся, і з дзіўным змяіным сыкам чужаніца выцягнуў шкляную бутэлечку, відавочна хочучы пакласці канец майму жыццю гэтак жа, як Шарль Ле Сарсье шэсцьсот гадоў таму паклаў канец жыццю майго продка. Рэшта пачуцця самазахавання раптам прымусіла мяне скінуць чары, што дагэтуль не давалі мне нават варухнуцца, і я кінуў паходню, якая ўжо згасала, у істоту, што пагражала майму жыццю. Я пачуў, як бутэлечка разбілася аб камень. У той жа момант вопратка незвычайнага чалавека загарэлася і страшным ззяннем асвяціла жудасную сцэну. Мае і без таго напружаныя нервы не вытрымалі крыку, поўнага страху і бездапаможнай злосці, які выпусціў той, хто хацеў мяне забіць. Я знепрытомнеў і ніцма ўпаў на слізкую падлогу.
Калі адчуванні нарэшце вярнуліся да мяне, навокал была непраглядная цемра, і мой розум здрыгануўся ад думкі, што яшчэ я магу ўбачыць. Але цікаўнасць брала сваё. Кім, пытаў я сябе, быў гэты пачварны чалавек і як ён апынуўся ў замкавых сценах? Нашто яму помсціць за смерць Мішэля Мавэ і як праклён пратрываў столькі доўгіх стагоддзяў з часоў Шарля Ле Сарсье? Шматгадовы страх адпусціў маё сэрца: я ведаў, што пагроза праклёну ішла ад таго, каго я збіў з ног. Цяпер я быў вольны і гарэў жаданнем дазнацца больш пра жорсткую істоту, што стагоддзямі пераследавала мой род і ператварыла маю маладосць у няспынны кашмар. Поўны жадання ва ўсім разабрацца, я абмацаў кішэні ў пошуку крэмню і крэсіва і запаліў запасную паходню.
Новае святло адразу ж выхапіла з цемры скрыўленую і счарнелую фігуру таямнічага незнаёмца. Яго жахлівыя вочы цяпер былі заплюшчаныя. Я адвярнуўся ад брыдкага відовішча і зайшоў у залу за гатычнымі дзвярыма. Там было нешта вельмі падобнае да лабараторыі алхіміка. У адным куце ляжала вялізная груда бліскучага жоўтага металу, які чароўна зіхацеў у святле паходні. Гэта магло быць і золата, але я не спыніўся спраўдзіць, бо быў пад дзіўным уражаннем ад таго, што мне давялося перажыць. У дальнім канцы памяшкання зеўраў пралом, які вёў вонкі ў адзін са шматлікіх здзічэлых равоў на лясістым схіле. Моцна здзівіўшыся, але разумеючы цяпер, як гэты чалавек прабіраўся ў замак, я пайшоў назад. Я намерваўся прайсці міма парэшткаў незнаёмца, не гледзячы на яго, але калі я наблізіўся да цела, мне падалося, што ад яго даносяцца слабыя гукі, быццам жыццё яшчэ не канчаткова яго пакінула. Аслупянелы, я павярнуўся, каб агледзець асмаленую і пакарабачаную фігуру на падлозе.
І тут жудасныя вочы, чарнейшыя за апечанае аблічча, шырока раскрыліся ў выразе, які я не здолеў растлумачыць. Патрэсканыя губы сіліліся вымавіць словы, але я не мог іх зразумець. Адзін раз я разабраў імя Шарля Ле Сарсье, і яшчэ мне пачуліся словы «гады» і «праклён», вымаўленыя перакрыўленымі вуснамі. Але я ўсё адно не мог схапіць сутнасці яго бязладнай мовы. Паколькі я відавочна нічога не разумеў, смалістыя вочы зноў успыхнулі нянавісцю, а я тым часам дрыжаў, гледзячы на свайго бездапаможнага ворага.
Раптам бядак, ажыўлены апошнім усплёскам сілы, узняў сваю жалю вартую галаву з мокрага, залітага вадой бруку. Пакуль я быў паралізаваны страхам, да яго вярнуўся голас, і на апошнім дыханні ён пракрычаў словы, якія дагэтуль не даюць мне спакою ні ўдзень, ні ўначы.
– Дурань! – крычаў ён. – Няўжо ты так і не зразумеў маёй таямніцы? Ці ж ты не маеш глуздоў, каб дацяміць, з чыёй волі шэсць доўгіх стагоддзяў страшны праклён трымаецца над тваім домам? Ці не казаў я табе пра эліксір вечнага жыцця? Ці не ведаеш ты, як развязаўся сакрэт алхіміі? Дык кажу табе, гэта я! Я! Я – той, хто шэсць стагоддзяў жыў дзеля помсты, бо я – Шарль Ле Сарсье!