Выбрать главу

Калі выпілі яшчэ па чашы-другой (за здароўе Міндоўга, за князя Ізяслава i навагародцаў) i перабілі голад, міжволі загудзелі, успамінаючы сённяшнюю бітву (князь Даніла добра адпіваў з чашы, але не п'янеў, быў лагодны, дворскі Андрэй толькі прыгубліваў, Міндоўг сёння, як ніколі, прыглядаўся да яго, Усяслава, i ўхіляўся асушваць чашу да канца, хоць яму нялёгка было ўстояць перад Данілавым прымусам). Усяслава не чапалі, дык ён пацягваў крыху i, як дворскі Андрэй, маўчаў ды пазіраў за ўсімі.

— Я i кажу Расціславу Міхайлавічу,— вось, скідаючы з сябе пясцовае футра i выціраючы ручніком з высокага лба пот, загаварыў ахмялелы i радасны Данілаў канцлер i захавальнік пячаткі Кірыла, які перад бітвай ездзіў «править посольство» у стан чарнігаўскага князя.— «Доколе будешь аки пес? Пошто землю Даниила повоевал, с тестем своим угорьским Перемышль отъял? Возмездие творишь за наше добро, за то, что князь Даниил в свое время спас тебя от короля угорьского? Или за то, что тебя из ляхов вывели, когда ты туда утек от Батыги? Князь Даниил тебе же Луческ дал, отца твоего звал в Киеве сидеть! Галич отнять хочешь? Но то отчина князя Даниила!..»

Высокі i плячысты, падпіты i ўзбуджаны княжыч Леў, які сёння ўпершыню нароўні з усімі біўся плячо ў плячо з ворагам, па-юнацку зацешыўся:

— Ну, а ён што?

— А ён — гардавус! Хмурыцца: кажы ўсё, што табе князь Данііл загадаў сказаць. Я i кажу яму: добры i міласэрны наш уладар, толькі ты — крамольнік i непачцівец. Ворагаў навёў на Бацькаўшчыну! Скажы ім. каб ішлі за Гарбы, а сам упадзі на калені перад царом[30] нашым! Ты ж — яго сынавец! Родная кроў!

Зноў узнёслы Леў:

— А ён?

— А ён фанабэрыцца: скажы свайму князю, што не буду пад яго рукою! I міласціны — Лyчаска — мне не трэба. Яго i Галіч сабе мячом вазьму!

— Акі пёс!— абурана ўсклікнуў княжыч, сёння зусім не асцерагаючыся выскакаць паперадзе бацькі-князя: той звычайна не дазваляў лішняга нават сваім дзецям, пільна сачыў, каб ва ўсім першае слова было толькі ягонае. Цёпла блішчэлі вочы i ў таўстуна Васількі, які быў верны брату i любіў пляменнікаў, як родных дзяцей.

Стары, сівы як лунь Данілаў пястун ваявода Міраслаў не стрымаўся:

— Клятае Альговічава семя!

Кірыла:

— Правучыў князь Данііл неслуха i яго хцівага цесця!

— Не забывайце, другі мае, што нам князь Мендог i ваявода Усяслаў памаглі,— зычліва ўсміхнуўся той, цешачыся i ад сённяшняй перамогі i цяперашніх ушанавання ды ліслівасці.

— Князь Ізяслаў зусім малую сілу прыслаў! — зноў даў волю свайму настрою княжыч Леў.— Гэта — непавага да нас! А князь Мендог вельмі позна прыйшоў!

— Лепш мала, чым ніяк, сын мой,— лагодна прамовіў бацька-князь.— Лепш позна, чым ніколі. Прыйшлі памагчы ў бядзе — дзякуй вялікі за гэта.

Кірыла:

— Ваявода Усяслаў вельмі сумны. Не п'е зусім.

Княжыч Леў:

— Ваявода хітры!

— Не трэба, другі,— сказаў Даніла.— У ваяводы Усяслава гора вялікае. Ды яму перад вачыма грознымі князя Ізяслава трэба паўстаць.— Паклаў важкую руку яму на плячо.— Трэба памагчы табе, дружа.— I дворскаму: — Андрэй Іванавіч, ты не п'еш i мала ясі, дык табе легка пакінуць наш nip i адлучыцца. Будзь ласкаў, знайдзі пісара i складзі ад майго імя грамату князю Ізяславу. Няхай княскі гнеў не ўпадзе на нашага добрага друга.

Дворскі паслухаў, выйшаў.

— Налівай, віначэрп! — зноў загадаў князь Даніла, але на гэты раз сам, як i Усяслаў, а за ім i Міндоўг, толькі памачыў вусны.

— Цар наш,— калі ўсе выпілі, падняў цёмныя вочы на Данілу Кірыла.— Дазволь мне слова сказаць князю Мендогу.

— Гавары, канцлер,— дазволіў той (можа, i па загадзя дамоўленай змове: на піры-балі заўсёды ды яшчэ пры такіх асобах ёсць тайныя замыслы).

— Ты, уладар, добры i шчодры, ты дзякуеш князю Мендогу нават за тое, што ён прыйшоў напрыканцы бою,— сказаў Кірыла.— Мы,— абвёў позіркам сваіх баяраў,— хочам запытаць, чаго прыйшоў сюды князь Мендог? Убачыць нас пабітымі? Ці зазірнуў на разведку?

вернуться

30

Ужо ў XII стагоддзі асобныя вялікія кіеўскія князі спрабавалі іменаваць сябе якраз так.