Выбрать главу

Усяслаў адразу ж не толькі ўсё адчуў, але i зразумеў: не дае спакою Данілу ўлада i слава Уладзіміра, сына Святаслававага, карціць-рупіць стаць царом усіх праваслаўных i бліжэйшых неправаслаўных ці яшчэ нехрышчоных зямель. Каб у свой час не асадзіў Батый, дык, мабыць, з-за гэтага зноў бы палілася кроў людская, запалалі б весі i гарады на вакольных абшарах, зноў бы, і, канечне ж, найперш дасталося б здаўна непакорным Полацку i Менску...

— Чуеш? — запытаў Даніла i такім голасам, што не было ніякага сумнення: любую спробу Навагародка да волі будзе душыць у зародку. I найпершая кара — яму, Усяславу.

— Чую,— адказаў ён. З тонам пакорлівасці.

Даніла адхіліў яго i, не выпускаючы руку, сказаў уголас, каб чуў Міндоўг:

— За службу верную, за сённяшнюю помач дзякую. Дворскі к вашаму ад'езду падрыхтуе князю i табе гасцінец.

— Дзякую, князь,— намагаючыся з усяе сілы захаваць спакой, прамовіў Усяслаў.— Будзь здаровы i не трымай да нас лішняга недаверу. А цяпер дазволь развітацца. Мне ўжо хутка ў дарогу.

— Ідзі, з мірам,— адпусціў ягоную руку Даніла, але калі памкнуўся пайсці i Міндоўг, затрымаў таго.— Пасядзім яшчэ, брат, пагаворым пра нашы княскія турботы. Ты ж маеш час — выспішся, пахмелішся, а пасля адправішся ў свой лес да сваіх зуброў, мядзведзяў, ласёў, казуль, дзікоў i зайцаў.

Хоць натаміўся за дзень i крыху выпіў за вечар i ноч, Усяслаў не мог адразу ж заснуць. I ад зноў успомненай бяды, i ад уражліва пагрознай бяседы з дворскім Андрэем ды ад апякальна перасцерагальнага развітальнага Данілавага шэпту — усё гэта нашмат абцяжарвала далейшае яго жыццё...

Калі ж пачалі зліпацца павекі, i ён нібы падаў у прыемна мяккую бездань, сон перапыніў шум — здаецца, хтосьці рваўся ў яго шацёр, а ягоная варта таго не пускала. Прыслухаўшыся, пачуў: валтузіцца п'яны, але неўтаймоўны Міндоўг з ягонымі дружыннікамі:

— Кажу, пусціце мяне да Усяслава! Ён — мой сябра!

Усяслаў добра ведаў: Міндоўг не адчэпіцца. Калі ён п'яны, дык самы нечаканы: настойлівы, жорсткі аж да таго, што можа забіць i роднага брата, ці капрызны альбо чуллівы да слёз. Каб цяпер той не шумеў, не прывабліваў вачэй i вушэй Андрэевых выведнікаў, Усяслаў падняўся з пухавіка i выйшаў з шатра. Як убачыў, на дварэ ўжо адчарнела ноч, збіраўся-спеў світанак: на ўсходзе над зямлёй выяснівалася, падбельвалася, нібы ад малака, неба, i ўвачавідкі гэтая светлаватая плынь сачылася ўгору. Міндоўг — у воўчай шапцы i заечым кажушку — адразу ўткнуўся ў ягоны плячук:

— Усяслаў, яны нам непрыяцелі!

Ён паляпаў позняга гуляку, які ледзь трымаўся на нагах i дыхаў, здаецца, адным хмелем, па плячы: супакойся, князь, не давай вол i эмоцыям!

— Бачыце, Даніла — цар! Цэсар! Ёсць прагненне, ёсіць тытул — трэба новыя землі i халопы! Ён уявіў сябе новым збіральнікам праваслаўных i іншых зямель! Чуеш?

— Чую,— супакойваў суседа-саюзніка Усяслаў.— Толькі, будзь ласкаў, не крычы так!

— Была Кіеўская, a цягіер, па-ягонаму, яе скіпетр i сцяг павінна ўзяць Галіцка-Валынская альбо, як ён з гонарам кажа, Чырвоная Русь! Ён жа, уладар яе, новы месія!..

— Кожны жук хоча паказаць свае рогі,— прамовіў Усяслаў,— a Даніла даўно ўжо, калі ўзяў Галіч, Кіеў, разбіў крыжакоў каля Драгічына, уявіў сябе царом і, як ты кажаш, месіяй.

— А чаму вялікую Русь не можа сабіраць Полацкая зямля альбо, як я чуў, Белая Русь? Ці Ноўгарад? Альбо князь уладзімірскі Яраслаў? Што — Даніла больш мудры i слынны за князёў Брачыслава, Аляксандра з Ноўгарада ці таго ж Яраслава?

— Даніла — нашчадак вялікіх кіеўскіх князёў.

— Але іхняй вярхоўнай улады не прызнавалі ні Полацак, ні Ноўгарад. Значыць, Данілавы прэтэнзіі — ...

— Цішэй, князь,— перапыніў яго Усяслаў.— Тут i поле ды луг усё бачаць i чуюць.

— А чаму мы ix павінны баяцца? — выпрастаўся, як жанчына перад сваркай з іншай жанчынаю, падпёр бокі кулакамі Міндоўг.— Тут не ў ix сіла, a ў нас. Давай вось падымем сваіх людзей i возьмем Данілу з яго баярамі голай рукою! Навучым ix нарэшце паважаць i твой Навагародак, i маю Літву! Давай я закамандую пад'ём!

— Няхай людзі паспяць пасля цяжкога пераходу, сённяшняй сечы i добрай вячэры.

— «Паспяць!» — перакрывіў той.— Мы так праспім многае. Нечага варажыць, калі пад носам ляжыць...

— Усяму свой час, Міндоўг...— ціха прамовіў Усяслаў.— Нам пакуль што трэба, як добра людзі кажуць, валіць дрэва па сіле... А што да Данілы, дык ён, пагнаўшыся па вялікае, можа некалі страціць i малое...

— Адвага або мёд п'е, або калодку на шыі трасе!

— Адвага — адвазе розніца. Калі яна неразумная, дык гэта ўжо дурнота.

— Тады я на адыходзе з Данілавых зямель пачышчу яго весі!