Выбрать главу

— Заходзь, заходзь, сонейка,

Ды за гapy борздзенька.

Можа, вечар барджэй будзе,

Майму сэрцу лягчэй будзе.

— Не горся, малодачка,

На яснае сонейка,

А горся, малодачка,

На сваю свякрованьку:

Бо я раненька сыходжу,

Цябе ў полi знаходжу,

А позненька забягаю,

Цябе ў полі пакідаю.

З-пад крайняга свежага мэндліка, з ценю, выскачыў высокі мужчына ў сіне-чорных, мабыць, выфарбаваных у бузінавым соку нагавіцах i ў белай з чырвонай вышыванкай кашулі, крыкнуў жанкам, каб замаўчалі i схілілі галовы. Гэта быў знаёмы паслужлівы, але жулікаваты княскі цівун Крук, які спрыяў красці іхняму дворскаму ключніку Расціславу i сам любіў пажывіцца дармовым.

Песня абарвалася; Усяслаў нават не паспеў зразумець, якая з жанок была гэтакая здольная гіявуння; пажылыя жанчыны, як правіла, мажныя, у доўгіх шараватых сарочках i ў белых хустках, босыя, пасхілялі галовы нізка i пачціва праводзілі дружыну, а вось не сказаць, каб танюткія, не вельмі высокага росту, але дзебелаватыя дзяўчаты пад белымі касынкамі, у бялюткіх прыталеных сарочках-сукенках са старанна выбеленага палатна, вышитых на рукавах i на выразах каля шыі, а таксама ў вышытых чырвонымі ці сінімі ніткамі паясах,— дык вось дзяўчаты толькі на міг апусцілі галовы, а затым паднялі ix i гарэзна пазіралі на дружыннікаў, якія былі амаль усе маладыя, свавольнікі i вісусы, але цяпер велічныя ад коп'яў, блішчастых шчытоў i шоламаў, велічныя нават ад таго, што былі нібы падобныя на адзін твар, кожны маючы гучную назву «вой», a ўсе разам былі «воінствам», «віцязямі».

Ад родных краявідаў, жытнёвай нівы i мэндлікаў ды ад жанок Усяславу аж пацяплела на душы: хоць быў паджылы, меў замужнюю дачку, унука, але не мог не залюбавацца дзявочымі стройнымі спінамі i вабна акругленымі клубамі, а цяпер, калі яны павярнуліся, іхнімі маладымі, амаль ва ўсіх круглаватымі тварамі, усмешкамі ў лагодных вачах ды на поўных вуснах, спакусліва ўзнятымі грудзямі. Калі на Полацкай зямлі было шмат светлавалосых i блакітнавокіх, дык тут, дзе апроч крывічоў i дрыгавічоў пракідваліся яцвягі, валынцы, i бужане, балты, а пасля Батыевага нашэсця на Еўропу i люд з польскіх зямель, пераважалі русявыя i цёмнавалосыя, з шэра-карычневымі альбо цёмнымі вачыма насельнікі.

Міжволі дысцыпліна ў дружынніцкіх шэрагах парушылася: той-сёй з маладых i бойкіх вояў не мог вытрываць ад жаночых чараў, ажывіўся, а то i ўзбудзіўся:

— Дзяўчаты, ці не трэба вам жнец добры?

— Гэй, рабаціністая, паехалі ca мной!

— Кірпаносая, з сінім паяском, у якой весі жывеш?

Усяслаў не перапыняў i не асаджваў зухоў: доля ix нялёгкая. Сёння ён жывы, здаровы, вясёлы, цешыцца жыццём i жаночай красою, a заўтра можа ўпасці на сырую зямлю паранены альбо забіты, не паспеўшы яшчэ хоць бы пацалаваць у слодычныя дзявочыя вусны, не зведаўшы радасць i клопат мужа i бацькі. Для таго-сяго, можа, гэтае сённяшняе любаванне жаночым станам, тварам, адмысловым бляскам у вачах — апошні штуршок усхваляванага сэрца ды ўсплёск-успламяненне маладой крыві.

Некаторыя дзяўчаты пазіралі з захапленнем на тых, пра каго люд гаворыць з вялікай павагаю, як пра сваіх абаронцаў, асобныя бянтэжыліся ад дапытлівых позіркаў, а той-сёй з дзявочага гурту, выхопліваючы вокам з дружынніцкіх радоў гарэзнікаў, быў бойкі:

— Навагародскія «зайцэ!» (насмешка з таго, што многія карэнныя навагародцы экалі: «зайцэ», «грыбэ»).

— А ты не рабаціністы? Не пароў у маленстве ластаўчыныя гнёзды?

— Знайдзі, калі не баішся нашых дзецюкоў!

Усяслаў лагодна ўсміхнуўся ад гэтай міжвольнай перапалкі: так ужо ёсць спрадвеку, што маладыя амаль заўсёды знаёмяцца, прыціраюцца адно да аднаго дзёрзка, аж выклікаючы злосць, што, аднак, часамі не паспявае перайсці ў нянавісць, a перакідваецца ў гарачыя любошчы. Яны, праўда, не заўсёды прыносяць шчасце, бывае, заканчваюцца i дзявочымі слёзамі. Калі мінулі гэты лапік поля i жанчын, воі зноў пасур'ёзнелі, толькі, мусіць, у душы перажываючы незразумелыя светлыя i хвалюючыя пачуцці, што яшчэ доўга будуць вярэдзіць душу, а таму-сяму, можа, чамусьці запомняцца i на ўсё жыццё...

«А ўсё ж Данілаў дворскі праўду сказаў,— падумаў Усяслаў,— далёкі паход, кароткі, але ярасны бой, здабытыя лупы — добрая навука для дзецюкоў. Праліўшы нямала поту, акрапіўшыся сваёй i чужой крывёю, яны ўжо не пацешныя, а баявыя дружыннікі. З імі можна ўжо i абараняцца, i наступаць. У Навагародскай зямлі дабавілася сілы, i яна, канечне ж, хутка спатрэбіцца...»