...Іна адразу, па маіх вачах, зразумела ўсё.
— Я разумею тваю жонку i зусім яе не асуджаю,— сказала яна, калі мы выйшлі з універсітэта i прыселі ў ягоным дворыку на лаўцы.— Яна ведае, за што змагаецца.
Я пазіраў на Іну i не мог ніяк наглядзецца на яе: яе светлыя, з жаўтаватым адценнем валасы былі элегантна прыгожыя, блакіт яе вачэй нібы патух i выяўляў задуменнасць, драбнаваты твар свяціўся маладой свежасцю, рукі, аголеныя амаль да пахаў, уражвалі грацыёзнасцю, a грудзі, што ўздымаліся пры дыханні, вабілі акругленай паўнатою. Цяжка было падумаць, што гэтая зграбная i страсная жанчына больш не будзе ў маіх абдымках, што я ўжо не пачую яе ласкавых слоў, пяшчоты, не ўбачу яе спачатку поклічнай тамлівасці, а потым задаволенай азоранасці, што так прыгожыць яе...
— Каб не маці, дык я...
— Не апраўдвайся, калі ласка,— папрасіла яна, узяла маю руку ў сваю.— Не наш лёс быць нам разам... Ты прызначаны для іншай, а я асуджаная... Пакуль што нават няма той малітвы, што памагла б мне! Ды я не зусім нешчаслівая: у мяне некалькі гадоў быў ты i я з табой столькі ўсяго любага, добрага i велічнага пазнала! Я стала Жанчынаю! Цяпер шкадую, што не нарадзіла ад цябе. Няхай бы дзіцятка было няспыннай маёй любоўю да цябе, да ўсяго таго ўзвышанага, што было паміж намі!
— Я не ведаю, Іна, як буду жыць далей. Сына я любіў i люблю, але... Я прыхільнік, нават вялікі прыхільнік сям'і ды, калі вярнуся да жонкі, дык гэта будзе мае сямейнае турэмнае зняволенне...
— Звыкнешся пакрыху,— задумліва прамовіла Іна, а пасля зірнула на мяне пільна, нібы апошні раз.— Давай, любы, самы дарагі мне чалавек на свеце, развітвацца. Рэзка! Назаўсёды! Без ніякіх дакораў адно да аднаго! Бывай! — Яна паднялася, моцна пацалавала мяне ў вусны і, сапраўды, рэзка павярнулася і, закінуўшы раменьчык сумачкі на плячук, пайшла-пайшла, высока падняўшы галаву. Стройная, гібкая, у самым росквіце маладых сіл...
14
«...Я як мага хутчэй пайшла ад яго — не для сябе, а дзеля яго, беднага i змучанага. Не ён, а я павінна пакутаваць.
Дык вось плачу — не, не я плачу, а плача душа мая, мае цела, што ўжо не ведае яго ласкі. Адно — знаходзіць, мець, але зусім іншае — страчваць. Які цяжкі, жахлівы боль страты любага, мілага i дарагога! A. страціў волю, спакой, а я страціла свой лёс!.. Я не бачу цяпер сэнсу жыць...»
15
— I вось што праз пару гадоў выйшла з усяго гэтага. Іны няма, а я пры спрыянні жончыных сваякоў перавёз сям'ю — жонку, сына i маленькую дачку — у сталіцу, дбайны аспірант (жонка хоча, каб я стаў вучоным), клапатлівы сем'янін. Наша кватэра i ў горадзе — поўная чаша i нібы музей. Да ўсяго мы купілі легкавік, прыдбалі дачны ўчастак i напытваем па вёсках дом.
На днях я выбіўся са спакойнай каляіны i ўзрушыўся, калі пачуў, як мая яшчэ болей памажнелая жонка супакойвала новую сяброўку, якой здрадзіў муж: «Не гарачыся, не падавай на развод. Ён, твой мужанёк, пойдзе да яе, а ты, яшчэ маладая, застанешся з дзецьмі i нікому не будзеш патрэбная. Лепш саламяны муж, чым мілыя дзеткі. Скажу табе па сакрэце, i мой некалі спакусіўся на маладзейшую i страйнейшую, захацеў развесціся. Здуру i я хацела прагнаць яго ды адна разумная жанчына надавуміла. Дык я сама стала на дыбы, бацькоў яго паклікала, падсыпалі яму добра, дык адумаўся, перагарэў i во чалавек як чалавек! Можа, я, дурніца маладая, тады найперш сама была вінаватая,— не толькі спагадна, але i нібы радая, што спрыяе ў горы, якое зведала i сама, зашаптала жонка.— Як ён першы раз паехаў на завочную сесію, я ў той жа дзень вымыла посуд, падлогу i адзенне. A калі дарагі табе чалавек ад'язджае куды з дому, дык у гэты дзень не трэба нічога мыць у хаце. Вымыеш яго!»
Пачуўшы гэта, я пыхнуў гневам да той разумнай жончынай дарадніцы, болем па каханні з Інаю ды з сорамам, нялюбасцю да самога сябе, але паволі аціх, супакоіўся, пачаў далей пісаць сваю дысертацыю, каб праз год-другі абараніцца, стаць кандыдатам гістарычных навук, а пасля, можа, узяцца i за доктарскую, бо ў вучоным свеце ты без звання i ступеней мала што значыш...
1995
ГЭЛЬКА
З расказу Казіміра Д.
1
— Падвязеш? — падарыла яму вельмі прыязную ўсмешку Гэлька, трымаючыся за ручку адчыненых дзверцаў i ўсоўваючы галаву сюды, у салон «Жыгулёў».
— Сядай,— адразу ж адказаў Казімір, прывязаны чорным рэменем да свайго сядзення. Прамовіў ветліва, але на самай справе з затоеным хваляваннем.
Гэлька, якая папрасіла падвезці яе з вярсты дзве, села побач, міжволі змусіўшы яго, сярэдніх гадоў жанатага мужчыну, учэпіста акінуць позіркам яе паўнаватыя, ужо загарэлыя да белых i трошкі бліскучых каленяў, сям-там з зажылымі i свежымі драпінкамі ногі, a ўслед за гэтым ягоныя вочы самі прагнавата каўзанулі па мажнаватых цяпер, калі Гэлька села, клубах пад чорнай спадніцаю. Вышэй хораша лашчыла вочы, аж, здаецца, выпіваючы зрок, сіняя блузка, туга напінаючыся на статных грудзях. Нібы не зважаючы на яго азіранне, Гэлька апусціла на прыпол пакоўную чорную гаспадарчую сумку і, зноў усміхнуўшыся загадкава, падала вачыма знак: паехалі!