Выбрать главу

— Куды везці? — само па сабе вырвалася ў яго ўзбуджана гарэзнае запытанне.

— А куды хочаш,— зусім спакойна прамовіла яна, вольна i перад ім, чужым ды яшчэ мужчынам, узяла верхнімі пальцамі абедзвюх рук каўнерык блузкі i захітала яе, каб туды, на яе белую грудзіну, нават, можа, i пад станік, трапіла свежае паветра.

Гэтыя дні было вельмі горача, мляўка, усё ў прыродзе ажно панікла i прагавіта чакала першай вялікай чэрвеньскай навальніцы — пасля авільгатнеласці, асвяжэлых лістоты i травы, шчодра напоенай зямлі i парнасці святло ды цяпло павінны былі аспакайнець, стаць лагодныя i працяглыя, i тады для вёсак пачнецца сенакосная часіна.

Зноў жа, не могучы стрымацца, Казімір перавёў вочы вышэй Гэльчынай блузкі — на яе высакаватую, з белай палоскаю пад вузкаватым падбародкам шью, на поўныя i свежыя поклічныя вусны, за якімі ледзь бачна абазначаліся светлаватыя вусікі, агледзеў яе роўны не малы як для жанчыны, але вабны нос, загарэлыя паўнаватыя, з ямачкамі шчокі i зазірнуў у вялікія цёмныя, але жывыя i лагодныя вочы, што былі пад колер яе валасоў.

— Першы раз бачыш мяНе? — Нібы здзівілася Гэлька.

— Не першы, але ты сёння нейкая не такая,— сумеўся ён.

— А якая?

— Амаладзелая i пахарашэлая.

— Дык я, па-твойму, ужо старая i непрывабная?

— Не. Але сёння, праўда, іншая.

— Вось што значыць скінуць гумоўцы i фуфайку, апрануцца, падчапурыцца так, як i ў горадзе! — пажартавала Гэлька.— Недарэмна ж кажуць: убяры пень як след — i ён харошы!

«Ты i ў гумоўцах ды ў фуфайцы харошая»,— хацелася сказаць яму, але не змог: не ўмеў падлашчвацца да жанчын вось такім чынам. Хоць каб падхваліў Гэльку, дык гэта была б праўда: яна ў свае трыццаць гадоў пышнела ад моцнага здароўя i непатрачанай жаноцкасці. Таму нібы апраўдаўся:

— Цябе, каб дазволіла, можна везці нават на край свету!

— I вязі! — зноў не збянтэжылася яна i ў знак згоды на такую нечуваную для вяскоўцаў рызыку махнула паўнаватай, аголенай вышэй локця, гожай рукою.

— Павязу! — падбадзёрыў сам сябе.

— Кажу ж, вязі!

Вось на табе! Думаў: ён, крыху старэйшы, пагарэзуе, возьме над ёю верх сваімі жартамі, ажно яны, гэтыя ягоныя жарты, няўдалыя, ад ix найперш няёмка яму. Ён нават не разумеў, чаму ў яго такі настрой, навошта ён так паводзіцца. Ды вось штосьці пад'юджвае ж, як таго пеўня, хадзіць калi не фанабэрыста, дык з нейкім выклікам ці форсам! Між іншым, не першы раз у яго вось такое з гэтай Гэлькаю, колькі разоў ён каяўся, лаяў сябе, што якраз такі, але заўсёды, сустрэўшыся з ёй, разведзенай зграбнай, памяркоўнай, па натуры добрай маладзіцаю, зноў i зноў чамусьці сваволіць, ведаючы загадзя, што схібіць i пазней будзе строга, а то i з нянавісцю дакараць толькі сябе.

— Каб ехаць на край свету, не хопіць бензіну,— нечакана вымавіў ён i тут жа зразумеў: нібы ратуецца ад аднаго, але на самай справе разгубліваецца i асаромліваецца ад іншага.

— Вязі тады ў Янкавіны,— ужо не задзірыста, a вельмі спакойна, нават быццам шкадуючы яго, прамовіла Гэлька i перавяла задуменны позірк на дарогу-брукаванку. А гэта значыць — перавяла вочы ад яго.

Іхнія Янкавіны — за павароткаю, дзе заканчваецца бярозавы i алехавы прылесак альбо паслялесак, гусціцца лазовае кустоўе, а за ім пачынаецца невялікі луг, раптоўна ўскідваецца свет, яснее i большае, а за лугам — рэчка, не, лепш сказаць, гэта некалі была рака з рэзкімі паваротамі, ямінамі i вірамі, а цяпер спрамленая i аброслая травой ды самасейнымі кусцікамі канаўка, зразумела, на рэчцы мост, па якім i цяпер могуць вывалакаць з Налібацкай пушчы ў белы свет машыны ацалелыя старыя дрэвы, а за ім, трывалым мастом, на ўзгорку,— першыя вясковыя хаты.

Казімір крануў свае «Жыгулі», паволі пакаціў з горкі, намагаючыся пераадолець свой хіб, сваю няёмкасць. Цяжка i разабрацца, чаму так бывае: з усімі дзяўчатамі, маладзіцамі ён разважлівы, упэўнены, ніхто з ix, каб i хацелі, не ашаломіць, нават не збянтэжыць яго, а вось з Гэлькай ён не патрапляе ні спакойна гаварыць-разважаць, ні жартаваць. Ён адчуваў — глыбока, у спратах сваёй душы,— чаму гэта якраз так, але пра тое адчуванне баяўся прызнацца нават самому сабе: тое было ягонай, схаванай, бадай, зусім затоенай тайнаю.