— Была ў Дзераўной?— толькі вось так паспрабаваў ён паразумецца з Гэлькай, каб разам з ёю перайсці на іншую размову.
— У Дзераўной,— адказала яна, здаецца, зусім абыякава.
— Нешта добрае купіла?
— Дробязь. Тое-сёе з бялізны, а таксама — сякеру, цвікі, касу, бабку.
Апошняе — напамін пра сякеру, цвікі, касу, бабку — проста ледзь не крычала болем пра тое, што яна, Гэлька, жанчына, мусіць займацца тым, што павінен мець за клопат мужчына, але ён, Казік, зноў жа не знайшоў нічога лепшага, як схавацца за жарт:
— A віно, гарэлку купіла?
— А вось ты хочаш выпіць? — неяк захоплена запытала Гэлька.
— Я не святы, выпіваю.
— Ведаю. Але ты выпіваеш калі-нікалі i, здаецца, з самымі патрэбнымі табе людзьмі.
— Не зусім так,— сказаў ён.
— Патлумач,— папрасіла Гэлька, але па-ранейшаму пазірала толькі на дарогу.
— Я калі-нікалі выпіваю i з прыемнымі мне людзьмі...
— Ca мной ты не хацеў выпіць. Значыць, я табе непатрэбная i непрыемная...
Ён змаўчаў.
— Чаго праглынуў язык? — павярнулася да яго, але чамусьці весела зірнула Гэлька.— Ці ты асцерагаешся такіх, як я, разводніц? З імі можна пажартаваць, пакпіць, ix можна куснуць альбо, наадварот, папрасіць у ix таго, чаго хочацца, але ўсё гэта рана-позна небяспечна, бо мы, разводніцы, адмысловы люд!..
— Дык ты дазваляеш калі-нікалі зайсці i да цябе на чарку? — бадай, упершыню з надзеяй запытаў ён.
Цяпер змаўчала Гэлька, неяк незвычайна пазіраючы ўперад, куды несла ix машына, i ён зразумеў, што i на гэты раз сказаў не тое i не так, што зноў у яго з Гэлькай свае недамовы ды што ён, старэйшы, жанаты мужчына, дзеіць не так, як трэба. Гэта — не столькі нерашучасць, гэта — штосьці большае, што зацуглівае яго, сямейнага, бацьку дваіх дзяцей. Ён можа гаварыць прыемныя словы, гарэзіць, апроч жонкі, i іншай жанчыне, але ўсяму гэтаму ёсць мяжа; гэтая мяжа сама жыве ў ягонай душы, ва ўсім, што ён засвоіў ад дзядоў, бацькоў, вызначае, што трэба ці няможна рабіць, дык вось ад яго, таго няпісанага закону, ідзе вера, перакананне, што ты, не зважаючы ні на што, павінен быць верны родзічам, жонцы i дзецям, не даваць вол i сваім пачуццям i захапленням. Пра такіх, як ён, кажуць: «людзі даўняга сораму».
На павароце, мінаючы алехавы прылеснік i вымкнуўшыся на нешырокі яшчэ нядаўна балоцісты, а цяпер асушаны, a ў апошнія гады атравелы, але няўдала, з бародай высокай i жорсткай травы-кустоўяў луг, Казімір змусіў сябе разняволіцца i ўжо з пэўным намёкам апусціў далонь на Гэльчына прыемна халаднаватае калена i сціснуў яго.
Гэлька не ўздрыгнула i не адкінула ягонай рукі, толькі ціха папрасіла:
— Не трэба.
— Чаму?
— Ты зусім не такі, якім хочаш паказаць сябе мне.
— A які я?
— Пра гэта трэба нямала гаварыць, Казік...
«А чаму нам нарэшце не пагаварыць пра тое, што мы хаваем не толькі ад людзей, але i ад сябе?»— нецярпелася запытаць яму, ды не змог.
Ён зноў першы адступіў — забраў руку з яе калена, перакінуў яе на пераключальнік хуткасці i больш чым належыць, пранікнёна ўталопіўся на дарогу. Балазе якраз вымкнуліся, нібы самі бегучы насустрач, Янкавіны, дзе адна з нершых хат з гэтага боку была Гэльчыная.
— Дзякуй, што падвёз,— быццам i не было нядаўна паміж імі дзіўнай, а то i недагаворанай размовы, сказала Гэлька, а кал i ён запыніў машыну, тут жа сама адчыніла дзверцы i адразу ж выйшла, а пасля, не азіраючыся, спакойна i годна закрочыла ў свой двор, легка несучы сваё паўнаватае, але стройиае цела.
2
У ix былі госці.
Каля плоту прытуліўся «козлік», a ў ім, насунуўшы на твар белую, трошкі пакамечаную ўжо кепку i адкінуўшыся на спіну, марнаваў час шафёр Жэня — неблагі, крыху затурканы, але спешчаны, як i ўсе вадзіцелі начальнікаў, малады мужчына.
Той, пачуўшы рып тармазоў Казікавага легкавіка, вылез са сваёй машыны, рады бачыць знаёмага і, галоўнае, як лічыў, простага чалавека, i пагаварыць.
— Гутараць нашы партайгеноссэ?— падаючы яму, маладзейшаму, руку усміхнуўся Казік.
— Гутараць, Браніслававіч,— як i заўсёды, незадаволены сваёй начальніцай, уздыхнуў Жэня.— Ужо з гадзіну, не меней. Значыць, прыйшоў капут яшчэ адной тваёй пляшцы каньяку.
«Партайгеноссэ» — гэта Жэнева «гаспадыня» («хозяйка»), сакратар райкома партыі па ідэалогіі Рабцава i яго, Казікава, жонка, парторг тутэйшага саўгаса. «Партайгеноссэ», «партайфрау», «гаспадыня» — гэта Жэневы кепікі; Казік, пачуўшы ix, упадабаў гэта i спрабаваў гэтак пацешвацца з жонкі, але тая аж пазелянела аднойчы, сыпнула снапом іскраў з-пад сваіх акуляраў ды кінулася на яго з кулакамі: «Заціхні! Гэта — кашчунства!»