— Хоць не прысядай ты з імі, Браніслававіч,— папрасіў Жэня,— не паспеем да сямі вярнуцца ў горад!
Казік лагодна ўсміхнуўся, ведаючы, чаму Жэня хоча вярнуцца ў горад якраз да сямі гадзін вечара. Як расказаў той летась, аднойчы ён імчаў сваю «партайфрау» у горад у вялікі дождж, дык вось яна, п'яная, нечакана змусіла запыніць машыну, адчыніла дзверцы i, не вылазячы з кабіны, на яго думку, дурнавата ўсклікнула: «Які цёплы дождж! Якое водарнае паветра! Дыхай, Жэня, дыхай!» — «Зараза! — аж вар'яцеў тады ад злосці гэты Жэня.— Хутка сем гадзін, перастануць у магазінах прадаваць гарэлку, а ты: дыхай-дыхай! Нябось сама ўлімоніла добра, яшчэ зажадаеш у горадзе дадаць i змусіш, каб я стаяў каля сяброўчынага дома i чакаў цябе!»
Праўда, сёння Казік не паспеў ні пачаставаць сасмяглага Жэню кіслым бярозавікам, лустай хлеба з вяндлінай, ні зайсці ў хату ды пакланіцца «партайфрау»: Рабцава, сярэдняга росту, прыгожая, але нейкаю пошлай красою, гладкая, нават усыцелая, у строгім сінім касцюме ды сінім свэтарчыку, сыходзіла ўжо з ганку, а яе праводзіла ягоная высокая i тонкая, ссутуленая, таксама зашпіленая на ўсе гузікі строгага чорнага касцюма Вера. Абедзве вось пунсовенькія, вясёлыя, пад лёгкімі кроплямі поту — значыць, як i казаў Жэня, апаражнілі бутэльку каньяку.
— Здравствуй, Брониславович,— нібы па-дружбацку, але i ў той жа час паблажліва падала яму руку бойкая Рабцава.— Как живешь?
Як i заўсёды, «партайфрау» пыталася несур'ёзна, абы загаварыць, дык i ён, як i дагэтуль, адказаў так, каб толькі не маўчаць:
— Добра, Клара Авяр'янаўна.
— Вось гэта малайчына! — усцешылася тая.— Аптыміст! Ніякіх нараканняў i просьб! — I ўжо яго жонцы: — Добры ў цябе муж, Вера! За такога i я пайшла б!
«Каб i той, як я, быў дурнем, хатняй рабсілаю»,— свярбела пакпіць яму, паколькі ведаў пра нялёгкую долю мужоў, чые жонкі начальніцы, але не асмеліўся ды i не мог дапусціцца да такога.
Рабцава заўважыла яго маўклівы намёк, падкол, але не пазважала на гэта, перавяла гамонку на іншае:
— Затрымаецца, Браніслававіч, пагода?
Запытала ў яго як у «зкаўцы прыроды», лесніка.
— Ты ж знаўца прыроды, павінен усё ведаць.
— На днях будзе навальніца, а праз дні два-тры зноў апагаднее.
— Выдатна! — задаволілася тая.— Значыць, можам даваць каманду па раёне: пачынаць сенакос.
«Даць каманду» — гэта ў ix, у райкомаўцаў, у крыві. Казік не вытрываў, ужо не столькі ўсміхнуўся, колькі нават дайшоў да ўхмылачкі, успамінаючы, як гадоў пяць таму, кал i ягоная Вера з эканаміста-планавіка нечакана стала парторгам, была тут адна цікавая, нават, лепш сказаць, смешная гісторыя. Калі прыйшоў час жаць жыта, новы (цяперашні) дырэктар саўгаса паслаў камбайнёраў на поле; Вера завіхнулася пахваліцца пра гэта ў райком; былы дырэктар быў з партызанаў, меў сяброў у вобласці ды сталіцы, акнязіўся, дык яму многае тут дазвалялі, а зараз раптам — званок з раёна: адбой! Як так — зноў вы першыя пачынаеце жаць i зноў без «идеологической запевки?» Трэба пачаць іначай, «в честь нового исторического съезда», з музыкай, каб людзі лепш адчулі, што такое жніво «в стране развитого социализма!» Канечне, запынілі камбайны. Прыехалі з раёна райкомаўцы (во з гэтай Рабцавай), агітбрыгада, аўталаўка. На дварэ пякло, стаяла сухмень, жыта асыпалася, а каля поля сабраўся невялікі гурцік камбайнёраў i шафёраў, прыгнаных з вёскі дзядуль i бабуль, якія слухалі прамовы, музыку i песні. Канечне ж, сталыя людзі дакорліва моршчыліся, а потым, без начальства з раёна, зубаскалілі — з яго Веры таксама. Праўда, Рабцава — а яна тады пасля настаўнічання працавала ў ідэалагічным аддзеле i першая агледзела «идеологический просчет» — неўзабаве займела большую, сённяшнюю, пасаду. Праўда, Жэня неяк аднойчы сказаў яму, што яна — каханка «Хозяина» i мроіць, калі таго перавядуць у вобласць, каб разам з ім трапіць туды i самой.
— Казік,— калі Рабцава вальяжна села ў кабіну i дала знак Жэню ад'язджаць, млява пазяхнула Вера.— Я стамілася, хачу адпачыць.
— Канечне, цэлы дзень жала ці цэглу цягала! — пакпіў ён.
— Як ты не паважаеш, не цэніш маю працу!— без крыўды, але i не цёпла сказала яна.— Разумовую, больш стамляльную, чым фізічную!
— Як не аслабнуць, не зажадаць прылегчы, калі піць у такую гарачыню! — незалюбіў ён.
— Я не магла не пачаставаць яе.
— Кідала б ты гэтую дурную работу,— ідучы з падпітай жонкаю да ганку, зноў, як ужо не раз, сказаў тое, што было ў яго на душы.— Тады быў бы большы толк ад цябе. Як ад эканаміста, так i ад хатняй гаспадыні.
— Несвядомы ты, а то i заземлены мешчанін,— лагодна паўшчувала яго, чалавека без вышэйшай адукацыі, Вера.