— Я, як кажа шафёр Жэня, просты чалавек. Муж i бацька. Але мне надакучыла быць i гаспадаром, i гаспадыняй.
— Што ж рабіць, калі мне трэба з раніцы да позняга вечара быць па-за домам? Ды ў раёне праз дзень-другі? Мне проста няма часу займацца гаспадаркаю!
— Кажу ж, адмаўляйся ад нежаночага занятку.
— A хіба я, жанчына, не спраўляюся са сваім, як ты кажаш, заняткам? Ці, па-твойму, па-дамастроеўску, бабе дарога — ад печы да парогa? Усе бачаць, а ты ніяк не хочаш заўважыць: у мяне талент арганізатара!
— Ты паказала б лепшы, добры талент, каб была добрым эканамістам, прыкладнай жонкай i маці. Не ты, жанчына, а я, мужчына, дзяцей гадую, гаспадарку вяду.
— Ты ж не дурань,— зазлавала ўжо.— Хіба не разумееш: трэба пацярпець, каб мяне заўважылі i як след ацанілі ў раёне. Тады, можа, інструктарам у райком возьмуць, дык у горад пераедзем, пазбавімся гэтай гаспадаркі.
— Не трэба нам ніякага горада.
— Янкавіны табе любыя?
— Любыя!
— А мне — не. Тут — глуш i шэрасць. Я хачу ў горад, хоць бы ў раённы.
— Ніхто цябе туды не запросіць.
— Чаму гэта? Я ж адзін з лепшых парторгаў! Якраз так сёння мне Рабцава сказала.
— Ты сама ведаеш, каго бяруць на такія пасады...
— Маладых, прыгожых i падатных?
— Чаго пытаеш, калі сама ўсё ведаеш,— схмурыўся ён.
— Бяруць. Але не адкідаюць i непрыгожых, непадатных, але разумных.
— Такія найбольш у судзе, але ў цябе для гэтага не тая адукацыя.
— Як хочаш, але я настроілася толькі на горад. Таму i валаку тое, чаго іншыя не цягнуць. Таму i табе, кажу, трэба пацярпець.
— Надакучыла...
— Нідзе не дзенешся, патрываеш. Калі не для мяне i сябе, дык для дзяцей, якім я хачу даць добрую адукацыю, развіць усе іхнія здольнасці, каб хутчэй, чым я, займелі сваё належнае месца ў жыцці, падняліся па службовай альбо навуковай, творчай лесвіцы. A незычліўцам сваім дзецям не можаш быць i ты, наіўна ўлюбёны ў вёску, у лес, ва ўсё простае, паколькі ніколі нічога лепшага не бачыў...
Як i дагэтуль не раз, «пагаварылі!» Казімір адстаў; Вера падалася ў дом, каб заваліцца на ложак i ў сне выцерпець хмель, каб зноў пакінуць на яго ўсе клопаты па гаспадарцы.
Некалі, калі яна пасля інстытута прыехала сюды, была не толькі тоненькая i худзенькая, але сарамлівая i нават безабаронная, мізэрнаватая ў акулярах. Ён, вярнуўшыся з войска, не думаў браць замуж яе, іхнюю кватарантку. Ды ўсё рашыла маці-нябожчыца: «Хлопец, не выбірай, не ганіся на жаночую красу, а бяры дзяўчыну вучаную, спакойную», «Верачка, былі дагэтуль у нас пастаялкай, а цяпер заставайцеся маёй нявесткаю». Пажаніліся. Спачатку Вера яшчэ нейкі час сарамацілася, але пасля, калі нарадзіла, займела голас, лёгкую пагарду да свекрыві, яго i вёскі, да яе звычаяў i нораваў, бэсцячы ўсё, што тут было да 1939 года, называючы ix то «заходнікамі», то «куркулямі». Ён цярпеў, але пазней, калі яна стала парторгам i аддалілася ад сям'і, начала жыць іншым, малазразумелым i не вабным яму жыццём, ён адчуў: яны — чужыя людзі. Яна ці не мела таго, што трэба, ці вельмі стамлялася на сходах ды семінарах, што нават страціла ахвоту да палюбоўнай гульні, пяшчоты, пачала мяняцца — яе клубы яшчэ болей павузелі i пахудзелі, грудзі паніклі i звялі, у вачах знікла жывасць, a позірк стаў халодны, уладны з ім i ліслівы з Рабцавай i іншым начальствам. Ды i голас перайначыўся, пасуровеў. «Паслухай,— бывае, проста загадвае,— ёсць неабходнасць зрабіць тое i тое...»
Яшчэ год-другі таму, калі яшчэ не пакутаваў ад адчужанасці, спрабаваў ажаночыць яе — да слова, мог нават удзень нечакана i гарэзна схапіць на рукі i па-маладому свавольна кінуць на ложак, шэпчучы: «Ёсць устаноўка, каб парторгі-жанчыны кахалі сваіх мужоў!» Яна не толькі не расслаблялася, не замірала пяшчотна ў абдымку, а рэзка выцярэблівалася: «Кінь свае жывёльныя страсці i кашчунства! Я табе не Ядзя альбо Гэлька!»
Ядзя i Гэлька — незвычайныя ў Янкавінах жанчыны, суперніцы. Гэлька зусім маладая, адразу ж пасля школы выйшла замуж за аднавяскоўца, які вярнуўся з войска з дысбата i закружыў ёй галаву формай i сваімі, як яна спачатку лічыла, смелымі i вясёлымі, а на самай справе паўблатнымі паводзінамі. Жылі яны няблага, праз гады два аддзяліліся ад мужавых бацькоў, перайшлі ў свой новы дом, завялі гаспадарку, а пазней купілі «Запарожац». Нешта зарабіў муж-шафёр, нешта прыдбала яна-кладаўшчыца, i, канечне ж, дадалі іхнія бацькі. Добра то добра, але разам з іхняй заможнасцю крочыла i бяда: у ix не было дзяцей.
Гэльчын муж лічыў, што гэта адбываецца па жончынай віне, першы час цярпеў, а затым пачаў прыкладацца да чаркі, a выпіўшы, навучыўся прыдзірацца, папікаць. Яна, як ведалі ўсе ў вёсцы, была жанчына жвавая, смелая, не аднаму мужчыне, нават начальству, дала аплявуху, хто спрабаваў паваліць яе на мяшкі ў складзе, але, адчуваючы сваю віну, маўчала, цярпела мужавы прыдзіркі i папрокі, толькі сам-насам плакала ад болю i крыўды. Аднойчы той усчаў ужо сварку, а сварка перарасла ў бойку. Яна не вельмі паддалася яму, але ён, мужчына, усё ж набіў яе больш i мацней.