Выбрать главу

— Радасць то радасць,— не сунімалася тая.— Але ж... Каб ён быў нежанаты, несямейны! Хай бы нават быў сляпы на адно вока, аднарукі альбо аднаногі, ды халасты ці ўдавец!

— Будзем, мама, прывыкаць i да такога. Я памру лепш, чым пайду ў бальніцу пазбаўляцца ад дзіцяці. Нараджу яго насуперак усім!

— A калі яно, беднае, некалі запытае, хто яго бацька?

— Хіба я, маці, не змагу яму ўсё патлумачыць? Няўжо яна, мая крывінка, мяне не зразумее?

Маці не адказала, толькі зноў i зноў уздыхнула з цяжарам на душы.

6

Мусіў Казік зажыць двайным жыццём. Па-адному — дома, з сям'ёй, на людзях, i зусім па-іншаму — з любай Гэлькаю, з якой адчуў сябе мужчынам i чалавекам. Ды... Ягонае жыццё, выходзіць, яшчэ больш зменіцца: як толькі што сказала Гэлька, яна нечакана нават для сябе зацяжарала ад яго.

Стомленыя пасля нядаўняй любоўнай гульні, сцішаныя пасля Гэльчынага прызнання, яны ляжалі побач нейкі час моўчкі.

— Ты, любы, можа, не рады, што я ашчасліўленая?— Гэлька прыўзнялася i панамагалася i ў восеньскай цемені ўбачыць Казікаў твар.

— Я думаю,— прызнаўся ён.

— Толькі не набірай абы-чаго ў галаву,— папрасіла яна, цалуючы яго ў шчокі, шыю i грудзіну.— Няхай усё будзе так, як выйдзе. Што б ні было, як бы ты ні павёўся, але дам пабачыць свет таму, каго нашу.

— А што мне рабіць цяпер? — сур'ёзна задумаўся ён.

— Для мяне, ведай, мой самы дарагі чалавек, хопіць ад цябе ўжо i таго, чаго ты дабіўся!— пачала супакойваць яго яна.— Я люблю цябе, а цяпер ты для мяне, кажу ж, самы дарагі чалавек, але я зусім не хачу адрываць цябе ад сям'і. Я маладая, здаровая, маю падмогу, дык выгадую дзіця. Перасцерагаю: калі ты цяпер пачнеш угаворваць мяне, каб я пазбавілася ад яго, дык я дзеля яго адмоўлюся нават ад цябе!

— Я зусім не хачу рушыць тваю радасць.

— То дзякуй вялiкi, любы! Мілы! Родны мой!— яна пачала ўтрапёна цалаваць яго, i ён не мог не адказаць на такі падзяклівы i гарачы парыў...

...Неўзабаве, як казала Гэльчына маці, як i грэба было чакаць, i ўся вёска ўведала: Гэлька цяжарная. Спачатку быў пошапт пра гэта, а пасля ён, гэты пошапт, успыхнуў у вялікую вясковую навіну, а яна, навіна, пачала не толькі перадавацца з хаты ў хату, але i абрасгаць рознымі чуткамі i здагадкамі. Ад ix зашчымела не адно маладое жаночае сэрца: хто ж бацька Гэльчынага дзіцяці?

Што да самой Гэлькі, дык яна не збянтэжылася i не засаромелася — наадварот, высока падымала галаву i годна насіла сваё папаўнелае цела i не прамінала сказаць, што магла б зацяжарыць i раней, з былым мужам, «але не хацела нарадзіць ад дурня». Калі ж у яе найбольш цікаўныя дапытваліся, «з кім яна падгуляла», дык яна, адводзячы бяду ад любімага чалавека, зманіла, што, маўляў, «не ўстояла перад адным чужым маладым i надта ж харошым шаферам, які падвозіў мяне ў горад».

Цяпер прыйшоў ужо час апусціць нос, ніжэй нацягнуць на вочы брылёўку яе былому мужу. Прыціхла i яго Ядзя — яна дагэтуль нібы ганарылася, што якраз яна здолела ашчаслівіць чалавека, якому не магла даць шчасця яна, Гэлька.

7

Калі ўжо сышоў снег, падсохла, было то маладое сакавіцкае неба, то ўсходжваўся вецер, шарэлася i крапаў халодны дождж, Гэлька нарадзіла сына.

Вясковыя кабеты, згараючы ад нецярпення, як толькі парадзіха з дзіцем вярнуліся дадому, адразу ж пашыбавалі да ix, пільна абгледзелі лобік, носік, губкі i падбародак малога, каб пераканацца: зманіла Гэлька ці не, нарадзіла ад чужога чалавека ці свайго? Пасля, сабраўшыся купкаю, як кажуць, паласкалі языкамі, але тайнага бацьку Гэльчынага сына не апазналі.

...Казік, улучыўшы хвіліну, калі на дварэ шарэла, а Гэльчына маці выйшла са сваёй хаты ў вёску, з нецярпеннем i хваляваннем зайшоў да Гэлькі. Адно, канечне, было, калі ён употай крочыў сюды да Гэлькі як да жанчыны, але зусім іншае было, калі ён ішоў сюды на сустрэчу i з ёю, i з іхнім дзіцем, што стала плодам іхняга кахання.

Гэлька — яшчэ папаўнелая пасля родаў, але рухавая i па-ранейшаму борздкая, у новенькім халаце — сустрэла яго яшчэ ў сенцах, радасна i з любоўю закінула яму за шыю рукі. Яны абняліся, пацалаваліся, як муж i жонка ў радасныя хвіліны свайго жыцця, калі адно аднаму вельмі любасныя i дарагія.

— Пакажы ж,— папрасіў Казік, калi перавёў дыханне пасля доўгага пацалунку,— што ж у нас выйшла!

— Зірні-зірні на сваё старание,— Гэлька ўсцешана павяла яго ў дом, у знаёмую яму спальню, да каляскі на колах.

Яна была радая, шчаслівая, а ён хваляваўся: у яго яшчэ адно дзіця, але пабочнае, тайнае ад людзей, з невядомым лёсам. У спальным пакоі было цемнавата, дык ён нагнуўся, пільна агледзеў невялікі зморшчаны тварык, па якім пакуль што было цяжка пазнаць, на каго падобнае дзіця, а пасля нагнуўся i пацалаваў малое ў шчочкі. I ў гэтую ж хвіліну тое заварушылася i закрактала.