Выбрать главу

— Ды ведаю, чаго ты, індывідуаліст, вясковы ўласнік па натуры, хочаш: каб я з табой засталася ў гэтай глушы, была i на службе, i закапалася з вушамі ў гаспадарку! Каб была я простаю бабай!

— Не ўсім жа парторгамі быць! Ды, можа, не так ужо i блага — быць жанчыне проста бабай!

— Ды гэта твой узор жанчыны! Як Гэлька! З-за пажаднага інстынкту вунь нарадзіла i без мужа!

— Дарэмна ты так зневажаеш яе,— заступіўся за тую.— Яна хоча быць простай жанчынаю, маці, дык i нарадзіла.

— А ты адкуль гэта ведаеш? — напала на яго Вера.— Ці, можа, ты з ёй спаталяў сваю пажаднасць?

— Можа,— паколькі пры такой размове мог сказаць праўду, дык i не стрымліваўся ад яе.— Бо хацеў быць проста мужчынам.

Па тым, што i як ён прамовіў, Вера не паверыла ў яе, ягоную праўду, дык фанабэрыста адмахнулася:

— Дык ідзі да яе! Гадуй байстручка, будзьце з ёю проста мужык i баба! Яна ж вунь якая гладкая, смызная i падатная! У яе, сапраўды, простым думкі, пра адно!

— Пайшоў бы, Вера, прмзнаўсй ён шчыра, каб не нашы дзеці.

Тая рэзка ўзняла галаву і, здаецца, ужо з недаўменнем, а то i з насцярогай зірнула яму ў вочы — ён жа сядзеў непарушна, прыжмурана пазіраў убок i па тым, што было ў яго нялёгкім позірку, яна, мабыць, нарэшце зразумела: не яна змучылася з ім, а ён пакутуе з ёю. Ды, можа, як i кожная жанчына, адразу не схамянулася, не падумала i не прыструніла сябе, a хапіла, як выкінутая на бераг рыбіна, паветра, захакала, моршчачыся ў плаксівай міне:

— Калі табе трэба проста баба, дык пакідай мяне, тую, якой быць найперш такой — мала! Я выгадую сваіх дзяцей i адна! А каб не мазоліць вам вочы, перавязу ix да сваіх бацькоў!

Ён, дагэтуль не раз разважаючы, як яму быць, не падумаў, што Вера можа, калі яны разыдуцца, пакінуць Янкавіны, іхні дом i перабрацца з адной вёскі ў іншую ды не проста выехаць, a звезці ад яго дзяцей.

— Ідзі! Ідзі! — ужо нервова спаганяла на ім свае крыўды i адчай Вера.— Я не трымаю!

Казік не зазлаваў, аднак i не суцешыў яе, з адчаю, але ўжо свайго, падняўся i выйшаў з дому на начны, халодны, ужо засыпаны снегам двор...

1992, 1995

Мініяцюры

ЛІСТКІ ЗАПІСНЫХ КНІЖАК

I

* * *

Кажуць, маяк свеціць праз кожныя пяць секунд. Шмат часу, канечне, ён свеціць марна, без патрэбы. Але вось дзіва i цуд: прыходзіць міг, калі некаму няможна абысціся без кароценькіх пяці секунд святла!

* * *

Пры ўсёй нашай стрыманасці, нават i некаторай непачцівасці да народнай памяці ў нас цяпер[86] аднак выходзіць нямала цікавых кніг па гісторыі, культуры роднага народа. Напрыклад: «Слоўнік мовы Скарыны», «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы», «Гістарычны слоўнік беларускай мовы», «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы», «Беларуская народная творчасць», «Жывапіс Беларусі XII — XVIII стагоддзяў», шматлікія выданні выдавецтва Белэнцыклапедыі i г. д.

...Купляем з сябрам новую цікавую кнігу па нашай гісторыі. Сябра трымае ў руках доўгачаканы томік, гартае i сумнавата ўздыхае: «Трэба абавязкова купіць, а то калі яшчэ перавыдасца? I наогул — ці перавыдасца?!»

Што гэта — нават у самім мысленні? Нявер'е?

I найперш — у самога сябе?

* * *

Карл Маркс: «Вялікі талент без перакананняў нараджае нягоднікаў».

На першы погляд, несумяшчальныя рэчы — талент i нягодніцтва. Але ў жыцці, на жаль, гэтая прыкрая з'ява даволі пашыраная. Нават больш — у некаторых, шчодра адораных прыродай, i шчодрыя, таленавітыя метады праяў зла. Як правіла, пад маскаю дабрачыннасці.

* * *

Ёсць ахвотнікі гаварыць пра нечы новы твор па адным прачытаным сказе альбо па першай жа знойдзенай імі карэктарскай абмылцы.

Сам чуў, як адзін пажылы, баявіты, але штучны, халодны ў сваёй творчасці літаратар даваў заўвагу па вышэйназванай методзе маладзейшаму, болей таленавітаму калегу. Уразіла нават не сама па сабе такая сітуацыя, a іншае: колькі сатанінскай радасці, ахвоты да глумлення было ў патухлых вачах чалавека, які крытыкаваў...

* * *

У кожным вялікім гурце — у звяроў, птушак, насякомых i г. д. — ёсць свой лідэр. Роля лідэраў велізарная. Усе мы пра тое ведаем, таму няма асаблівай патрэбы шмат красамоўнічаць пра тэта.

У пісьменнікаў таксама ёсць свае лідэры. Вылучаныя талентам, сітуацыяй ці хітра выштурхнутых заканадаўцамі мод у літаратуры.

Чытаючы артыкулы, інтэрв'ю аднаго з нашых лідэраў (добрага творцы, між іншым), нельга аднак не здзівіцца, не паціснуць плячыма: з году ў год ён, шчаслівец, гаворыць толькі пра сябе, пра калег-лідэраў, а пра многіх тых, хто разам з ім цярпліва, мужна i плённа цягне мастацкі плуг, ні слова. Як i няма нікога i нічога вартага, нібы ён — адзін у пустыні.

вернуться

86

Сустракаючы словы «сёння», «цяпер» i інш., чытачу трэба ўяўляць не год альбо дзень, калі ён чытае гэта, а той час, калі аўтар пісаў гэтыя радкі, калі была адпаведная атмасфера для яго эмоцый i разваг. Для гэтага выдання аўтар лічыць патрэбным не «падпраўляць» сябе.