— Мендог сам прыйшоў,— адказаў Усяслаў, не хочучы нагаворваць на суседа-саюзніка, якога даўно ўжо недалюблівае Даніла, а то i лічыць за аднаго з самых небяспечных ворагаў: былі на тое свае прычыны.
— Хоць вы ўступілі ў бой пазнавата, але ваш прыход добра падняў наш дух i ашаламіў уграў ды ляхаў,— прызнаў горды Даніла.
— Ты, князь, хораша сказаў Фільнію: цяпер нам трэба быць разам супраць ворагаў, што абкружылі з усіх бакоў,— прамовіў негаваркі Усяслаў i тое, пра што думаў, i для таго, каб усыпіць Данілаву насцярогу да ix, навагародцаў.
— Дзякуй, Усяслаў,— сказаў Даніла, усцешыўся.— Мой сябар маленства, кароль Бэла, бач, палічыў: мы цяпер зусім слабыя, дык ён возьме мяне голай рукою i пасадзіць на маё месца зяцька Расціслава. Свярбіць яму ўсё ж дадаць да свайго тытулу «рэкс Галіцыэ эт Ладамірыэ»[11], хоць яшчэ яго бацька ведаў: не ўдасца ім гэта. Вось чаму мы i невялікай сілай, у тры тысячы конных i пяць сот пешцаў, стаялі насмерць. A калі ўгры i ляхі, прадчуваючы перамогу i спажыву, кажу, угледзелі пыльную хмару ад ног вашай конніцы, дык разгубіліся i пабеглі.— I зусім шэптам: — Шчыра дзякую, Усяслаў, i за мой паратунак. Вельмі ж ціснулі ўгры, мае дружыны пачалі адступаць — мусіў сам кінуцца ў гушчу бою... Каб не твая падмога, дык, можа, i паланілі б, аддалі б на згубу Расціславу...— Прыхіліў i пацалаваў.— Я твой вечны даўжнік, дружа!
Іншым разам Усяслаў, можа, i ўсміхнуўся б: што бывае вечнае ў людзей, тым больш у князёў? Сёння, калі рады i вясёлы, той-сёй з ix дзякуе, a заўтра...
Усяслаў добра ведаў Данілу яшчэ з часоў першай сутычкі з мангольскімі набежнікамі на Калцы, калі яны, маладыя, былі як след пабітыя i ледзь выратаваліся ўцёкамі (параненага ў грудзіну Данілу выімчаў верны конь); за апошнія дваццаць гадоў яшчэ болей пазналі адзін аднаго ў розных баях i спрэчках — не раз плячо ў плячо хадзілі на яцвягаў, на Конрада Мазавецкага, адбівалі крыжакоў i нават прыйшлося сутыкнуцца ў баі адзін з адным. Да слова, тады, калі яны, навагародцы разам з літоўскімі князямі, рашылі памагчы Пінску, калі той сабраў досыць вялікую кааліцыйную сілу супраць Данілы: пінянам надакучыла ўжо зацяжное пасяганне паўднёвага суседа. Праўда, сталыя i хітрыя галіцка-валынскія верныя баяры падказалі маладому Данілу, як раз'яднаць іхнія сілы, зноў падпарадкаваць Пінск[12], але з таго часу піняне затаілі помету i тайна саюзяцца з Навагародкам i з Міндоўгам, дазваляючы таму i іншым літоўскім князям набягаць праз іхнія землі на Данілавы ўладанні. Праўда, піняне ў той жа час не замінаюць Данілу i яго брату Васільку ісці ў пагоню за літоўцамі, а пасля «святкуюць» разам з паўднёвым уладаром перамогу. Палітыка. Яны — употай змоўленыя навагародцы, ваўкавысцы, свіслачане, слонімцы, піняне, тураўчане i берасцейцы — былі пільныя i добра сачылі, каб i Данілу аслабляць, i літоўцаў не ўмацоўваць, каб спакваля набірацца моцы самім. Адным словам, Даніла i Усяслаў няблага ведалі, хто мае якія звычкі i нораў, сілу i спрыт, развагу i рашучасць. Што да Данілы, той лагодны i шчодры, калі ўсё выходзіць так, як ён хоча, але калi штосьці не па ім, дык тады гнеў i жорсткасць ягоныя не ведаюць межаў. Хіба не пра гэта гаворыць тое, як ён у свой час абышоўся з цесцем Мсціславам: той са сваёй сілаю памог выгнаць чужаземцаў, асядлаць некаторых непакорлівых i мяцежных баяраў, узвысіў над Галіцка-Валынскай зямлёю, вадзіў яго на Калку, а ён адплаціў таму чорнай няўдзякай — праўда, потым, пасля Мсціслававай смерці, наракаў, што ix перасварылі некаторыя зламысныя баяры: маўляў, уладны цесць хацеў яго мець толькі за васала...
— Затрымайся, Усяслаў,— прамовіў Даніла.— Хачу штосьці сказаць табе, а пра штосьці запытаць i пачуць ясны адказ...
2
Майстравыя людзі хутка паставілі драўляныя падпоркі, нацягнулі вяроўкі, абкрылі скурамі, дыванамі — неўзабаве ўжо стаяў шацёр на палавецкі манер для Усяслава.
Ён, распрануты да пояса, мыўся пад струменем цёплай вады, што ліў са збана яму на шыю i рукі ягоны верны дружыннік-ахоўнік Цішук, фыркаў, асвяжаўся, хоць сёння ад асалоды не цешыўся: не мог ні на хвіліну забыць княжычавай пагібелі. Калі зажмурваўся — i на дварэ, i потым у шатры, лежачы на палавецкіх пухавіках,— зноў i зноў, нібы на выяве малявальніка, бачыў карціну сённяшняга бою на той час, на які ён заспеў яго. Вось так, заплюшчыўшы вочы, бачыш увечар грыбы ці ягады, што збіраў удзень.
Калі ягоная дружына пасля полудня перайшла Сан, мінула ўжо досыць ускапычаны луг, дык на жвірыстай раўніне i на камяністым перадгор'і яны ўбачылі стракаты i яркі вялізны людскі i конны мурашнік — у ім вялікія мурашы ў даспехах спляліся па адным i малымі ды вялікімі гуртамі, калолі-дубасілі адзін аднаго коп'ямі, мячамі i сякерамі — нават у тупаце конскіх ног было чуваць, як там крычалі-енчылі-стагналі людзі, як звінела жалеза i сталь, i на вачах падалі на зямлю ўсё новыя i новыя забітыя ці параненыя.