Усяславу было даволі аднаго зацяжнога налоўчанага ваяводскага позірку, каб убачыць: князю Данілу — нявыкрутка. Няма ўжо ягонага рэзерву, няма ўжо яго самога на кіруючым узвышку каля княскай харугвы, усе — i маладыя, i самыя загартаваныя дружыннікі — у баі. Каб вораг не адкінуў i не ўтапіў у Сане, яны біліся зацята i адчайна — як Князевы воі ў бліскучых даспехах, а некаторыя, найбольш выбітныя, i з залатым ланцужком на грудзіне, так i апалчэнцы, прыкарпацкія руснакі ды гуцулы ў белых, вышытых на спіне кашулях, у сініх i чырвоных шараварах i ў шарсцяных панчохах ды чорных мяккіх чунях, узброеныя самым нечаканым чынам — сякерамі з доўгімі тапарышчамі, кінжаламі, лукамі, а таксама i арканамі. На ix насядалі простыя i знатныя венгры — з ix многія былі, здаецца, у палавецкіх аблямаваных шэрсцю каўпаках, у кафтанах ды ў шараварах, нават з палавецкімі шаблямі.
«Ці абрабавалі ўгры палавецкага хана Кацяна, калі той папрасіў у ix паратунку ад Батыгі,— мільганула думка ва Усяслававай галаве,— ці полаўцы сілай змушаныя ісці са зброяй на саюзнага ім Данілу?»[13]
Разам з венграмі лезлі напралом нямецкія рыцары ў вялізных шлемах з адтулінамі для вачэй i рота, у бліскучых панцырах i шчытах з залатой насечкаю, а таксама насядалі крыжакі ў белых мантыях ды манаскія ордэнцы, на харугвах якіх была намаляваная сабачая галава з палаючым факелам у зяпе (можа, i ад таго ix празвалі псамі-рыцарамі). Далей, на ўзвышку, быў стан варожага палкаводца: там узвысілася блакітная харугва з залатой каронаю Стэфана, якую неслі два ангелы. Паблізу харугвы стаяў знатны коннік — мабыць, венгерскі палкаводзец. Можа, i Фільній: чуткі як пра яго храбрасць, так i пра яго жорсткасць даходзілі i да Навагародка. Добра бачачы зверху, як пад бел-чырвона-белымі харугвамі набліжаецца, імкнецца на падмогу Данілу Усяславава конніца, той занерваваўся, штосьці закрычаў, замахаў рукамі — туды-сюды, у розныя бакі, паскакалі яго пасланцы, каб, канечне ж, перадаць старшым дружын ягоную новую каманду i перацягнуць больш сілы сюды: за імі спяшаліся i Міндоўгавы дружыны.
Хоць быў не маладзён ужо, не раз i не два біты, паранены ў баях i сутычках, аднак i цяпер Усяслаў адчуў трывожны прыліў хвалявання i страху перад хуткай сечай — i за сябе, i за моладзь; каб аспакайнець i стаць цвяроза разважлівым, ён, як заўважаў, а за ім услед i ягоныя дружыннікі на хаду залішне бязлітасна білі, аглушалі абчапляных жалезам рыцараў — тыя ці то спрабавалі падняцца на ногі ці, хістаючыся, пляліся на поле бою, каб ударыць галічанам i валынцам у спіны. Усяслаў падаў знак сваім трубачам — пачуўшы баявы кліч навагародцаў, дружыннікі князя Данілы пачалі расступацца, пакідаць ворага перад свежай сілаю; Усяслаў адціснуў княжыча ўбок, а ягоныя дружыннікі галопам уклініліся ў рыцарскі стан i адразу ж молада пацяснілі ашаломленых рыцараў. У бой навагародцаў павёў тысядкі Бялян.
Застаўшыся ў тыле з княжычам i аховаю, пакрысе ўтаймоўваючы хваляванне, Усяслаў ужо не траціў позірк на ўсё поле бою, a ўчэпіста засяроджваў яго на мечаванні малых i вялікіх гуртоў, вызначаючы, куды трэба перакінуць сваю сілу. Вось цяпер ён ужо ваўсю адчуў стальны звон, конскі храп, людскія енкі i крыкі. Boi, пераадольваючы страх i набіраючыся злосці ды няшчаднасці (не заб'еш ты — заб'юць цябе, пасягнуць на тваю сям'ю i на тваё дабро), лаяліся, абражалі яшчэ адны адных:
— Элёрэ! Батран![14]
— Бжыдаль![15]
— Гидь![16]
— Зобачце: Навагрудэк![17]
— Элёрэ! Батран!
— Фрыш драуф![18]
— Аусгаррэн![19]
— Айн блёфэр кэрл! Айн троттэль![20]
— Гавкай-гавкай, гндь! Нагавкаеш!
— Геть, гидота! Геть, посипака![21]
Абмацваючы вачыма поле бою, Усяслаў вышукваў: дзе ж знаёмая Данілава харугва, дзе яго знаёмае карзно? I нечакана ўбачыў у людской гушчэчы: Данілу з невялікай купкай людзей абкружылі венгры, той ca сваімі дружыннікамі адчайна б'ецца, аглушае, скідвае з коней усё новых i новых ворагаў, але вось некалькі пешцаў злаўчыліся i сцягнулі Данілу за карзно з каня.
— Бачыш, княжыч? — запытаў Усяслаў.
13
Тагачасная жонка Данілы Галіцкага была дачкой былога наўгародскага князя Мсціслава Удалага i ўнучкай палавецкага хана Кацяна.