Выбрать главу

Міндоўг хутка спешыўся i адразу рушыў да Усяслава.

— Якая бяда! Якое гора!— прыпаў да ягонага плечука, прамаўляючы на дрыгавіцка-крывіцкай гаворцы. Спачуваў i заадно нібы апраўдваўся за былое: той-сёй у Навагародку шчыра лічыў, што ён не без патаемных намераў не ўратаваў іхняга серадольшага княжыча ад крыжацкага мяча.

— Што будзем рабіць, Усяслаў?— па праве добрага суседа i павагі да яго запытаў Міндоўг.

— Княжыча хутка адправім з тысяцкім Бялянам,— адказаў Усяслаў,— а нам з табой, князь, трэба застацца тут. Князь Даніла просіць.

— Шацёр для князя Міндоўга гатовы,— уступіў у размову дворскі Андрэй.— Мыйся, князь, пераапранайся — хутка вячэра. Грэх не адсвяткаваць перамогу.

— Як Усяслаў, так i я,— адступіў той, даючы прытуліцца да Усяслава свайму баярыну Хвалу. I ўжо ўсцешана: — Пабілі ўграў i ляхаў, шмат паланілі, a астатніх загналі ва ўсе шчыліны Гары. Шмат даспехаў, коней непрыяцельскіх узялі. Вялікія лупы![27]

Усяслаў міжволі ўсміхнуўся: любіць сусед пажывіцца за чужы кошт. Як i ягоныя дзяды ды прадзеды, не раз i не два дзеля гэтага дзёрзка набягаў на смаленскую, наўгародскую i яцвяжскую землі, на аўкштайтаў, жамойцаў i крыжакоў. Праўда, ca згоды i падбухторвання Полацка, a ў апошні час — i Навагародка ды Пінска, што засланялі яго зямлю з заходне-паўднёвага боку i з якімі ён мусіў саюзнічаць.

— Ваявода,— прамовіў Андрэй, калі Міндоўг i Хвал адышліся,— у нас мала часу, але нам трэба паглаголеці з вока на вока. Ёсць тое-сёе, пра што лепш перамовіцца без Мендога, ці не так?

— Я ўважліва слухаю цябе, дворскі, скупа прамовіў Усяслаў.

— Сарока, ваявода, пачала ўсё часцей i часцей прыносіць нам непрыемныя навіны з Ноўгародка... Андрэй «нача посольство правити».

«Іншым разам гэтую гутарку завялі б за вячэраю, калі пастараліся б напаіць i развязаць язык,— падумаў Усяслаў.— Цяпер ведаюць: сёння шмат піць не буду, дык князь Даніла даручыў прыціснуць мяне да сцяны цяпер».

— Хадзем у шацёр, прысядзем,— прамовіў уголас, рыхтуючыся лішне не прагаварыцца i не ўскіпець перад назольным i няшчадным Андрэем. Ён — як тая блыха: малая, але моцна джаліць.

— Пастаім тут,— сказаў той.— Я хачу сам бачыць, што нас не чуе чужое вуха. Дык чаму, ваявода, гэтыя навіны для нас непрыемныя?

— Я не ведаю, пра што пытае дворскі.

— Ліс ты, Усяслаў,— ухмыльнуўся, чапляючыся, Андрэй, кладучы локаць на кант блізкага шатра.— Такі, якім быў некалі твой цёзка, полацкі князь-ваўкалака!

— Давай, дворскі, не зневажаць продкаў,— нібы папрасіў, а на самай справе незадаволена сказаў Усяслаў.— Скажы, калі ласка, што ж непрыемнае табе настракатала наша сарока?

— Нечысцівае замышляеце вы. Князь Ізяслаў i ты ca сваімі аднадумцамі.

— Нечестивому все в угоду...— Паспрабаваў аджартавацца Усяслаў.

— Добра ведаеш, ваявода: я i сам люблю жарты,— стрымана прамовіў той.— Але цяпер нам трэба пагаварыць сур'ёзна.

— Тады, дворскі, не хадзі кругамі, гавары ўсё ясна. Я не дыпламат, а вой, дык люблю яснасць.

— Ты — i вой, i дыпламат. Да ўсяго хітры i выкрутлівы.

— Перахвальваеш ты мяне вельмі, дворскі.

— Не першы год знаёмыя, розныя чуткі пра цябе чую, дык добра ведаю, хто ты. A калі любіш яснасць, дык яснае табе запытанне: чаму князь Ізяслаў гэтак зняважліва адгукнуўся на грамату князя Данііла? Чаму не прыслаў сюды вашы сталыя, баявыя дружыны?

— A хіба я не сталы?

— Ты то сталы, а гэтыя твае воі? Жаўтароцікі! Ды i тых жменька!

— Сталыя дружыны ахоўваюць нашы абшары, супрацьстаяць крыжакам,— спакойна адказаў Усяслаў.— A жаўтароцікаў, як ты кажаш, трэба рана-позна кідаць у бой, гартаваць. Вось я i прывёў сюды нашых дзецюкоў.

— Ты спажыў момант i наладзіў ім навучальны паход!— абурыўся той.— I прыцягнуўся так позна, каб мы ўзялі ўвесь цяжар бітвы на сябе, панеслі вялікія ахвяры i яшчэ болей аслабелі. Каб тваіх дзецюкоў ацалела як мага больш.

— Дык у цябе ні да мяне, ні да Мендога няма нават слова падзякі?

— Мендог прывёў большую сілу ды прыйшоў таксама позна, калі мы ўжо...

—...выдыхаліся,— перахапіў Андрэеву думку i дадаў Усяслаў.— I мы з Мендогам, як ні запазніліся, усё роўна здолелі памагчы пераламаць ход бою i выйграць яго.

— Дык ты, можа, хочаш, каб мы запісалі i тваё імя, імёны тваіх бязвусых дзецюкоў у наш летапіс? — уз'еўся той.— Нароўні з нашымі ратнікамі-героямі?

— Я не прагну вечнай славы,— сказаў Усяслаў.— Але i не магу пагадзіцца з тваімі нападкамі. Сам добра ведаеш, хто падсяліўся да нас i прагна клацкае зубамі, каб у спрыяльную хвіліну скочыць i перагрызці нам горла. Мы ў любую часіну дня i ночы павінны быць напагатове i трымаць для адпору вялікую сілу.

вернуться

27

Лупы — ваенная здабыча.