Выбрать главу

— Не толькі,— аскаліўся Андрэй.— Намеры вашы большыя.

— Якія, па-твойму?

— Вы, трэба сказаць, вельмі спрытна спажылі апошнія пяць — сем гадоў, калі манголы прайшліся па многіх землях Русі i спустошылі ix, а вас абмінулі. Вы, бачачы, што Валынь i Галіч разгромленыя, а князь Даніла мусіць шукаць паратунку ў Мазовіі, яшчэ больш падуладзілі Услонім, Ваўкавыеск, Гарадзен, перавабілі на свой бок Пінеск, Тураў, Бярэсце, прыручылі Мендога, а гэтым самым яшчэ больш узвысілі Ноўгародак! Канечне, вам было ўсё ў руку: вашы я землі непатаптаныя, весі i гарады непапаленыя, сталыя мужчыны непабітыя, а маладыя жанчыны i дзеці нязведзеныя ў палон! Вы спакойна назапашваеце хлеб, коней, зброю, гартуеце з дзецюкоў новыя дружыны i палкі! На вас ужо ca страхам пачынаюць глядзець суседзі! Вы мала зважаеце на волю князя Данііла!

— Ты, дворскі, нібы папікаеш нас за тое, што нас абмінула мангольская віхура,— Усяслаў добра разумеў, чаго нібы конь капытамі б'е Андрэй, але гнуў па-ранейшаму сваё.— Што ж, нас Бог уратаваў ад дзікіх азіятаў, мы толькі пачулі грук, убачылі пыл з-пад ног капытоў мангольскіх коней, дым ад пажарышчаў на суседніх i вашых землях, але Бог пакуль што не зусім засцярог нас ад іншага ворага — вучонага, хітрага ды не менш крыважэрнага.

— Не спрабуй абвесці мяне вакол пальца, ваявода!— не суцішваўся той.— Ты падаеш нам свой Навагародак за галубка, а мы ў вашага птаха ўжо разгледзелі моцную дзюбу i вострыя кіпцюры! Ён вось-вось можа ўзляцець на паляванне!

— Куды, па-твойму?

— На суседнія землі, каб пабольшыць свае ўладарныя абшары, болей мець ежы i моцы!

— Перабольшваеш ты ўсё, дворскі. Ці ад страху, ці ад гнюсных нашэптаў.

— Не перабольшваю, а прачуваю ўсё. Праўда, пакуль што вы робіце без мяча, спакваля, ціха, перамовамі-змовамі, але, паўтару, умацоўваеце Навагародак. Ды, бадай, ужо існасць: Навагародак — сталіца Навагародскай зямлі альбо Вялікага княства Навагародскага. Нечакана-негадана. Менш чым за дзесятак гадоў. Хочаш ці не хочаш, але трэба прызнаць: князь Ізяслаў не ўпусціў момант, свой шанец, з васала Кіева, а потым князя Данііла стаў вялікім навагародскім князем альбо, як вы любіце гаварыць, Гаспадаром!.. Скажаш, не так?

— Не зусім.

— Аспід ты, Усяслаў! — скрывіўшыся, хітнуў галавою Андрэй.— Як i твой цёзка, палацескі князь Усяслаў! Як добра ведаю, не зусім выпадкова ты так шануеш таго! Не лік Уладзіміра Святаслававіча альбо Уладзіміра Манамаха, а якраз лік «Чарадзея» на сцяне тваёй святліцы!

— Мае далёкія продкі служылі ў князя Усяслава, любілі яго, дык i я, як ты кажаш, шаную ix.

— Ты найперш шануеш таго ваўкалаку за тое, што ён хітрасцю i вераломствам вывеў Палацеск з-пад улады Кіева. Табе мілая гэтая ідэя, ты ўжо нямала зрабіў, каб вывесці з-пад рукі князя Данііла Навагародак!

— Што ж,— уздыхнуў Усяслаў.— Князь Ізяслаў i я — цяпер найпершыя вашы ворагі!

— Не ўздыхай прытворна! — незалюбіў Андрэй.— Кажу ж, не абведзіцё нас вакол пальца! Спазналі вашы хады i новыя задумы! Ці ты думаеш, што мы ўсяго не ведаем? Да слова, пра тваю нядаўнюю паездку ў Палацеск? Ты туды падаўся без волі i згоды князя Данііла! Нават на малой Радзе ні слова не сказаў пра яе, a пашаптаўся толькі з князем Ізяславам!

— Што вы маеце віжавую службу ў Навагародку, для нас гэта не сакрэт,— адказаў Усяслаў.— A ездзіў я ў Полацак для таго, каб пагаварыць з князем Брачыславам пра тое, як нам разам засланіцца ад крыжакоў.

— А чаму ўтойваеш пра перамовы ад сваёй Рады, ад нас?

— Я ездзіў у Полацак як пасол князя Ізяслава, дык найперш яму расказаў пра перамовы.

— I да чаго вы дамовіліся?

— Пра гэта, дворскі, князь Ізяслаў можа сказаць толькі князю Даніле.

— Князь Брачыслаў — таксама аспід,— сказаў Андрэй.— Ён вельмі хітра спажыў турботы Ноўгарада. Каб мець князя Аляксандра[28] за саюзніка, аддаў за яго сваю дачку. Як кажуць, адразу забіў двух зайцоў: i разам з тым супраць крыжакоў, i заадно спрытна ўбіў клін паміж Ноўгарадам i Смаленскам. Цяпер ужо Смаленск не асмеліцца пасягаць на Палацеск! Ды нас непакоіць іншае: пра што перамаўляліся Навагародак i Палацеск?

— Я ж казаў табе пра гэта, дворскі.

— Што ты сказаў мне, гэта — толькі нейкая доля ўсёй праўды. Нас цікавіць, як дзялілі вы літоўскіх князёў (каго, апроч Мендога, хочаце прыручыць вы, а хто ў задуме палацескай палітыкі), як гаварылі пра тое, што Навагародак можа паказаць зубы нам? Даў на гэта Палацеск згоду ці не?

— Надумлівы ты, дворскі,— усміхнуўся Усяслаў.

— Не надумлівы, ваявода,— адразу ж адкінуў ягоную ўсмешку той, па-ранейшаму стоячы на сваім.— Ад вас цяпер можна ўсяго чакаць. Але ведайце i не забывайце: князь Данііл не будзе спакойна назіраць за тым, што i як вы робіце! А тым больш патураць!

вернуться

28

Маецца на ўвазе Аляксандр Неўскі.