Выбрать главу

«Ведаем i помнім,— мог прамовіць Усяслаў, але змаўчаў.— Таму i асцярожныя, не вытыркаемся раней часу».

— Чаго замоўк, ваявода? — з'яхіднічаў Андрэй.— Разгадалі мы вашу крамолу! Бачым, разумеем кожны ваш вераломны крок!

— Адным словам, ліхадзеі мы, не пра тое дбаем! Ці як там яшчэ, па-твойму?

— Па-мойму, так: не гуляйце з агнём, навагародцы! Адмоўцеся ад сваіх гордых задумаў, не гнявіце князя Данііла! Ён ніколі, чуеш, ніколі не дазволіць таго, што вы замыслілі ў спакоі i цішы, добра пад'еўшы i ўзброіўшыся! Мы ўсё зробім, апошняе сваё патрацім, але не дапусцім, каб было, узвышалася Вялікае княства Навагародскае! Ці вы — нашы васалы, ці мы абкладаем вас i бяром на змор!

«Гэта мы яшчэ паглядзім. Не столькі ў вас цяпер моцы, каб вы здолелі зноў паставіць Навагародак на калені!»

— Нялюбыя табе мае словы, Усяслаў,— пацешыўся Андрэй.— Спеліш, акі аспід, на нас сваё джала!

— Я, Андрэй, вой,— зноў i зноў не даў сабе выбухнуць Усяслаў.— Раблю тое, што загадвае наш князь, Рада альбо наша веча. Каб падняць меч супраць вас, мне так яшчэ не загадвалі. Вось, дворскі, увесь мой адказ на твае насцярогі, папрокі i пагрозы. Больш нічога табе не скажу. Дазволь хоць крыху паважаць сябе.

— I не падымай! Ніколі! Будзь паслушны, дык не міне цябе наша міласць,— i ўжо нібы па-сяброўску: — Калі ж лічыш, што князь Данііл павінен быць болей ласкавы да цябе, гавары. Да слова, хочаш у жонкі нашу самую радавітую i прыгожую баярыню?

«Вось так вы купілі нашага Расціслава!» — падумаў Усяслаў, a ўголас прамовіў:

— Радавітыя ды прыгожыя ёсць i ў нас, дворскі. Ды я яшчэ нашў жалобу па сваёй Праміславе.

— Задоўга без жонкі, ваявода,— пажартаваў ужо Андрэй.— Ажаніўся б з маладой i гарачай, дык найперш пра яе думаў бы... Так што прасі — дадзім красуню паўднёвую.

«Каб не мая i не Мендогавыя дружыны тут, дык ты, канечне ж, зусім іначай гаварыў бы,— з холадам на сэрцы падумаў Усяслаў.— I можа, на вячэры атруціў бы. Як у свой час хвалебны Манамах звёў са свету гвалтам захопленага, але непакорнага сына полацкага Усяслава — Глеба Мінскага. Той, хто прагне ўлады i славы, непераборлівы, ідзе нават на самае вялікае злачынства...»

3

У высокім i пакоўным княскім шатры было досыць відна ад свечак, што былі ўстаўленыя ў падвешаныя да кроквіцаў масяжовыя разгалінаваныя кандэлябры. Як падымаўся-апускаўся ўваходны полаг-дыван i хто-небудзь заходзіў, упускаючы свежы паветраны струмень, дык свечкавыя агеньчыкі выцягваліся ў доўгія языкі, хісталіся і мігцелі.

Пасярод шатра ляжаў вялізны дыван, а на ім былі самыя розныя пахкія i смачныя стравы ды напоі: выпатрашаныя падсмажаныя куры, перапёлкі i рабчыкі, падрудзелыя, з бліскучым тлушчам авечыя i свіныя тушкі, рыба, яйкі, зялёныя доўгія агуркі (насенне ix — падарунак купцоў з далёкай Індыі), галоўкавая вялізная цыбуля, клінковы сыр, буйны, нібы наліты дзённым яркім святлом вінаград, чорна-сізыя слівы, збанкі з хмельным мёдам, вялікія звужаныя ўніз круглыя амфары (як казалі навагародскія простыя людзі, глякі) з дзвюма ручкамі i вузкім горлам, напоўненыя візантыйскім i каўказскім віном. За гэтым наземным сталом, у цэнтры, па-палавецку падкурчыўшы ногі, сядзеў на падушках князь Даніла ў чырвоных шараварах, ружовай кашулі i кароткай цёплай безрукаўцы, з гладка зачасанымі сіваватымі валасамі, крыху воддаль з аднаго боку сядзеў ягоны брат Васілыса — я к здавалася, на першы погляд, лагодны, але на самай справе адданы княскім інтарэсам i жарсткаваты таўсцяк, з другога боку ўсеўся сын Леў, а за імі бліжэй сюды, да ўвахода, размясціліся знатныя галіцка-валынскія баяры, тысячнікі i сотнікі. Таксама ўсе апранутыя па-свойску — у шараварах, кашулях i безрукаўках самага рознага колеру, а самыя пажылыя з ix былі ў сабаліных футрах.

— Сюды-сюды, госці дарагія,— уважыў ix вясёлы князь Даніла, паказваючы, каб Міндоўг сеў справа, паміж ім i братам, a Усяслаў — злева ад яго, каля маладога чарнявага сына.— Адсвяткуем нашу перамогу. Як казаў мой славуты продак Уладзімір Святаслававіч: «Руси есть веселие питье, не можем бес того быти». Налівай, віначэрп!

Пасля, калі ўсе трымалі напоўненыя паўшар'істыя пасудзіны (у князя Данілы, Васількі i Міндоўга чашы былі з золата, а ва Усяслава, як i ў іншых баяраў, пазалочаныя), Даніла пачаў «речь казати». Як i кожны ўладны i славалюбны, быў гаварлівы — прамаўляў пра тое, што цяпер робіцца ў свеце i на славянскіх ды суседніх землях, «поносил» венграў, палякаў, крыжакоў i сынаўца[29] Расціслава, з асцярогай «молвил» пра Батыя, які з хітрыкай аддаў «его» Кіеў іншаму князю i пільна сочыць за ім, падзякаваў за спачуванне Міндоўгу i Усяславу. Галічане i валынцы, цярпліва выслухаўшы гэтую казань, паслужліва пацягнуліся да свайго ўладара чашамі: «Здрав-здрав буди, княже!», з задавальненнем выпілі i накінуліся на ежу — рукамі ламалі птушыныя тушкі, адразалі лепшыя кавалкі са звярыных i разам з праснакамі ды зеленню ўпляталі са смакам, пакуль Даніла зноў не загадаў напаўняць чашы маладому чарняваму стольніку, які наліваў найперш у ягоную пасудзіну, адпіваў крыху, а потым падаваў яе яму, a ў гэты час слугі налівалі хмельны мёд альбо заморскае віно іншым.

вернуться

29

Сынавец — пляменнік.