Эрл Стэнлі Гарднэр
Ключ да загадкі раскіданых рубінаў
Дождж раз-пораз суцэльнай заслонай шугаў з начнога неба. Калі гэтая заслона знікала, у прагалах паміж хмарамі паказваліся мігатлівыя зоркі. Вулічныя ліхтары, святло ад якіх зіхатлівымі стужкамі адбівалася на мокрым бруку, нібы німбам ахінала пара.
Па мокрым бруку разляталіся пырскі з-пад ног Сідні Зума, які ішоў, не звяртаючы ўвагі на лужыны. Яго хударлявая фігура, ахінутая плашчом і прыкрытая зверху гумовым капелюшом, імкліва рухалася наперад скрозь дажджлівую ноч, побач нячутна бегла аўчарка.
Сідні Зум любіў ноч. Асабліва яму падабаліся дажджлівыя ночы. Паўночныя вуліцы вабілі яго прадчуваннем прыгод. Ён безупынна шнырыў па начах у пошуках дзіўных чалавечых учынкаў, якія маглі выклікаць яго цікавасць.
Аўчарка хрыпла загыркала.
Сідні Зум прыпыніўся і паглядзеў на свайго чатырохногага спадарожніка.
— Што ў цябе, Рып?
Жоўтыя вочы сабакі выглядалі нешта ў цемры. Вушы яго натапырыліся. Праз момант морда сабакі крутанулася, як бы нешта вышукваючы і прынюхваючыся. Потым ён зноў загыркаў, поўсць на спіне ўзнялася дыбам.
— Шукай, Рып.
Сабака нібы страла паімчаў у цемру, шлёпаючы лапамі па мокрым бруку. Ён бег шпарка і ўпэўнена, нізка прыгінаючыся долу. Заварочваючы за рог, ён нахіліўся яшчэ ніжэй — і ў гэты момант цемра праглынула яго.
Сідні Зум дайшоў да месца, дзе знік сабака, і спыніўся ў чаканні. Але тут пачуліся крокі, шамаценне гумовага плашча, і на яго пачала насоўвацца цёмная постаць.
Цемру прарэзала святло электрычнага ліхтарыка.
— Што вы тут робіце? — прабурчаў незнаёмы басам.
У ястрабіных вачах Сідні Зума ўзнікла пагроза.
— А хто вы? Ды патушыце свой чортаў ліхтарык!
Промні ліхтарыка прашылі зверху данізу цыбатую, але жылаватую постаць, і той самы голас зноў прагрымеў:
— Я — паліцэйскі, і гэта мой участак. Час не вельмі прыдатны, каб вось так стаяць на рагу вуліцы, мокнучы пад дажджом, утаропіўшыся ў цемру, у нешта ўслухоўваючыся. Так што далажыце, хто вы такі, калі не маеце ахвоты заначаваць у камеры.
Сідні Зум адвёў вочы ад сляпучага святла, выцягнуў з унутранай кішэні скураны партманет і паказаў паліцэйскаму нейкую картку.
На картцы быў подпіс начальніка паліцыі.
Паліцэйскі прысвіснуў.
— Сідні Зум? Вось як! — сказаў ён у здзіўленні. — Я наслухаўся пра вас і вашага сабаку. А дзе ён?
Сідні Зум слухаў, схіліўшы галаву крыху ўбок.
— Калі вы перастанеце гаварыць, мы яго пачуем.
Паліцэйскі заціх і прыслухаўся. З цемры даляцеў ледзь чутны сабачы брэх.
— Ён вунь за тым рагом, — сказаў Зум.
— Чаго ён разбрахаўся? — прабурчаў паліцэйскі.
Сідні Зум пайшоў далей, перастаўляючы доўгія ногі па мокрым бруку. Раптоўны дождж забарабаніў па пругкай паверхні іх плашчоў.
— Каб даведацца, — адказаў Сідні Зум, — лепш за ўсё — пайсці і паглядзець.
Паліцэйскаму было цяжка паспяваць за шырокімі крокамі Зума.
— Я чуў пра некаторыя вашыя вышукі, — сказаў ён.
Відаць, паліцэйскі хацеў завесці гаворку, але хада была настолькі шпаркая, што нават на яе ледзь хапала дыху.
Сідні Зум прамаўчаў.
— І пра вашага сабаку, — працягваў, засопшыся, паліцэйскі.
Сідні Зум прыпыніўся і паказаў знакам паліцэйскаму спыніцца, потым узняў галаву і свіснуў. Адразу ж у адказ пачуўся брэх.
Зум па гуку вызначыў кірунак, адкуль пачуўся брэх, і пакрочыў яшчэ шырэй. Паліцэйскі страціў надзею ісці нага ў нагу і, зусім засопшыся, быў вымушаны ў паўтара раза часцей перабіраць нагамі.
У святле вулічнага ліхтара штосьці скурчанае кідала на брук доўгі цень. Сабака зноў забрахаў, і Сідні Зум паказаў у яго бок.
— Штосьці ляжыць на тратуары, — сказаў ён.
Паліцэйскі загаварыў, але трэба адзначыць, што думаць у яго выходзіла лепш.
Шпаркая хада Зума перайшла амаль у бег. Яго хударлявая постаць, здавалася, дрыжала ад хвалявання.
— Нехта ляжыць, — сказаў ён.
Сабака яшчэ раз заліўся пранізлівым брэхам, як бы імкнучыся нешта паведаміць. І Сідні Зум пераклаў сэнс брэху.
— Мёртвы, — сказаў ён.
Паліцэйскі прамармытаў нешта, выказваючы, відаць, недавер.
Але Зум меў рацыю. Чалавек быў мёртвы. Ён ляжаў, распасцёршыся на бруку тварам уніз, раскінуўшы сціснутыя ў кулакі рукі, нібыта пагражаючы некаму.
На патыліцы чалавека чарнела дзірка, з яе цурчаў чырвоны струмень, зліваючыся з вадой на бруку і пакідаючы на ім чырвоныя плямы.
На чалавеку былі паліто, нагавіцы, грубыя чаравікі. Але падніз была надзета яшчэ піжама. Яе канцы выглядалі з калашын нагавіц, а каўнер піжамнай сарочкі вылез з-пад закручанага штрыфля паліто. Паліцэйскі паспрабаваў намацаць пульс чалавека.