Сцятыя вусны адваката выцягнуліся ў тонкую лінію.
— Калі вы маеце на ўвазе ў сувязі з гэтым нешта асабістае, — рэзка сказаў ён, — то я параіў бы памаўчаць. У нашай дзяржаве ёсць закон супраць паклёпу. Вашы адносіны былі варожыя з першага моманту, як вы зайшлі ў дом.
Было відавочна, што гэты ссівелы ветэран шматлікіхі бітваў у судовых залах займаў вельмі агрэсіўную пазіцыю кожны раз, калі нехта рабіў замах на яго гонар.
— Вы памыляецеся, — сказаў з паклонам Зум. — Мае адносіны такія, якія могуць быць у следчага.
Ён павярнуўся тварам да капітана Махоні.
— Ключ да разгадкі справы аб забойстве знойдзены, — сказаў ён.
Капітан Махоні глянуў на Зума са здзіўленнем.
— Паколькі існуе закон супраць паклёпу, — усміхнуўся Зум, — замест слоў я спашлюся на ўяўныя доказы. Крок за крокам — і мы здымем заслону з усёй гэтай справы... Рып, абнюхай паноў.
Тут Сідні Зум махнуў рукой — дакладней, зрабіў кароткі рух запясцем.
Дрэсіроўшчыку жывёл было б вядома, што рух куды больш, чым словы, стымулюе службовую аўчарку да дзеянняў. Эфект быў надзвычайны. Сабака ашчацініўся, уважліва абышоў усіх трох і з варожым выглядам абнюхаў іх вопратку.
— Пойдзем, капітан, — сказаў Сідні Зум.
Ён павярнуўся і пайшоў з пакоя з Рыпам.
— Няхай машына застаецца тут, — сказаў Зум, калі яны, выйшлі на ганак з дома, дзе засталіся тры збянтэжаныя тыпы, — мы пойдзем нацянькі да дома, дзе жыве маладзіца.
Капітан Махоні пайшоў побач.
— Зум, — заўважыў ён спакойна, — ты хоць уяўляеш мэту сваіх дзеянняў?
— Так, — адным складам адказаў той.
Яны прыспешылі хаду.
— Шукай, — загадаў Зум, махнуўшы рукой.
Сабака гаўкнуў, потым пачаў кружыць, нешта вынюхваючы і забягаючы спачатку наперад, потым адхіляючыся ўлева і ўправа.
Яны ішлі хутка і моўчкі. Капітану Махоні было вельмі нялёгка паспяваць за спадарожнікам. Часам ён трывожна паглядаў сваімі задуменнымі вачамі на твар Зума. Але той заставаўся нерухомым, нібыта высечаным з каменя.
Толькі калі Зум і Махоні дайшлі да месца, дзе знайшлі забітага, сабака раптам тройчы гаўкнуў, падбег да іх, потым паімчаў назад да незабудаванага пляца. Гэта была латка зямлі за дарожным знакам, парослая хмызняком. Як гэта непазбежна здараецца ў такіх месцах, там было панакідана рознага смецця.
— Здаецца, — заўважыў Зум, — сабака нешта знайшоў.
Капітан Махоні кінуўся наперад і першы апынуўся ў хмызняку. Ён пачаў разграбаць лісце. Сабака таксама апантана дзёр лапамі зямлю, як бы стараючыся дапамагчы. Махоні выпрастаўся і прысвіснуў.
— Пакліч адсюль сабаку, Зум. Тут на зямлі пісталет сорак пятага калібру. Могуць быць адбіткі пальцаў — і калі так, я хацеў бы іх захаваць.
Зум даў кароткую каманду.
Сабака лёг на жывот, паклаўшы пысу на пярэднія лапы.
Капітан Махоні дастаў з кішэні кавалак вяроўкі. Падсунуўшы адзін яе канец пад дула, ён завязаў вузел і ўзняў пісталет.
Зум буркнуў нешта, выказваючы згоду. Бо на пісталеце былі адбіткі пальцаў.
— А зараз, капітан, калі ты не супраць, вернемся ў дом, дзе жыў Пэйн, і, можа, даведаемся, каму ён належыць. І прашу зрабіць для мяне ласку — нікому не казаць, дзе знайшлі пісталет.
Капітан Махоні ў адказ уздыхнуў.
— Зум, на кароткі час я даю табе свабоду дзеянняў.
— Ну, тады пайшлі, — сказаў Зум.
Яны пайшлі да дома гэтак жа шпарка, як і раней, уяўляючы сабой дзіўную пару — доўгі, як жэрдка, Зум з ястрабінымі вачыма і ніжэйшы ростам паліцэйскі з матляючымся на вяроўцы пісталетам.
Камердынер адчыніў ім дзверы.
Зум загадаў яму паклікаць адваката і кухара. Усе яны сабраліся ў зале кватэры нябожчыка, і па іх адразу было відаць, што яны нервова вельмі напружаныя.
— А Кім, — сказаў Зум, — гэта пісталет містэра Пэйна?
Кітаец слізгануў вачыма па пісталеце і перавёў позірк на Зума.
— Той самы, — адказаў ён.
— Прашу прабачэння, сэр, — умяшаўся камердынер, — але гэта не той пісталет. На пісталеце містэра Пэйна якраз пад засцерагальнікам была маленькая плямка ржы.
— А, — сказаў, з'едліва ўсміхаючыся, Зум, — мне падалося, вы гаварылі, што ў містэра Пэйна быў рэвальвер трыццаць восьмага калібру, а не аўтаматычны пісталет сорак пятага калібру.
Твар камердынера быў падобны на маску.
— Так, сэр, — адказаў ён.
Капітан Махоні з цікавасцю паглядзеў на камердынера.
— Вы хацелі б дадаць што-небудзь, Моклі?
— Не, сэр.
Зум кіўнуў галавой.
— Не, — сказаў ён, — ён больш нічога не скажа.
Капітан Махоні задумліва глянуў на Зума.