— Адбіткі пальцаў на пісталеце — самы важны доказ, — паволі выгаворваючы кожнае слова, сказаў адвакат. — Суд будзе разглядаць справу на падставе іх. Усё астатняе — усяго толькі меркаванні.
Капітан Махоні ўважліва паглядзеў на адваката.
— Між іншым, — працягваў адвакат, — камердынера пэўны час не было ў доме ў мінулую ноч. Я спрабаваў знайсці яго адразу ж, як з дома выйшаў містэр Пэйн.
Рухі камердынера былі настолькі хуткія, што наўрад ці маглі трапіць у поле зроку прысутных. Непрыкметна падкраўшыся да пісталета, які ляжаў на стале, ён згроб яго і стрэліў — і ўсё гэта адным рухам.
Куля трапіла ў жывот адвакату. Уся яго фізіяномія выказала здзіўленне, выраз гэты знік, калі ў яго трапілі яшчэ дзве кулі.
Сэм Моклі адскочыў назад, размахваючы пісталетам у бок Зума і капітана Махоні.
— Рукі ўгору! — загадаў ён.
Але ён забыўся пра адну акалічнасць — прысутнасць сабакі.
Той мільгануў рудой маланкай і ўпіўся зубамі ў руку з пісталетам. Імклівая маса ў семдзесят пяць фунтаў, узмоцненая паскарэннем, навалілася на выцягнутую руку і пачала яе выварочваць.
Зброя вывалілася са здранцвелых пальцаў.
Капітан Махоні зрабіў крок наперад, у яго руках бліснулі кайданкі.
— Адпусці, Рып, і кладзіся, — загадаў Зум.
Сабака адпусціў руку.
Сэм Моклі падаў рукі для кайданкоў, з правай, там, дзе засталіся сляды ад клыкоў сабакі, капала кроў.
— Апранайце, — сказаў ён спакойным голасам. — Я дабраўся нарэшце да гэтага лгуна, махляра, шэльмы, да гэтага адваката-забойцы. Вы мелі рацыю ва ўсім, апрача таго, што мы абодва, я і Герхард, пайшлі ўслед за Пэйнам. Усё гэта задумаў адвакат. У мяне крымінальнае мінулае. І ён ведаў гэта. Гэта ён уладкаваў мяне сюды на працу. І ён жа выказаў думку, што мы можам адправіць на той свет Пэйна, а віну за забойства ўзваліць на жанчыну. Меркавалася, што адвакат будзе садзейнічаць мне, а я ў сваю чаргу падзялюся з ім атрыманай спадчынай. Ён прымусіў мяне стрэліць, каб такім чынам атрымаць нада мной уладу. Толькі я не магу ніяк зразумець, як гэта, каб вас чорт пабраў, удалося знайсці пісталет? Мы занеслі пісталет да заліва і кінулі ў ваду.
Капітан Махоні павярнуўся да Сідні Зума.
— Ну, зразумела, капітан, — сказаў той з халоднай дзелавой усмешкай, — я мусіў крыху вас падурыць, каб усё разыграць так, як мне хацелася. Рып — добра абучаны і разумны сабака, але нават ён не змог бы зрабіць на самай справе тое, што вы бачылі. Адбіткі на пісталеце — мае ўласныя. Я ведаў, што забойства было здзейснена адным стрэлам з аўтаматычнага пісталета сорак пятага калібру. Таму я купіў такі самы пісталет, пакінуў на ім адбіткі пальцаў і схаваў яго так, каб гэта бачыў Рып. Калі я загадаў яму шукаць пісталет, ён, натуральна, падумаў, што гэта гульня. Ён пабег да таго месца, дзе я прыхаваў зброю — пасля таго, як я прывёў яго бліжэй да сховішча. Мне падумалася, што гэта магло б дапамагчы пры допыце.
Капітан Махоні сярдзіта глянуў на Зума.
— І ты пакінуў пісталет зараджаны, у баявой гатоўнасці, толькі таму, што, на тваю думку...
Зум паціснуў плячыма.
— Як ты сам гаварыў — для абвінавачвання патрэбны доказы.
Капітан Махоні ўздыхнуў.
— Зум, здаецца, я нямала пабачыў розных тыпаў, што займаюцца нашай справай, але такіх бязлітасных шэльмаў сустракаць яшчэ не даводзілася... Ну, а як наконт маладзіцы? Нават калі ты не памыляешся ў сваіх меркаваннях, яна ж такі прыходзіла сюды, каб украсці камяні. Пацеркі парваліся, і яна не заўважыла гэтага, пакуль не вярнулася ў свой пакой. Потым яна знайшла частку пацерак і, натуральна, спрабавала схаваць іх... таму і адарвала ад паштовай скрынкі наклейку з прозвішчам. Цікава, можа, яна схавала тыя камяні ў паштовай скрынцы? Ты часам не ведаеш?
Сідні Зум заўважыў скіраваны ў яго бок пільны позірк капітана.
— Ведаеш, капітан, ты даволі разумны хлопец — часам. Але ж не думаю, што нават ты настолькі разумны, каб калі-небудзь дазнацца, што здарылася з тымі камянямі — ці распачаць на падставе дастатковых доказаў справу супраць жанчыны за іх крадзеж. Ты ж ведаеш, каб абвінаваціць, патрэбны доказы. Асабіста я думаю, што гэтыя камяні будуць урэшце прададзены якому-небудзь калекцыянеру, які з радасцю заплаціць за іх самую высокую цану, не задаючы ніякіх пытанняў, і што маладзіца атрымае кругленькую суму грошай.
Капітан Махоні аблізнуў вусны.