— Зум, з тваімі ідэямі аб справядлівасці часам, відаць, і можна пагадзіцца. Але ж ты даў прысягу сачыць за выкананнем законаў. І павінен выконваць свой абавязак.
— Ты забыўся пра тое, што прымусіў мяне аддаць знак і пасведчанне, — усміхнуўся Зум. — Лепш паспяшайся, капітан, цябе чакае мноства падзяк за хуткае і ўмелае вырашэнне справы аб забойстве. Хай яно і далей будзе вось так. І, гаворачы пра закон, помні, што заўсёды ёсць закон вышэйшы за той, што прыдумаў чалавек.
Капітан Махоні глыбока ўздыхнуў.
— Зум, якое дзіўнае спалучэнне ў табе! Шырокая душа, нават гатоўнасць рызыкаваць дзеля аднаго і бязлітаснасць — да другога!
— Я жыву такім жыццём, якім яго сабе ўяўляю, — заўважыў Зум.
Капітан Махоні пайшоў да тэлефона.
— Прышліце групу расследавання забойстваў, крымінолага і машыну, — заказаў ён, датэлефанаваўшыся да ўправы, — і перадайце сяржанту Громлі, каб ён пакінуў у спакоі гэту жанчыну па прозвішчы Пэйн. На гэты раз інтуіцыя яго падвяла.