Паліцэйскія пачалі дазнавацца, ці чуў хто-небудзь стрэл, ці заўважыў час, ці даносіўся тупат ног уцекачоў?
Сяржант Громлі інспектаваў шматкватэрны дом, да якога прывялі раскіданыя пацеркі, і пераможна ўсклікнуў, паказваючы на паштовыя скрынкі ў вестыбюлі з указальнікамі прозвішчаў жыхароў, выразанымі з іх візітных картак.
— Звярніце ўвагу на скрынку кватэры 342, — усклікнуў ён. — Кардонку з прозвішчамі адарвалі з паўгадзіны таму назад ці нешта каля гэтага. Бачыце, яшчэ свежая рыска на кардонцы, да якой быў прылеплены надпіс? Гэта кроў! Бачыце?
Ён павярнуўся тварам да вестыбюля, дзе стаяў чалавек у халаце, з цікавасцю пазіраючы на прышэльцаў.
— Дзе ўпраўляючы? — спытаў Громлі.
— Я — уладальнік дома. Упраўляемся разам з жонкай.
— Хто жыве ў кватэры 342?
Упраўляючы нахмурыў бровы і правёў рукой па ўзлахмачаных валасах.
— Дакладна не магу сказаць. Думаю, што жанчына. Пэйн, здаецца, прозвішча. Так, так — Пэйн. Ева Пэйн. А што, на паштовай скрынцы яе прозвішча няма?
— Ну, што ж, — звярнуўся Громлі да сваіх шыракаплечых памочнікаў, што тоўпіліся вакол яго. — Пайшлі.
Яны ўціснуліся ў ліфт. Сідні Зум пайшоў пешшу, побач з ім уверх па прыступках лесвіцы пабег Рып.
— Эй, вы, паслухайце, — забурчаў мужчына ў ванным халаце. — Сюды нельга з сабакам!
Але Сідні Зум не звярнуў увагі на гэтыя словы. Доўгія ногі, нібыта поршні рухавіка, дазвалялі яму праз дзве прыступкі ісці па лесвіцы.
Тым не менш, калі Зум дабраўся да патрэбнага калідора, паліцэйскія ўжо вылазілі з ліфта. Лесвіца выходзіла ў процілеглым ад ліфта канцы калідора, а патрэбная кватэра была побач з ліфтам.
Адзін з іх пагрукаў у дзверы.
Іх амаль адразу адчыніла дзяўчына ў кімано. Яна моўчкі ўтаропілася на паліцэйскіх шырока адкрытымі вачыма.
Сяржант, не цырымонячыся, адціснуў яе ўбок і зайшоў у кватэру.
— Мы хацелі б задаць вам некалькі пытанняў, — сказаў ён.
Астатнія таксама стоўпіліся ў адзіным пакоі, што днём быў гасцінай, а ноччу — спальняй. Ложак, што на дзень складаўся і мацаваўся да сцяны, цяпер стаяў прыгатаваны для сну, і, відаць, на ім ужо спалі, але рагі прасцін былі акуратна складзены. Дзяўчына, відаць, спала вельмі спакойна альбо нядоўга была ў ложку.
На ёй было кімано ярка-чырвонага колеру, што яшчэ больш падкрэслівала агонь вачэй, пунсовасць вуснаў, бляск чорных валасоў.
— Вы — Ева Пэйн? — спытаў сяржант Громлі.
— Я. Ну, вядома. А што?
— Вы ведаеце Гары Пэйна?
— Ну-у, зразумела, ведаю.
— Чаму вы сказалі «зразумела»?
— Гэта мой свёкар.
— Вы замужам за яго сынам?
— Так.
— Як завуць яго сына?
— Эдвард.
— Дзе ён?
— Ён памёр.
— Калі вы апошні раз бачылі Гары Пэйна?
Яна завагалася, выдаўшы няўлоўнымі рухамі нервовасць.
— А што? Цяжка сказаць... Думаю, што ўчора, у другой палове дня. Так, учора папалудні.
— Вы што, не вельмі ўпэўнены?
Яна апусціла вочы.
— Я крыху збянтэжана. Як растлумачыць тое, што вось вы ўсе, здаецца, дэтэктывы, прыйшлі і задаяце пытанні? Я нічога не зрабіла.
Сяржант Громлі патрос галавой з варожым і агрэсіўным выглядам.
— Ніхто вас не абвінавачвае — пакуль што.
— Што вам трэба?
— Інфармацыя.
— Аб чым?
— Аб тым, што магло быць матывам забойства Гары Пэйна.
Ад нечаканасці Ева Пэйн выцягнулася. Твар яе збялеў. Вочы адкрыліся настолькі шырока, што зрэнкі здаваліся кропкамі на суцэльным белым фоне. Лоб зморшчыўся ад жаху.
— Ён забіты? — спытала яна.
Слабы яе голас дрыжаў.
— Забіты! — рэзка адказаў сяржант Громлі.
— Я-я нічога пра гэта не ведаю.
— Паміж вамі былі варожыя адносіны?
Некаторы час яна вагалася, потым стала ў позу амаль што каралевы.
— Так, — адказала яна, — і я рада, што ён мёртвы — калі ён сапраўды мёртвы. Гэта быў не чалавек, а жывёла, прагная, вузкалобая, фанатычная, эгаістычная жывёла.
Сяржант Громлі безуважна кіўнуў галавой. Характар забітага не меў для яго ніякага значэння. Яму было ўсё роўна, наколькі гэты чалавек заслугоўваў смерці. Адзінае, што для яго мела нейкае значэнне, дык гэта тое, што закон патрабуе пакарання.
— Хто яго забіў?
— Я-я не ведаю.
— У вас ёсць рубінавыя пацеркі, штучныя рубіны альбо чырвоныя шкляныя пацеркі? Добра падумайце. Ваш адказ можа шмат што значыць для вас — і не спрабуйце хлусіць.
— А якое дачыненне да гэтага маюць чырвоныя пацеркі?
— Можа, ніякае, а можа — і прамое. У вас ёсць такія пацеркі?