Ева моцна сцяла вусны.
— Не!
— Вы ведаеце, у каго ёсць такія пацеркі?
— Не!
Такі адказ не вывеў сяржанта Громлі з раўнавагі. У яго было назапашана яшчэ шмат пытанняў, і ветэрана следчай справы нельга было збянтэжыць хлуснёй. Адзінае, што выклікала ў яго жах, дык гэта нежаданне паддопытнага гаварыць. Калі ж адказваў на пытанні, Громлі заўсёды быў упэўнены ў канчатковай перамозе.
— Дзе вы былі, пачынаючы з дзевяці гадзін?
— У ложку.
Сяржант Громлі ўзняў бровы.
— У ложку?
— Так.
— З дзевяці гадзін?
— Так.
На гэты раз адказ быў рэзкі, задзірысты, быццам яна аказалася прыпёртай да сцяны нечаканым пытаннем і зараз збіралася ўпарта абараняцца.
— Калі вы леглі спачываць?
— Тады, калі я вам сказала — у дзевяць гадзін.
Сяржант з'едліва ўсміхнуўся. Ён абвёў позіркам зграбную постаць, зірнуў у надзіва прыгожы твар.
— Даволі ранавата для маладой і прывабнай удавы класціся спаць у суботні вечар, ці не так?
Твар Евы загарэўся чырванню.
— Гэта не ваша справа. Вы задалі пытанне — і я вам на яго адказала!
Усмешка сяржанта Громлі раздражняла. Сваімі манерамі ён нагадваў ката, які надзейна трымаў у кіпцюрах мыш, жадаючы яшчэ некаторы час памучыць беднае стварэнне.
— Тут хутчэй нейкае супадзенне: я выбраў для адліку дзевяць гадзін, і вы адразу ж далі адказ. Мне проста цікава, міс Пэйн, ці не надумалі вы расказаць сваю казку, каб мець алібі. Калі я спытаў, дзе вы былі, пачынаючы з дзевяці гадзін — а не, скажам, апошнюю гадзіну, вы сказалі «ў ложку», таму што вы чакалі, што пытанне будзе іншае. Сказаўшы гэта раз, вы вырашылі працягваць сваю казку.
Міс Пэйн захоўвала спакойны, нават задзірысты выгляд, але плечы зарухаліся ад частага дыхання.
— Вашы разважанні занадта складаныя для майго інфантыльнага розуму. Прашу вас абмежавацца, калі ласка, неабходнымі пытаннямі.
Громлі па-ранейшаму гнуў сваю лінію.
— Так дзіўна супала, што я прадказаў дакладны час, калі вы паклаліся спаць.
Міс Пэйн паціснула плячыма.
— Гэта таксама тое, на што я не магу даць адказ.
Яна на момант перавяла позірк з сяржанта на твары навокал, што з цікавасцю сачылі за яе паводзінамі. І калі вочы Сідні Зума сустрэліся з позіркам яе ззяючых ад хвалявання вачэй, ён, як бы выпадкова, паднёс свой доўгі палец да рота і моцна прыціснуў яго да вуснаў.
Яна слізганула вачыма па яго твары, не паспеўшы ўцяміць значэння адрасаванага ёй руху. Потым яна зноў стральнула вачыма ў яго бок, і ў таропкім позірку было пытанне. Але Зум, больш не рызыкуючы быць заўважаным кім-небудзь з паліцэйскіх, які б адпаведна зразумеў яго дзеянні, паволі вадзіў рукой па шчацэ.
Міс Пэйн зноў перавяла вочы на сяржанта, але цяпер у іх была збянтэжаная няўпэўненасць.
— Вы ведаеце, якое цяпер надвор'е?
— Ідзе дождж.
— Сапраўды, міс Пэйн, проста выдатна. У дзевяць гадзін была даволі ясная пагода. Дождж пачаўся прыкладна ў дзевяць гадзін сорак пяць хвілін і ішоў не перастаючы амаль да поўначы.
Яна закусіла губу.
— І вы спалі? — працягваў сяржант.
У яе вачах заззяў пераможны агонь, калі яна кінулася ў прасвет, які ён пакінуў для яе, з запалам аматара, што кідаецца ў пастку, прыгатаваную вопытным прафесіяналам.
— Я не гаварыла, што спала.
— Ага, тады, значыць, вы не спалі?
— Так, я не спала ўвесь гэты час.
— І такім чынам вы даведаліся, што ідзе дождж.
— Так. Дождж застукаў у акно. Я пачула шум, устала і глянула ў акно.
— І толькі такім чынам вы даведаліся, што ідзе дождж?
— Так.
— І вы не выходзілі з пакоя пасля дзевяці гадзін?
— А што, падобна на тое, што я магла выйсці вось так апранутая?
— Адказвайце на пытанне. Вы выходзілі з гэтага пакоя пасля дзевяці гадзін?
Інстынктыўна яе вочы пачалі шукаць Сідні Зума.
На гэты раз ужо нельга было памыліцца ў тым, што азначае зроблены ім рух — моцна прыціснуты да вуснаў указальны палец.
— Адказвайце на пытанне, — раўнуў сяржант Громлі.
— Не, — адказала міс Пэйн. — Я не выходзіла з пакоя.
Але яе вочы, у якіх было ваганне і бездапаможнасць, умольна глядзелі на Сідні Зума.
Сяржант раптам нібыта каршун кінуўся да ложка, адкінуў канец празрыстага шаўковага пакрывала, залез пад ложак сваёй другой рукой і дастаў адтуль пару чаравікаў.
— Гэта вашы чаравікі?
Менавіта тады яна зразумела, што трапіла ў пастку, бо чаравікі былі мокрыя ад дажджу. Аб гэтым сведчылі і раптоўная паніка ў вачах, і збялелыя вусны.
Яна глянула на Сідні Зума і раптам набыла непрыступны выгляд.