— І ў мяне склалася ўражанне, што ты хочаш, каб цябе пазбавілі паўнамоцтваў на ўжыванне сілы, бо плануеш неўзабаве ўжыць яе і не хочаш на сваім шляху сутыкнуцца з якімі б там ні было пачуццямі этыкі.
Зум нічога не сказаў у адказ. Некалькі хвілін яны палілі моўчкі.
— Біл, — сказаў нарэшце Сідні Зум, — ты ж чалавек. Ты хочаш раскрыць справу аб забойстве Пэйна?
— На думку Громлі, — старанна падбіраючы словы, загаварыў капітан Махоні, — гэта зусім ясная справа, але ты і твой адвакат перашкаджалі збору доказаў, і цяпер можа так здарыцца, што іх акажацца недастаткова для абвінавачвання.
Зум нахіліўся бліжэй да суразмоўцы.
— Калі ты выкладзеш свае карты на стол, Біл, я пастараюся высветліць для цябе гэту справу.
— Калі я выкладу карты на стол, — спытаў капітан, — ці выкладзеш ты свае?
— Не! — адразу выбухнуў у адказ Зум.
— Чаму не?
— Таму што, — хмыкнуў Зум, — я не збіраюся гуляць мечанай калодай.
— На тваю думку, жанчына не вінаватая.
— Я ўпэўнены ў гэтым.
— Калі мы па-ранейшаму будзем дамагацца абвінавачвання гэтай жанчыны ў забойстве, а потым выявіцца, што гэта памылка, будзе закрануты гонар паліцыі, — паволі сказаў Біл Махоні.
Сідні Зум зразумеў, што атрымаў перамогу.
— Апранай капялюш, Біл, — сказаў ён.
Капітан Махоні ўзяўся за капялюш.
— І куды?
— Да дома Гары Пэйна на Ўэст-Эдамс. Я павяду машыну на малой хуткасці, каб ты мог па дарозе расказаць, што вышукала паліцыя.
— Сяржанта Громлі хапіў бы ўдар, калі б ён даведаўся, што я зараз раблю, — уздыхнуў капітан.
Аднак Махоні быў сведкам уяўных цудаў, створаных Сідні Зумам у многіх папярэдніх выпадках, і, акрамя выказанага ўздыхам жалю, больш ужо не выказваў вагання.
Магутны аўтамабіль Зума ціха павуркваў, на адкідным сядзенні ляжаў, скурчыўшыся, сабака. Капітан Махоні зрабіў сціслы агляд фактаў, устаноўленых паліцыяй.
Даўняя сямейная варожасць. Трэба думаць, што стары Пэйн быў чалавекам, які меў дачыненне, па меншай меры, да аднаго забойства. У яго быў сын, Эдвард. Эдвард закахаўся ў Еву, тую самую маладзіцу. Пэйн выгнаў хлопца з дому. Хлопец заняўся нейкім бізнесам, звязаным з каштоўнымі камянямі, — купля-продаж. Справы ішлі добра. Потым аднойчы яго забілі, зусім нечакана.
— Аказалася, што нічога не было застрахавана. Маладая жанчына засталася ўдавой. На руках у яе аказаўся запас каштоўных камянёў, які трэба было цяпер прадаць. Яна пачала з зацверджання права на спадчыну, каб тым самым прэтэндаваць на каштоўнасці. Стары ж Пэйн падаў у суд на выканаўцу спадчыны. Выявіліся некаторыя парушэнні закону ў сувязі з шлюбам. Ён пра гэта ведаў увесь час, плануючы калі-небудзь выкарыстаць свае веды ў якасці зброі. Выходзіла, што Ева не была ўдавой яго сына. Такім чынам, выходзіла, што Гары Пэйн быў адзіным застаўшымся ў жывых сваяком. Завяшчання не было. Пэйн заявіў аб сваіх правах на каштоўнасці. Суд прыняў рашэнне на яго карысць. Учора ў другой палове дня камяні перайшлі ва ўладанне Пэйна і яго адваката. У жанчыны на барацьбу не было грошай. Але ў яе засталіся некаторыя старыя рэчы, што належалі нябожчыку мужу. Сярод іх — ключ ад дома. Відавочна, жанчына пракралася ў дом Пэйна, калі ўсе паклаліся спаць, і ўкрала каштоўныя камяні. Аперацыя была б паспяховай, бо ніхто не здагадваўся, што ў яе мог быць ключ. Але яна крыху няўдала пачала ўцёкі і напаролася на крэсла. Гэта разбудзіла старога Пэйна. Ён кінуўся за злодзеем, але ёй удалося вывернуцца і выбегчы з дому. Ён пабег за ёй у піжаме, потым вярнуўся, накінуў вопратку і зноў кінуўся наўздагон. Ён сказаў свайму адвакату, што пазнаў яе, калі яна выбягала на вецер і дождж. Раз'юшаны, ён хацеў злавіць яе на месцы злачынства.
Сідні Зум зірнуў на капітана Махоні.
— Сказаў свайму адвакату? Што ж яго адвакат рабіў там апоўначы?
— Ён жыве ў шматкватэрным доме Пэйна. Пэйн быў стары эксцентрычны дзівак. Займаўся калекцыяніраваннем паштовых марак, першых выданняў і таму падобных рэчаў. Да таго ж ён быў з тых тыпаў, што любяць судзіцца. Судзіўся з суседзямі, з перакупшчыкамі, у якіх купляў рэчы для сваіх калекцый, судзіўся з падрадчыкамі, што брукавалі вуліцы каля яго дома, карацей кажучы, — з усімі. Ён займеў ссівелага старога адваката, якога падабраў недзе на самым дне, і пасяліў у сваім доме. І заўсёды знаходзіў для яго работу. Потым у яго з'явіўся камердынер, той яшчэ тып, падобны на старога бульдога. Ёсць яшчэ кухар-кітаец. Вось такая хеўра. Я б сказаў, цэлая каманда.
Зум кіўнуў галавой.
— Так, — сказаў ён, — прыкладна так я і ўяўляў сабе гэту справу.
Капітан Махоні пранікліва зірнуў на яго.