Выбрать главу
2 У самыя розныя рэчы, заняткі i справы на гэтым свеце людзі ўкладаюць i думкі свае, i душу сваю i ў ix маюць сялібу сваёй любові. Адны — у вялікіх царствах i ў валадарстве, другія — у золаце i ў багацці, a трэція — у мудрасці i ў навуцы.
3 Нехта — у здароўі i ў прыгажосці, i ў моцы цялеснай, нехта — ў маёнтках i ў статках жывёлы свойскай, нехта — ў ядзе i ў пітве, i ў любошчах каханкавых, нехта яшчэ — у дзецях, нехта — ў сябрах, нехта — ў слугах, альбо яшчэ ў нечым іншым.
4 Так, жывучы на свеце, звязвае чалавек сябе ніткамі захаплення i ланцугамі подумак i заўсёды мае сабе ці якуюсьці рэч, ці занятак, ці справу, якую любіць болей за ўсё астатняе i пра якую дбае найбольш.
5 Спазнаўшы i зразумеўшы ўсе гэтыя рэчы, заняткі, справы, прамудры цар Саламон ix паказаў, бы ў люстэрку ясным, i, бы на судзе, азначыў іхнюю сутнасць у словах простых: «Марнасць над марнасцю i ўсё марнасць i немарасць духа».
6 Можна па «Эклезіясце» уведаць добра, што кажа цар Саламон у розных мясцінах кнігі пра гэтакую любоў i гэткія думкі людскія. Вось ён выслоўлівае: «Няма нічога лепшага для чалавека як есці i піць, i цешыць сваю душу». Ну а вось ён пераконваецца ў адваротным i кажа: «Лепей пайсці ў сялібу жалобы, чым у сялібу гульбы».
7 На адной старонцы спаткаеш развагу, дзе цар Саламон журботліва зазначае: «Няма перавагі у мудрага над неразумным, бо ім абодвум наканаваны адзін канец». А на другой спаткаеш гэтае самае, па-другому сказанае:«Як мае святло перавагу над цемраю, гэтак мудры мае суздром перавагу над неразумным. У мудрага вочы яго — у галаве яго, але ходзіць у поцемках неразумны».
8 Пішацца ў «Эклезіясце» таксама пра іншыя рэчы, што супярэчаць адна адной i адрозніваюцца між сабою, як людзі адрозніваюцца, бо адзін хваліць i любіць адно, a другі - другое i трэцяе — трэці, i кожны думае пра сваё i разважае па-свойму.
9 Але ва ўсіх памкненнях i захапленнях, i думках людскіх выяўляе «Эклезіяст» неразумнасць, марнасць i паражнечу i тлум душы, каб урэшце выявіць розум думкі сваёй i прамовіць: «Канец гаворкі ўсе разам паслухайце: бойся Бога i спраўджвай запаведзі Яго, бо ўсё у гэтым для чалавека».
10 Не аднаму каму-небудзь напісана гэтая кніга, a ўсёй грамадзе чалавечай, альбо сабору, i ўвасабляецца ў ёй жыццё, думкі i справы не аднаго асобнага чалавека, a ўсёй грамады, таму яна i мае такое найменне — «Саборнік».

Прарочыў цар Саламон

1 Трэцяя кніга прамудрага Саламона, Давыдава сына, Ізраільскага цара: па-габрайску яна называецца «Сіра Сірым», па-латыні — «Канцікум Канцікорум», і «Песня Песняў»— па-руску.
2 Як сведчаць Майсеевы кнігі: ёсць не толькі святое, але святое святых, што Богам вылучана з астатніх з'яваў святых,— так з астатніх святых песнаспеваў i песняў вылучана вось гэта песня, i нездарма яна называецца «Песня Песняў».
3 Можам па ёй зразумець выразна, якою вялікаю ласкай i невыказнай любоўю поўніцца Бог да нас — грэшных, несамавітых, зямных людзей. Ён не адрокся, не адвярнуўся, не ўзганарыўся, але сышоў З найвышняга трону свайго на зямлю, каб мы былі разам з ім заўсёды.