4
Так сыдзе —
як да каханкі сваёй каханак
i як да нявесты сваёй жаніх
да сваёй царквы
Гасподзь наш Icyc Хрыстос,
калі прыме
ад маці сваёй — Прачыстай
Дзевы Марыі —
уцелясненне.
5
Як са сваёй дружынай
жаніх —
Сын Божы
з апосталамі сваімі
трыццаць гадоў
i паўчвэрці года
з царквой хрысціянскаю i з яе
абранцамі дзейсніў
духоўны шлюб,
жывячы ix запаветным словам
дабраславенства свайго
i нябесным хлебам
цела свайго, а таксама
поячы ix віном
любові сваёй
i нявіннай крывёю
Новага Запавету.
6
Яе ён праліў, каб свет
уратаваць ад згубы,
i ў час,
калі ён працяты цвікамі,
вісеў на крыжы,— тады
здзейсніўся гэты шлюб,
i там
ён павянчаўся
з царквою сваёй.
«Збылося!» —
засведчыў Icyc Хрыстос
i свой дух аддаў
у рукі Госпаду Богу —
свайму Айцу.
7
Як у вясельным шлюбе
удзельнічаюць адразу
розныя людзі:
па-першае — сам жаніх,
па-другое — нявеста,
па-трэцяе —
жаніховыя дружбакі,
па-чацвертае —
дружкі нявесты,
гэтак i тут, у кнізе,
супольнічаюць між сабою
чатыры
розныя галасы:
чырвоным пісьмом
аздоблена ix размова.
8
Першы голас
належыць Хрысту-жаніху,
другі -
царкве хрысціянскай,
яго нявесце,
трэці — апосталам,
што складаюць
яго дружыну,
чацверты —
дзецям царквы хрысціянскай
а ix
увасабляюць дзяўчаты.
9
Апроч таго,
чуецца тут
яшчэ пяты голас,
i гэта голас
пыхлівай гурмы габрайскай:
яны праз няверу сваю
не прыйшлі на шлюб
i праз няверу не прынялі
Закону Хрыстовага.
10
Кажа пра гэта
сам Збаўца
i піша святы Мацвей
у сваім Евангеллі:
«Царства нябеснае
падобнае да цара,
што справіў
вясельнае свята сыну свайму
i паслаў
слугаў сваіх, каб тыя
паклікалі на вяселле
запрошаных —
i не хацелі, аднак, прыйсці».
Пра шлюб,
пра які цяпер сведчыць
Евангелле яснаслоўна,
як бачым,
за многа вякоў да таго
Духам Святым пасведчыў
цар Саламон.
11
Як з рабра Адама,
што соладка спаў у раі,
была
створана Ева — маці
ўсяго чалавечага роду,
гэтак з рабра
Божага Сына,
распнутага на крыжы, была
створана Богам
царква Хрыстова —
маці ўсіх хрысціян.
12
I як, нараджаючыся, прымаем
ад першай маці
i кроў, i цела,
гэтак ад нашай маці другой —
ад царквы Хрыстовай,—
хрысцячыся, прымаем
надзею,
веру,
любоў.
13
I як мы па плоці сыны
Адамавы,
гэтак па духу —
сыны Хрыстовы.
Слушна
у «Песні Песняў»
Хрыстос імянуецца жаніхом
i каханым,
i гэтак жа слушна
каханаю i нявестай
найменавана святая царква.
14
Прарочыў
цар Саламон
пра Божага Сына
да нараджэння Божага Сына,
i пра любоў,
якую ён меў да царквы
i яе абранцаў,
кажучы
прыпавесць пра жаніха
i нявесту,
што неспатольна
гутараць пра любоў.
15
«Песняю Песняў»
выказаў цар Саламон
нам сваю навуку
i выснаваў свой запавет:
калі хочам
Божую ласку займець,
дык мусім
Госпада Бога
i блізкага чалавека
моцай усёю сваёю
любіць.
Як пчолы бароняць вуллі свае
1
Асірскае царства
ўтварылася неўзабаве
пасля патопу
ад Веля-цара: ён быў
сынам таго Німрода, якога
згадвае
першая кніга Параліпаменон:
«На зямлі
ён пачаў быць дужы».
У сваю чаргу Нін —
Веляў сын — заснаваў
там горад вялікі,
які назваў
імем сваім — Нініва.
2
У горадзе тым царавалі
тысячу трыста гадоў
трыццаць i сем цароў:
спаміж ix
апошнім царом быў
Сарданапал — яго
забіў ваявода мідыйскі Арба
i далучыў
да Мідыйскага царства
Асірскае.