Было б лепш, каб кожны, хто згінуць не хоча, шукаў сабе іншых лекаў, a гэтакім пастырам даў спакой.
Вось жа гаворыць, загадваючы, Гасподзь апосталам - гэта значыць вучыцелям хрысціянскім: «Вы — соль зямлі! Калі ж соль спятрэе, чым зробіш яе салёнай?! Ужо яна ні на што не прыдатна i будзе ссыпана прэч i стаптана людзьмі». Соллю Гасподзь называе настаўнікаў-вучыцялёў, бо, як соль захоўвае ўсё, што пасоліцца ёю, не дазваляючы, каб яно псавалася i смярдзела, гэтак вучыцель растлумачэннем, вучэннем i напамінам захоўвае i зберагае людзей ад гнілечы духоўнай. Калі ж таго не чыніць ён, дык належыць яго, нібы соль, што сапсела i страціла сілу, выкінуць i стаптаць.
Чаму ж не слухаемся загаду самога Божага Сына? Папраўдзе, не варта было б недаважваць ці абмінаць увагай гэтае слова. I пра другое Гасподняе слова павінны былі б заўсёды мы памятаць добра: калі сляпы водзіць сляпога — абодва зваляцца ў яму.
Ці чуеш ты, браце любы, што сам Хрыстос асцерагае цябе, каб ты ў яму не ўпаў?! Заўсёды, кожны, хто дазваляе весці сябе сляпому, блукае ў цемры, жыццё нявечыць i набліжае згубу.
Чаму ж мы ўцякаць не ўцякаем, убачыўшы, што ў ix за вочы, ад гэтакіх слепакоў? Чаму згаджаемся, зразумеўшы, што самі яны не цямяць, як выцярэблівацца ca змроку, каб нас за сабой вадзілі?
Злітуйся дзеля Бога сам над сабой, чалавеча! Устань, ад сну абудзіўшыся: ці не пара наўкола агледзецца i пабачыць, дзе ты, які ты, хто?! Мы i так спалі даволі i, сіле сляпых падначаліўшы свае душы, не ведалі Бога, не разумелі ратунку свайго i таго, на чым ён грунтуецца, не ўсведамлялі.
Няхай быў гэта час адпомсты, няхай быў гэта вынік гневу Божага за грахі нашых продкаў, якія, паддаўшыся забабонам, ці, можа, дакладней, снам i старэчым выдумкам-байкам, пакінулі, самі не ўбачыўшы як, Божае слова.
Мусіла тым не меней тое адбыцца: святыя апосталы прараклі i напісалі пра тое. Так, Павел, абраны судзень Хрыстовы, піша да салунянаў: «Пашле,— зазначае ён,— Бог дзеянне зману, дык будуць верыць хлусні; i суд прымуць усе, што не верылі ісціне, а ўспадабалі няпраўду».
Разгледзься i ўбач, багалюбча, малю цябе, ці не збыліся словы апостальскія? Разваж: хто ўвасабляў тое дзеянне зману, якое Бог меўся паслаць,— ці не той, хто нашых бацькоў яшчэ ў райскім садзе, адвёўшы ад Божага слова, увёў у спакусу i ў зман?
Немагчыма інакшым чынам яму спакусіць чалавека: дакуль чалавек трымаецца Божага слова, датуль заблудзіцца не можа, бо мае з сабою свечку, якой сабе свеціць; i гэта — закон Твой: сонца маім вачам, маім нагам сцежка.
Ды варта згубіць ие, свечку тую, i кожны апынецца ў цемры i, як сляпы, будзе дарогу рукамі мацаць. Таму i кажа прарок: «Калі б нам Гасподзь Саваоф не пакінуў семя, то мы зрабіліся б, як Садом».
Называе семем ён Божае слова, i д'ябал якраз спакушае людзей у гэтым, бо ведае, калі толькі адступяцца людзі ад Божага слова, тады ўжо, што ён пажадае, учыняць.
На тое ён i навёў гэтакія часіны, каб не казалі вучыцялі Божага слова i каб у царквезламысныя словы займелі сілу. Але i цяпер міласцівы Бог, шкадуючы нас, ад нас, грэшнікаў, не адымае праўдзівага слова свайго, а штодня адкрывае яго ўсё болей i здатных вучыцялёў час-почас нам пасылае.
Таму неабходна i нам усім старацца самааддана, каб мы былі варты тае невыказнае ласкі, каб Божае слова рукамі абедзвюма прынялі, каб моцна трымалі яго, каб жылі паводле яго i прыводзілі да яго іншых людзей.
Па прычыне, што многа жніва, a рупліўцаў мала, i я, недастойны, найменшы служка Святое царквы, напісаў, згодна з Пісаннямі Божымі, гэтую кніжку, каб кожны, хто прагне Божага слова i зразумець ісціну хоча, меў, з чаго навучацца самому i дзетак сваіх навучаць.
Грунтоўней, я ведаю, гэту навуку мне варта было б апісаць, ды няхай будзе ўжо так, як зрабілася, як спарадзілі, што напісалася мною, уменне маё i час.
Прытым цешуся думкай, што потым, калі будзе Божая воля на тое, пэўна, змагу напісаць i паўней, i шырэй, змагу нанава выкласці, што ўжо выклаў. I асабліва тычыцца гэта чацвертае часткі — пра святы хрост i вячэру Божага Сына. Парупіцца варта было б, каб выдаць гэтую частку асобнаю кніжкай.
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вернікамі.
Амін.
Пісана ў Клецку ад нараджэння Госпада й Збаўцы i нашага Бога Ісуса Хрыста лета 1562, месяца чэрвеня, дзесятага дня.
Васіль Цяпінскі
(1530-я г.—1599/1600)
З маёмасці ўбогай сваёй слугую свайму народу