Хоць, зрэшты,
ні чым другім,
апроч самога Евангелля,
я кіравацца не кіраваўся,
ну а яно
дадзена нам ад Бога
праз нашага Пана
Ісуса Хрыста
i ягоных апосталаў
i ўяўляе
суму законаў Божых.
Дужа мне рупіла,
каб яно
было перакладзена
з мовы славянскай
на нашу мову
i выйшла з друку.
Маючы Пана Хрыста
у помач,
не бессэнсоўным i красамоўным
высновам,
не словам,
што лесцяць
i дагаджаюць слыху,
але, у зычлівасці да айчыны,
айчыннік просты,
праўдзіва i шчыра
з маёмасці ўбогай сваёй
слугую
свайму народу.
Бо тыя,
каму, уласна,
належала рупіцца —
ні ўладыкі,
ні мітрапаліты,
ні знаўцы-вучоныя,—
гэта зрабіць за ўвесь
доўгі мінулы час
не схацелі.
Хай наш нажытак i невялікі,
каб выдрукоўваць кнігі,
я намагаўся
яшчэ ў нядаўніх гадах
пракласці
дарогу для друку
i ўскласці
на плечы сабе
неабходны клопат —
хоць ён i цяжкі,
i надта стратны,
i асабліва, калі здабываеш
у розных,
не блізкіх прытым,
мясцінах
старыя кнігі.
Зроднены з абавязкам,
які зрабіўся
прычынай маіх вымогаў,
я сёння
рады не за сябе,
а за справу,
якую, урэшце,
падняў не хто-небудзь —
не ўлох,
не немец,
не пасвячэнец папоўскі,—
а с в о й чалавек.
Але з чаго б гэта
раптам людзі
хваліць пачалі
свайго чалавека
i радавацца з ім разам,
што з іхняга асяродку
узяўся русін,
якому
Русі сваёй закарцела
карысць прынесці?!
Як тое
зазвычай бывае,
не помаччу i падзякай,
а зайздрасцю i пагардай
i іншай няўдзячнасцю
не адзін раз
браліся мне
аддаваць адплату.
Можа, i крыўдна было б
мне за гэткі вынік,
можа, i прыкра было б
за такую ўвагу,
калі б я не ведаў,
што не адно толькі людзям,
але i Богу
працай сваёй слугую.
Дык з Божае ласкі,
для славы Божай,
дбаючы аб збавенні
людскім
i памкненне
сэрца свайго выяўляючы,
працу
сваю канчаю.
Мушу зазначыць,
што на старонках
кнігі сваёй,
хоць гэта
нам каштавала нямала,
мы адначасна
змясцілі
евангельскае пісьмо
тоесамае
на дзвюх мовах —
на мове славянскай,
а побач з ёю на рускай:
слова за словам,
радок за радком,—
як прынята ўсюды
i як чытаецца ў цэрквах.
Надрукавалі
ва ўбогай друкарні сваёй
мы пісанні
святога Мацвея,
святога Марка,
а гэтаксама
пачатак Лукі
не адно для таго,
каб людзі,
чытаючы ix,
паляпшаліся ў веры
(бо мы нічога
новага тут не прыводзім,
a толькі нагадваем тое,
што ўжо вядома),
але для таго,
каб лепш
чытанае разумелі
i навучацца маглі
вучонай мове славянскай.
I для таго,
каб i самі людзі,
i іхнія дзеткі
свой розум святлілі,
вастрылі
i ў веры практыкавалі,
ім падаю тым часам
найперш катэхізіс,
які, спадзяюся,
яны прызнаюць,
пераканаўшыся самі ў гэтым,
за рэч
карысную дужа.
Вось жа,
абудзіць у ix наш Пан
словам сваім ахвоту
да ведаў спраўнейшых,
узмоцніць імкненне
у ix да навукі паўнейшай
i да развагі паважнай
ды мудрасці кемнай
схіліць.
Я гэта кажу
нездарма
i кнігу
у свет выпускаю
з патрэбы пільнай —
бо мудрасць сярод людзей
нібы знемаглася цяпер,
нібы згінула
ці заснула.
Дзіўлюся на скрушныя справы,
што чыняцца ў свеце,—
i словы самохаць
бягуць да вуснаў.