Выбрать главу
Хто з людцаў, што вераць у Бога i маюць розум, застаўся б, як рэч, абыякавым i безуважным, гледзячы на такую Божую кару?! Хто з дабрадзеяў, што зычаць дабра айчыне, не мусіў бы плакаць, бачачы многіх князёў вялікіх, многіх паноў знакамітых, многіх мужчынаў дужых, гожых жанчынаў ды беспавінных дзетак, што ўпалі у яму няпамяці; бачачы здатны, яшчэ нядаўна вучоны, яшчэ нядаўна свядомы народ свой рускі, што адцураецца ад сваёй, слаўнай спрадвеку, мовы?!.
Хіба не кара Божая — лад, што ўсталяваўся у нас у доме?! А тое, што мудрасць, якая свяцілася ў Божым слове i ясным для разумення рабіла слова i, як прыроджаная, была уласціва людзям, ад ix адступілася, а прыйшла на месца яе галеча,— хіба не кара?! I тое, што ўжо некаторыя грэбуюць граматаю сваёю i пагарджаюць пісьмом сваім, быццам яно Божага слова не варта,— не кара?!.
А, зрэшты, што можа паганейшым быць, што — горшым, калі i тыя, што называюцца вучыцялямі, што наймяноўваюцца святарамі, меней за ўсё у ім разумеюць, меней за ўсё ў ім умеюць, i самі не практыкуюцца ў ім, i школы, дзе навучалі б яму, не маюць. Затое да польскага ці да якога
другога пісьма, з прычыны гэткай галечы, усцяж наварочваюцца бессаромна i наварочваюць, ад свайго адварочваючы, дзяцей.
Узяў бы я з радасцю сёння з вялікага мноства славянаў знаных сабе ў абаронцы i справе ў сведкі, не клічучы многіх, калі б жывыя былі цяпер, адно — Іаана альбо Грыгора, якія не толькі ў сваёй, але ў розных мовах, дзякуючы вялікай сваёй навуцы i адмысловаму красамоўству, займелі найменне залатавустаў.
Былі б яны — мусілі б, сапраўды, уразіцца i сумецца, бачачы, як змарнела i заняпала ў патомках праўда, якая была красой i аздобай народа, і як патомкі, забыўшы, што трэба дбаць аб ратунку, губяць, што прашчуры шанавалі, i з гэтым губяцца самі. A паглядзелі б, які гэта быў сумленны, годны, разумны, здатны, спрыязнены з мудрасцю, кемлівы ў справе, знаходлівы ў словах народ!.. За гэта колькі разоў хвалілі яго вучоныя людзі другіх народаў, колькі разоў пераймалі яго здабыткі i мусілі самі ў яго вучыцца.
Хоць бы пісьмо сваё — a менавіта чатыры евангеллі i «Апостала», што былі выкладзены па-славянску, можа, за тысячу год дагэтуль i ўсюды чытаюцца ў цэрквах: у сербскіх, маскоўскіх, валоскіх, балгарскіх, харвацкіх ды некаторых іншых,— у нас шанавалі.
Папраўдзе, хто ўмеў бы i хто захацеў бы той выклад сваімі вачамі убачыць, сваімі вуснамі прачытаць, напэўна, пазнаў бы адразу, што пішацца там, i, пазнаўшы, прыняў як сваё i свайго трымаўся б.
Той муж, славянін наш мілы, як іншыя — на лаціну, ператлумачыў на мову славянскую нашу з грэцкай апостальскія пісьмёны, ды так удала, быццам сваё напісаў, i няпроста таму, хто чытае, даўмецца, якою — славянскай ці грэцкаю мовай ён лепей валодаў.
Калі б нават больш ніякіх знакаў не засталося з тых чынных, мінулых даўно, часін, усё роўна i гэтага дастаткова, каб утрываліцца ў думцы, што люд славянскі, з якім так спрыроднена нашая Русь, i кемлівы быў, i дасціпны: i простасць яго не спрашчала, i сціпласць яго не звужала, i шчырасць не паніжала. I пісьмы свае, прынамсі, тады папярэднікі нашы чытаць умелі, i словы напісаныя вымаўлялі з розумам, а не бяздумна.