Пра кемлівасць іхнюю
i дасціпнасць
пішацца ў згадках помных —
i я гэта паўтараю:
як мелі яны
з папам рымскім
і з іншымі,
вартымі ўшаны,
дастойнікамі,
сіноды;
як многіх людзей у веру
выводзілі з блуду;
як зналіся добра
у розных мовах;
як пільнаваліся i вялі
святое жыццё;
i як няўстойлівых ды ілжывых
у веры братоў
між сабой ушчувалі
i лекавалі,
скіроўвалі
і выпраўлялі;
як аддзялілі
вучыцялёў сваіх
шлюбам святым,
паводле навукі
Божага слова,
ад іншых
i гэтым аздобленых,
свецячых,
нібы свечкі,
шлюбнаю чысцінёю,
для ўзору
народам i верам усім
паказалі,—
пра ўсё гэта,
што цяпер
напісалася мною,
можна было б, насамсправе,
пісаць шырока,
можна было б, насамсправе,
казаць багата.
Але адзін красамоўны,
выяўны,
значны
i ведамы ўсім —
без таго каб пісаць пра яго,
ды варты,
каб пра яго заўсёды
памятаць,—
прыклад
я ўсё ж яшчэ прывяду.
Дзякуючы праведнасці
нашы вучыцялі
былі ўзнагароджаны
нашым Панам
дарункам шчодрым,
якім
былі ўзнагароджаны гэтаксама
хіба што сам папа рымскі
ды найвыдатнейшыя асобы
часоў тых —
у Лівіі,
Антыохіі,
Пяціполлі,
Сіцыліі,
Месапатаміі,
Палесціне,
Фініцыі
i ў некаторых
іншых мясцінах.
I ў недалёкіх ад нас
народаў:
немцаў,
улохаў,
палякаў,
французаў,
ангельцаў,
гішпанцаў,—
а карацей,
ва ўсіх хрысціянскіх
народаў на свеце
можна той прыклад
угледзець вокам.
Самі сабе i ўсім
яны паказалі,
што ў слове Божым
відушчымі сталі
і, як апосталы запавядалі,
мовай сваёю
выклалі,
захавалі
i перадалі
наступнікам Божае слова.
Ha ix
іншыя ўсе народы
гледзячы як на прыклад,
прыйшлі
яшчэ ў тыя вякі
да намеру —
хоць гэта
i выклікала ўзбурэнне,
i прывяло
да пярэчання немалога —
Божае слова
з лацінскіх ды іншых пісьмаў
на мову сваю перакласці,
каб людзі самі
яго чытаць пачалі.
Дай Бог,
каб i вы,
паны-дабрадзеі,
стаўшы
нібытз бацькамі справы,
што засталася
ад папярэднікаў знакамітых,
i нібы ўзышоўшы
на іхняе месца,
рабілі так, як яны,—
бо не ў тым жа грэх,
што ахвоча
людзям, чым можаш,
дапамагаеш,
a ў тым,
што, маючы можнасць
дапамагчы,
дапамагчы не хочаш.
Вось жа,
з любасці да айчыны
убачце
i паспалітага чалавека:
ён выглядам просты,
маёмасцю — ўбогі,
ды вочы яго заўсёды
скіроўваюцца да вас
i ўслед,
куды вы ідзяце,
неадступна
за вамі ідуць.
З усіх
вартасцяў чалавечых
няма багавернаму чалавеку
нічога важней
за літасць.
Той, хто яе
выяўляе ў сабе,
выяўляе з гэтым
глыбокае падлбенства
з Божаю дабрынсю
i здабывае
сабе ад Бога
вечную ўзнагароду.
Дык у часіну,
калі галеча
начуе ў айчыне вашай,
а вашы браты,
не зазнаўшы
навукі праўдзівай,
нямеюць
у прастаце сярмяжнай,
скіруйце i вы,
калі вас
яшчэ не пакінула
братняя міласць,
на свой заняпалы i збедаваны
народ
сваё вока.
Няхай,
чуючы вашы просьбы,
мітрапаліт,
уладыкі й вучыцялі,
што дужа
ад вашага слова залежаць,
гэтак сябе павядуць,
пакіруюцца гэтак,
каб не было між імі
ні подкупу,
ні падману,
каб спрытам i хабарам,
напярэймы
адно аднаму,
прыбытковых месцаў
i стольных пасадаў
не дамагаліся,
a рупліва
вучыліся Божаму слову
i іншых вучылі,
бо тою маёмасцю,
тымі маёнткамі,
што перайшлі
вам, спадкаемцам,
ад продкаў вашых,
вы надзяляеце, мусібыць,
не абы-каго,
а каго надзяляеце,
дык жа не для таго,
каб, займеўшы,
ix марнавалі
сабе на аздобы,
на ўборы
альбо на пацеху цела,
а — каб дасканаліліся
у навуцы
i падавалі
астатнім прыклад.