Гэта б
ды для навукі!..
Але не для гэтакай,
што цяпер,
на вечны свой сорам,
маюць,—
калі прачытаць,
i то ледзьве-ледзь,
на мове сваёй
два-тры словы
умеюць.
He — каб жа школы
імкнуліся адчыняць
i навуку
Божага слова,
што безліч гадоў
заставалася занядбанай,
рупіліся данесці
сваім братам.
Усім вам,
а не аднаму каму-небудзь,
спадзеючыся
на вашу разумнасць,
богаадданую дбайнасць
ды клапатлівасць,
у пільнай патрэбе
айчыны вашай
я даручаю i пакідаю
справу айчыны
i ў Пана Бога прашу,
каб я
з ёю —
калі яна згіне —
згінуў,
калі акрыяе —
з ёй акрыяў.
Ужо да канца
набліжаю сваю гаворку,
але перад тым,
як закончыцца ёй,
зазначаю
з глыбокім смуткам:
калі б не было
міласэрнасці Божай
на нашу няўдзячнасць,
гадзіна кары
не аддалілася б,
а цяпер
настала б ужо.
Наўкол паглядзі —
i ўбачыш,
што ўсюды ўсе справы
наўмыснымі змысламі
так папсаваны,
што анічога
добрага нельга зрабіць,
каб яно не было
тут жа спачварана злым
i на злое
зыначана.
Ну, а тыя,
што неяк забагацелі,
на добрую справу
i шэлега не адшукаюць,
калі толькі ў гэтым
не ўбачаць мажлівасці,
каб пажывіцца
ці змахляваць.
Зазвычай
яшчэ ў нас бывае,
што здольнага чалавека,
i асабліва, калі ён свой
ці знаёмы,
людзі
не могуць зносіць,
каб не ўчыніць
яму нейкай шкоды
альбо абразай зняважыць.
Таму, каб застацца
ў гаворцы сваёй
праўдзівым
i каб ухіліцца
ад нагавораў прыкрых,
нікога пайменна
не называю,
бо не хачу
ні просьбай,
ні грозьбай,
ні меркаваннем,
ні нараканнем
нікога ў тым пераконваць,
у чым самі
пераканацца не хочуць,
але, наколькі
змогі маёй хапала,
настолькі
споўніўшы свой абавязак,
мушу да Божага трону
звярнуцца,
бо перад ім
усе мусім стаць
для адказу.
Не сумняваемся мы, аднак,
што Суддзя справядлівы
нашую справу ўхваліць,
хоць непрыхільнікі
грэбуюць ёй,
хоць непрыязнікі
ёй пагарджаюць.
Але ў набожнага чытача,
дзеля Хрыста міласэрнага,
просім,
каб ён,
калі напаткае
у нашым пісьме дзе-небудзь
заўзятыя выпады
ці ў бок навукі,
ці ў бок
галечы айчыннай,
дык не прыпісваў
гэтага нашай злосці,
адно —
чалавечай гарачлівасці,
i дзеля Хрыста
дараваў.
Калі ж нашы хібы
ці недахопы,
якія заўважацца ім,
будуць важыць багата,
няхай
не сарамаціць нас,
а нагадае
аб гэтым па-хрысціянску,
бо мы гатовы,
як Іаан Хрысціцель,
змяншацца,
каб рос Хрыстос.
I, урэшце,
усіх набожных
просім дзеля Хрыста,
каб да тых,
што нас даймаюць
шчыпаннем i дапяканнем,
не мелі ніякай варожасці,
бо хіба
мы не жадаем
з Іакавам ды Іаанам —
i ў цэлым
з усёй навукай Хрыстовай,—
каб з неба
спусціўся агонь
i займела
слова Гасподняе ў ix
сваё месца,
сваю гасподу.
Няхай
ім зычаць дабра
нязменна
i з намі заўсёды
няхай Пана Бога просяць
за ix —
каб апамяталіся
i былі
збаўлены Богам,
i каб у сабе
не адпрэчылі
i не стлумілі
ласкі вялікай Божай,
што, пачынаючы дзейнічаць
у чалавеку,
у ім выяўляецца
як яго
шднасць уласная
i сумленнасць.
Амін.