Вось i ўзнаўляем, святкуючы,
мы цяпер
дзень перамогі Хрыстовай:
спрамогшы
цёмныя ўлады
і д'ябальскія началлі,
ён свету ўсяму дараваў
ратунак;
дзеля таго ў царкве
артусны хлеб асвячаюць
з Вялікадня i дагэтуль.
I сёння дзеля таго
на іярэйскім прастоле
ён ломіцца на азнаку
тых праснакоў,
што з Егіпту
неслі з сабою ў пустыні
левіты — габрайскія святары,
пакуль не прайшлі
Чырвонага мора
i пакуль Богам
не быў асвечаны гэты хлеб.
I хто гэты хлеб каштуе —
здаровым бывае
i ворагам страшны.
Пазбыўшыся ад прыгнёту
цялеснага,
узнаўляюць
габраі, святкуючы,
дзень праснаковы;
а мы,
уратаваныя Збаўцам
ад путаў
змысловага фараона —
д'ябла,
сёння ўзнаўляем дзень,
які стаўся
спрамогай над ворагамі,
і, святы
прымаючы гэты хлеб,
каштуем
нябесную ежу;
i зберагаем
яго для жыццёвых патрэбаў
на цэлы год:
для здароўя цела,
для ўратавання душы
i прагнання
немачы ўсякай.
Цяпер
скончылася старое i новым
сталася ўсё,
што відочна i што невідочна.
Нябёсы,
скінуўшы лахманы
поцемных воблакаў,
прасвятліліся
i ў вышыні
славу гасподнюю спавядаюць.
Я не кажу аб нябёсах,
даступных воку,
але — аб змысловых:
там
апосталы на Сіёне
убачылі Госпада сёння
і, скруху забыўшы,
адкінуўшы смутак — цень
страхаты іудзейскай —
Духам Святым
асвяціліся i абвяшчаюць
Хрыстова ўваскрэсенне.
Сёння, красуючы, сонца
увышыню ўсходзіць
І, радуючыся, зямлю
сагравае,—
усходзіць нам гэтак з труны
сонца святое — Хрыстос
i ўсіх,
што ў яго вераць,
ратуе.
Сышоўшы
з вышэйшага месца,
сёння
свяцілу вялікшаму аддае
месяц ушану,—
гэтак
з суботаю разам
сыходзіць з вышэйшага месца
Стары Закон
i Закону Хрыстову
ужо аддаюць ушану
прарокі.
У пакаянні
грахоўніцкая зіма
скончылася i растаў
у богаразумнасці лёд
няверы,—
гэтак
апостальскае навучанне
i вера Хрыстова зіму
язычнага куміра ўладарства
скрышылі, i з выяўленнем
ранаў Хрыстовых растаў
лёд Фамовай няверы.
Сёння, красуючы, ажыўляе
вясна зямную прыроду,
і, веючы ціха,
вятры-няўрымсты
змнажаюць плады,
а зямля,
успойваючы насенне,
аздобліваецца зялёнай
травою.
Вясна-красна —
гэта Хрыстова вера,
якой
перайначваецца праз хрост
чалавечая існасць;
вятры-няўрымсты —
гэта грахоўныя паімкненні:
яны,
ператварыўшыся праз
пакаянне ў цноты,
змнажаюць
плады, што карысныя будуць
нашай душы;
а зямля
існасці нашай,
нібы насенне,
божае слова прыняўшы
i рупячыся аб ім
удзень iўначы,
нараджае, нібы траву,
дух нашага выратавання.
Сёння
нованароджаныя ягняты,
а гэтаксама цяляты,
скачуць,
адольваючы дарогу,
і, шпарка
вяртаючыся да мацярок,
весяляцца.
Дый пастухі,
граючы на свісцёлках,
у весялосці хваляць Хрыста.
Ягняты,— тлумачу вам,—
гэта людзі
з лагоднай душой,
а цяляты —
куміра паслугачы
краёў, не пранятых верай;
але праз Хрыстова
учалавечанне,
апостальскае рупнаванне
i цуды
жвава закон прынялі,
звярнуліся да царквы
i смокчуць
цяпер малако вучэння.
Вучыцялі
гурту Хрыстова сёння,
молячыся аб усіх,
Хрыста Бога ўслаўляюць;
сабраў ён i памірыў
істот, што ніколі раней
не збіраліся разам
i між сабою
не зналі міру.
Парасці выпускаюць
сёння ў наўколлі дрэвы,
кветкі духмянлівыя цвітуць —
i сады
вось ужо дораць шчодра
свету салодкі водар,
а земляробы,
сеючы сёння ў раллю насенне,
надзею ўскладаюць пакорліва
на Хрыста —
ураджаядаўцу.