Дзе сёння князі,
што гулялі,
наладжваючы паляванне
на птушак нябесных
i на звяроў зямных?
Усе пасыходзілі ў дол.
Дзе цяпер
цары знакамітыя, чыя ўлада
сягала на мноства земляў?
Там, дзе зямля
на царствы не дзеліцца.
Дзе ганарлівыя ваяры?
Пераможаны апраметнай.
Дзе прагавітыя рабаўнікі —
крумкачы
пабоішчаў страшных?
Усіх памкнула
смяротная сетка.
Дзе сёння раскошнікі i гулякі,
што ў гамане застольнай
пілі віно?
Занямелі —
прыйшоўшы, у ix забрала
смерць гучную весялосць.
Дзе цяпер
тыраны i дэспаты,
што ў дзяржаве
наводзілі жах?
Пакліканы на суд Божы.
Дзе сёння
аздобнікі i красуны,
што золатам шытыя
шаты насілі,
што маляўнічыя ўборы любілі
i мазаліся духмянай
парфумай старанна?
Ляжаць у трунах
згалелыя i смярдзяць.
Дзе сёння
самая важкая галава,
якую вянчала карона?
Адцята
мечам гняўлівай смерці.
Дзе сёння
скарбы, якія
збіраліся ў багацеяў?
З раптоўным
прыходам смерці
рассыпаны i разабраны.
Дзе шафы, што зіхацелі
штукарствамі залатымі?
Ў хвіліну
распаліся з трэскам.
О чалавеча, ці скажаш сёння,
дзе твая пыха,
дзе гонар,
якія з цябе прамяніліся
і якія
наклікалі Божы гнеў
на тваю душу?
Усмяротнай
вязніцы замкнёны разам
з тваёю душой.
Дзе палацы,
што роскашшу білі ў вочы,
дзе дарагія шпалеры,
што дзівавалі розум?
Гінуць, як гінулі,
i зямля
ix паглынае, як паглынала.
Усё бяжыць
бегам бесперастанным,
нібыта цень
бязводнага воблака.
О чалавеча,
нашто заўзята
гонішся ўвесь свой век
за тым, што злавіць
не можаш?
О так,
марнасць над марнасцю
усе справы,
што спраўджваюцца
пад сонцам,
таўпеханне i паражнеча.
Цяпер
наблізімся разам з табою
змысловай наблізінаю
да трупаў.
Угледзься i пакажы,
дзе бацька тут,
дзе тут маці,
дзе іхнія дзеці,
якія памерлі,
свой век пражыўшы;
адрозні,
хто гэта — цар
ці жабрак,
грэшнік ці праведнік.
Не адрозніш
i не пакажаш: змяніла
смерць усе постаці
i змяшала
усе найменні.
Дзе сёння тыя
магутнікі, што хадзілі
у срэбры i ў золаце,
што сядзелі
высока на троне
i што былі
аточаны вартаю паслухмянай?
Нічога няма ўжо ад ix,
адно —
голыя косткі,
агідныя чарвякі,
ліпкая павуціна.
Усё толькі сон i ўява,
усё толькі цень i дым,
што ў паветры
затрымліваецца на хвіліну
i неўзабаве развейваецца,
нішто,
удыхнутае ў абалонку.
Марнасць над марнасцю
i паражнеча
справы i з'явы
гэтага свету.
Таму, чалавеча,
распазнавай мінлівасць
і нетрываласць
веку зямнога:
тваё жыццё
кароткае ў ім,
i да марнасцяў звабных
ты не прывязвайся,
але пільна
шукай i трымайся моцна
вартасцяў вечных — i будзеш
жывы заўсёды.