Я расказаў вам пра марнасць,
таўпеханне
i паражнечу,
справы i захапленні
людскога роду,
што ўжо мінуў.
Цяпер жа
душаратоўнае слова
скіруем да тых, што таксама
тонуць у марнасці,
што тойсамай
грахоўнаю слодыччу зваблены,
што працуюць
i ўдзень, i ўначы на грахі,
што ў абжорстве,
у п'янстве,
у блудзе,
нечысціні
пасвяцца колькі змогі;
што прагай
багацця спакушаны
i з душой
захоплены срэбралюбствам.
Такія людзі
не думаюць i не дбаюць
пра тыя чатыры брамы,
якія ўжо ix чакаюць
i праз якія
часінаю невядомай
пойдуць яны адгэтуль
да іншай сялібы —
вечнай.
Не думае i не дбае
такі чалавек ні аб смерці,
якая пільнуе яго,
ні аб страшным
Божым судзе,
ні аб вечных
пакутах пякельных,
ні — гэтаксама —
аб царстве нябесным,
бо д'ябал
хітры спакуснік
i ён перш-наперш
крадзе ў чалавечых душаў
памяць пра гэта
i напускае
на ix забыццё,
a саміх марналюбцаў
i грахатзорцаў у пачуццё
бясстрашнасці ўводзіць.
I той, хто граху дагаджае
i д'яблу слугуе,
аб смерці не думае
i не баіцца
пякельных пакутаў
i аб нябесным
царстве не дбае.
Ёсць i такія, што кпяць
i пасміхаюцца крыва,
калі ім згадаеш пра гэта,
а д'ябал
цешыцца i агіду
да веку наступнага
ў ix абуджае.
Затое
уцехайi асалодай
ім выстаўляе цяперашні век,
дзе смутак,
дзе плач
i скаргі,
дзе воржы —
лютыя ворагі
роду людскога
i згубцы
збавення людскога —
блукаюць, закідваючы на нас
хітрамысныя сеткі,
каб марналюбцаў
ды грахатворцаў
імі злавіць i смерцю,
злавіўшы, ўмарыць.
Так воржы,
поўныя здрадных намераў,
людзям някемлівым выдаюць
гарчэчу за слодыч,
змрок за святло
i смерць за жыццё.
Дзе ўсё змена,
плач,
уздыханні,
марнасць,
малюе зламысны д'ябал
гэта сваім ахвярам
слодыччу i раскошай —
i так
зваблівае хлуснёю
іхнія душы
i ў будучым веку
ім не дае паглядзець ні трохі
на вечную радасць,
калі міраванне
царуе ўсюды
i ўсюды любоў, якая
з'ядноўвае чалавека
з Богам i ca святымі
анёламі.
Але д'ябал
спачварвае рэчаіснасць
i гэта
ад марналюбцы крадзе,
хавае ад грахатворцы.
Той будучы век шчаслівы
паказвае д'ябал векам
жалобы i скрухі
i ад яго
так адварочвае малавераў.
Падвучвае д'ябал
свайго навучэнца: навошта
спяшацца табе з пакаяннем,
лепей
адкласці яго на заўтра,
а сёння
займіся чым цікавейшым.
У Бога дзён многа —
заўсёды
пакаяцца зможаш,
i многа
на пашы ў мяне
разнастайных рэчаў,
якія чакаюць тваёй увагі.
Хіба ты стары
i схілак
гадоў тваіх блізкі?
Ты ў росквіце, дык не губляй
у марных развагах часу,
ідзі i каштуй
пачастунак жыцця
на пасвішчах нашых.
Будзеш стары — тады
кайся, калі захочаш.
А састарэе бядак — вядзе
д'ябал яго
да смяротнага ложа,
кажучы па дарозе:
ты можаш
каяцца i лічыць
грахі свае проста
на ложы смяротным.
О чалавеча грэшны,
не слухайся здраднай
д'яблавай рады —
не адкладай да заўтра
свайго пакаяння.
Бо ведаць не ведаеш,
калі смерць
спаткае цябе — праз тыдзень,
праз дзень,
a мо праз гадзіну, а мо
калі заспявае певень,
і вось
дг старасці не дабудзеш
i што хацеў здзейсніць —
не здзейсніш.
Дык не марудзь з пакаяннем,
не адкладай на потым,
як раяць воржы.
У старасці час не гэткі,
які быў у маладосці:
кароткі — бы дзень узімку,
няроўны — бы сцежка ў лесе,
i шпаркі — бы птушка ў небе.
А смерць
не толькі ў канцы дарогі,
якой мы ідзем, чакае,
аднак жа суправаджае
заўжды нас, на ўсёй дарозе,
i ўладу сваю прасцірае
на ўсе гады i гадзіны
нашага бытавання.
I ў маладога
здароўе, здараецца, адбірае;
здараецца, што й старому
звязвае, як немаўлятку,
язык: нешта хоча
сказаць, але ўжо не можа;
i розум,
здараецца, чалавеку
цемраддзю акрывае.
А пакаянне
i сэрца разжаленае —
дарунак,
які далека не ўсім
у хваробе іхняй
даецца Богам.
Не маюць
дарунку такога людзі,
якія ім пагарджалі,
якія яго адцуралі,
калі былі ў дужасці i ў здароўі.
Таму згодна з Божым
судом справядлівым,
хто якім быў у жыцці,
i ў смерці
такім апынецца,
i хто
з грахамі прыязніўся
i патрэбы
у пакаянні не меў,
той мае
памерці ў грахах таксама.
У чым чалавека
смерць застае — тым Бог
i судзіць яго: таму
адны заслугоўваюць
вечнай пакуты,
другія — у вечнасць
прысвечанага жыцця.