Выбрать главу
Таксама былі пакараны трое князёў габрайскіх: Дафон, Авірон i Карэй; яны не чакалі смерці, але расселася раптам пад імі зямля i жывымі ix паглынула пекла.
Таксама Елізавель-царыца думала не пра смерць, а пра чары i пра залёты, аднак мінуў дзень — i з'елі яе сабакі.
I багацею было напярэдадні сказана, што ўначы вырвуць душу з яго цела анёлы смерці, a ўсім, што ён назапасіў, будзе валодаць другі.
Калі гэткай раптоўнаю смерцю людзі, згаданыя тут, паміраюць, дык мы не павінны вочы заплюшчваць i думаць, што мы неўміручыя, i адкладаць сваё пакаянне да заўтра, да старасці ці да смяротнага ложа, як вушчаць нам ашуканцы-воржы.
Павінен, аднак, хрысціянін-вернік ведаць i разумець, што з некім другім чалавекам здараецца, тое можа здарыцца неспадзеўна i з ім самім. Бо такое слабое i нетрывалае наша цела, што часам хопіць аднюткай заразнай кроплі, якая з паветра ўпадзе незаўважна, каб смерць чалавеку прынесці. О сумятлівы і хапатлівы сладару, хіба не грахамі ты кормішся? Нібы камень, што коціцца шпарка з гары, мы такім жа шпаркім няспынным бегам
бяжым да смерці. I што не бачна нам на сабе, тое добра відаць на суродзічах нашых: учора яшчэ размаўлялі з намі, а сёння ляжаць у цёмнай труне маўкліва. Няхай жа ім дапаможа цяпер іхні гонар — ён быў вялікі; няхай жа цяпер паспрыяе ім іхняя слава — яна лунала высока; няхай ім цяпер паслужыць раскоша, што ix акружала,— яна была адмысловай; няхай ix цяпер накормяць ласункі-лізункі; няхай напояць напоі салодкія; хай аздобяць уборы святлістыя i надухмяняць пахошчы!..
Нямы, страхотны, i ты неўзабаве ляжаш у цёмную яму — смярдзець i ежай быць чарвякам нікчэмным. Таму дарма ганарышся i хвалішся сваім царствам, сваім багаццем, сваёй прыгажосцю i моцай, сам — куфар нечысціні, сам — кораб гнілечы, сам — гляк смуроду. Кім ёсць ты на справе самой, тым урэшце i апынаешся: недарэчнай i не патрэбнай нікому рэччу, заразным тленам, гнілою зямлёю. Таківось канец грэшнага чалавека: усё абяцалі яму грахі, a ўсё ў яго ўрэшце забралі. Таму, адкладу не чынячы, людзі, о людзі, пакайцеся шчыра ўжо сёння, слязамі ўжо сёння абмыйце усе свае, вартыя жалю, справы: вы зневажалі Божую веліч сваімі грахамі — i перш чым на Божы суд паклічацеся, перш чым будуць палічаны вашы грахі, палічыце ix самі!..
Ведаю, што засмуціў душы i сэрцы вашы казаннем сваім аб страшных i жаласных з'явах смерці. I хоць яно страшыць i засмучае, але прыводзіць хутка да пакаяння праўдзівага многіх людзей, не пазбаўленых праўды, i ад пякельных пакутаў ix выбаўляе. Належыць мне зараз уцешыць вашу заплаканую душу расказам пра тое, як адыходзіць з гэтага свету праведны чалавек.
Ведайце, з гэтага свету — з юдолі слёзнай, з вязніцы цёмнай, з сялібы няпраўды, з бярлогі разбойнікаў, з дому грахоў — ён з вясёлай душой адыходзіць. Ён радуецца, што застаецца нарэшце ззаду няволя Егіпту — краіны, якая з грахамі схаўрусавалася, i што ўваходзіць у край запаветны — у нябесны Ерусалім, у сваю аднойдзеную Айчыну. Не смутак i не жалоба праведніка праводзяць, а абдымае радасць, калі ён выходзіць з цямніцы, грахамі населенай i пільнаванай зламыснымі духамі, i ўваходзіць сцяжынай нябеснаю ў нябесны Ерусалім; калі ён прыходзіць да першаіснай, напісанай на нябёсах, царквы саборнай i там сустракае мноства анёлаў Божых, святых i праведных духаў: там будзе у радасці вечнай з імі праведнік бытнаваць.