Дык вось, калі век чалавека,
адмераны Богам Творцам,
канчаецца,а чалавек
трымаўся ў жыцці хрысціянскай
праўдзівай веры
i не чыніў нічога,
што Божыя запаведзі
забараняюць,
тады да яго прыходзяць
анёлы, святыя i светлыя,
i як бачыш
з абліччам вясёлым лёгка
з ягонага цела вымаюць
яго святую душу.
I, пэўна ж,
усцешаны праведнік дужа
з прыходу анёлаў i з іхніх
паводзінаў шчасных.
Яны ж, узяўшы,
душу яго, што не мае
цямноты граху, імкнуць
яе ўвышыню, да трона
трохіпастаснага Боства
i пакланяюцца разам з ёю
Творцу свайму, а ён
багаслаўляе душу
праведную багаславеннем
сваім усявышнім вечным
i кажа весці яе
у праведны збор.
Анёлы
бяруць i адводзяць яе тады,
радуючыся, у месца
спакою i светлыні.
I там сустракаюць
яе другія святыя
анёлы
i патрыярхі вітаюць,
i пацалункам
любові святой цалуюць,
радуючыся яе
прыходу i перамозе
над звабамі гэтага свету
i хітрасцю воржавай.
I жыве
у светлай сялібе душа
праведніка да другога
прыйсця Ісуса Хрыста,
Госпада нашага,
з канчатковым
судом вызначальным, якім
будуць судзіцца людзі.
A калі б тут
азваўся які малавернік
з нязгодаю i сказаў:
дзе гэта пісана, каб анёлы
людскую душу імкнулі
з зямлі ў нябёсы,
i хто гэта бачыў,—
я адкажу:
той гэта бачыў, перад чыімі
вачамі як на далоні
усё стварэнне —
усёвідушчы
Сын Божы бачыў.
I праз Яго
мы таксама бачым,
як узялі i гтанеслі
анёлы ў нябёсы
Лазареву душу,
а душу
грэшнага багацея
панеслі д'яблы
у сутарэнні падземныя —
у пекла.
Сам Бог засведчыў
i паказаў нам, які
страшны канец рыхтуе
грэшнік сабе i які —
не страшны,
а радасны — угатаваны
праведніку.
Павінны
усе хрысціяне
шукаць i прагнуць
такога канца.
I латва
могуць яго дасягнуць
праз праўдзівае пакаянне
i праз таемствы святыя
Цела Хрыстовага i Крыві
i алеяпамазання,
бо святыя
гэтыя з'явы
нячысцікаў адганяюць
ад чалавечай душы
у часіну смерці.
Належыць
ведаць яшчэ вам,
што разам з целам
не памірае,
у адрозненне ад жывёльнай,
душа чалавечая,
а жыве,
будучы вобразам Божым,
жыццём бясконцым.
Дваякае — бачым —
жыццё людское,
дваякая — бачым —
людская смерць: ,
адною дарогай
праведнік адыходзіць,
другою — грэшнік,
адзін — у вечную радасць,
другі — у пакуту.
Думай
пра іхнія дол i часцей,
чалавеча,
i ў памяці моцна,
што чуеш цяпер, трымай —
бо ў чым смерць застане,
тым Бог i асудзіць.
З трыма
вялікімі зменамі
смерць настае i нас
гэтымі зменамі страшыць:
па-першае, стратаю рэчаў,
з якімі мы зеыкліся;
па-другое,
той невядомай краінай,
дзе апынецца бядачка-душа;
i, па-трэцяе, неспазнаным
абліччам Бога,
які нас будзе судзіць.
Ды ад гэтага страху
я маю траякія лекі,
траякую дапамогу.
Па-першае, ведай
i памятай,чалавеча,
што ты пілігрым-вандроўнік
на гэтым свеце
i тут у доме чужым жывеш.
Як сказаў апостал,
не маем тут горада,
але мусім
будучы горад шукаць.
А на гэтым свеце
мы нібы ў карчме,
i гняўлівы
у ёй гаспадар гаспадарыць —
смерць.
Яшчэ не паспелі
мы тут набыцца,
a ўжо гаспадар патрабуе
платы ад нас
і, нібы разбойнік,
усё дарагое i гожае,
што мы мелі,
у нас адбірае гвалтам
i, голых,
выпіхвае прэч.
Па-другое,
прыводзь на розум
словы апостала, што сказаў:
калі гліняная хата
нашага цела разбурыцца,
маем у небе
палац незраўнаны,
які не людскою рукою,
а Боскаю збудаваны.
Дык паспяшайся,
любы мой чалавеча,
хутчэй да яго,
а не баўся
ў закутку смуродлівым,
дзе звіваеш
гняздо свайго быту,
марна
спрабуючы на зямлі,
а не ў небе,
займець уцеху.
Па-трэцяе,зарабляй
тут, у цяперашнім гэтым веку,
нябесную ласку Бога,
а ён табе заўтра,
у будучым веку,
заплаціць шчодра.