Нам недарэчы
баяцца смерці,
бойся адно граху,
які пасылае адданцаў сваіх
на пакуты ў пекла;
а праведнаму чалавеку
не страшная смерць;
праз яе,
нібы праз браму,
мы пераходзім
ад нетрывалых часовых рэчаў
да вечных
i ў неўміручасць саму.
Дык ведайце i памятайце,
што смерць выводзіць
нас з цемрадзі да святла
I ўводзіць
з зямлі ў нябёсы —
каб вечна
ты жыў
з Богам Творцам сваім
i славу
царства ягонага бачыў ясна.
Спадобі ўсіх нас,
сваіх вернікаў,
Хрысце Божа,
нябеснага царства твайго,
каб у ім
i мы ўслаўлялі цябе,
адзінага ў Бостве
з Богам Айцом i Богам
Духам Святым,—
цяпер,
i заўжды,
i на векі вякоў.
Амін.
Мялецій Сматрыцкі
(1577-1633)
Трэнас, альбо плач святой усходняй царквы
Гора мне, беднай,
бяда — гаротнай!
З усіх бакоў я абрабавана,
з усіх уладанняў сваіх
абабрана,
з усіх убранняў сваіх
абадрана
на ганьбаванне свету!
Апанавала мяне навала
злыбедаў невымоўных!
Рукі мае ў вярыгах,
ярмо на шыі,
у путах ногі,
ланцуг на чарэслах,
меч паваротнавостры
над галавою,
вада глыбокая
пад нагамі,
няўгасны агонь
абапал,
крыкі i скаргі
навокал,
страх i спалох
наўкруга,
i пераследы — усюды.
Бяда ў гарадах,
гора ў вёсках,
гора ў дубровах,
бяда ў гіалях,
гора ў гарах
i ў зямных атворах,
бяда на сцежках
i на шляхах!..
Ці знойдзецца месца,
дзе б панавала бяспека,
ці вышукаецца прытулак,
дзе б гаспадарыў спакой?!
У ранах i ў верадзе
дзень брыдзе,
цягнецца ноч
ва ўздыханнях i стогнах.
Скварнае лета морыць
мяне да млосці,
даймае мяне да смерці
марозлівая зіма.
Была я прыгожай,
а стала ўбогай,
была каралевай,
якую кахаў увесь свет,
а цяпер
мяне адно толькі
пагарда кахае,
мяне адно толькі
смутак цалуе.
Усе, хто жывы,—
жыхары зямлі,
народы i людзі,
наблізьцеся да мяне,
паслухайце, што я кажу,
спазнайце,
якою была раней,
i пабачце,
якой цяпер стала!
Цяпер я пасмешышча свету,
а перад гэтым
была ў здзіваванне
людзям,
была ў захапленне
анёлам.
Была я аздоблена,
як ніхто,
была пагляднай i мілай,
была, як зорка на ўсходзе,
святлістай,
была, як месяц апоўначы,
зіхатлістай,
была, як сонца апоўдні,
дзівоснай.
Дачка адзіная ў маці —
была абранніцаю адзінай,
была галубкай нявіннай,
без плямінкі i заганы.
Бальзам цудадзейны —
маё імя,
крыніца жывое вады —
найменне!..
Калі мяне ўбачылі
дочкі Сіёну,
то прадракалі,
што буду
самай шчасліваю каралевай
Вось жа,
чым быў спаміж
усіх гарадоў габрайскіх
Ерусалім,
тым я
была спаміж вабных
сіёнскіх дачок,
i якой
была сярод церняў лілея,
была я такой сярод
астатніх нявінніц.
За гэту
маю прыгажосць
кароль,
за ўсіх чалавечых сыноў
прыгажэйшы,
мяне пажадаў,
пакахаўшы мяне,
i вечным
сямейным шлюбам
з'яднаў з сабою.
Дзяцей
нарадзіла i ўзгадавала,
але яны
сцягнулі з плячэй маіх
шаты,
садралі з грудзей
уборы,
а з галавы — аздобу
i голую выпхнулі з дому
на вуліцы кпінаў,
пляцы глумления,
а сам;
паўсталі наводдаль.