Выбрать главу
Як аб нябожчыцы, аб сваёй бяздольнай душы смуткую i думаю безупынна аб згубе. О, вы, што мяне абступаеце, што на мяне гледзяце ў здзіўленні, паслухайце i разважце, ці ёсць дзе яшчэ жалоба глыбейшая, чым мая, ці ёсць дзе яшчэ маркота хмарнейшая, чым мая, i болеч, балеснейшая за маю?!.
О так, дзяцей нарадзіла і ўзгадавала, аднак яны як бач ад мяне адракліся i сталі прычынай майго змарнення, гібення майго... Нядаўна яшчэ гаспадыня краёў, дзе ўзыходзіць сонца i дзе заходзіць, поўдня i поўначы, я цяпер няўцешніцай-удавой у самоце сяджу, i па шчоках слёзы, як струмяні рачныя, цякуць удзень i ўначы.
I нікога няма, хто б мяне суцешыў: усе адступіліся ад мяне, усе пагарджаюць мною. Чужымі зрабіліся сваякі, прыяцелі зваражнелі, ну а сыны, узяўшы ў вужачага племя здатнасць, джаляць мяне заўзята атрутнымі джаламі. Слухайце, людзі, усе, хто жыве на зямлі i хто здольны пачуць, маю жаласлівую аповесць!..
Звабіўшыся, сыны i дочкі мае да той, што імі не мучылася, падаліся, каб ад яе насыціцца тлустасцю ўдосталь. Мае святары змізарнелі, мае красамоўцы, не хочучы разумець, што гаворка
ідзе аб душы, знямелі, старцы мае здурнелі, хлопцы мае здзічэлі, дзяўчаты мае укінуліся ў распусту.
І ўсе як адзін на маю душу, Бога забыўшы i занядбаўшы Божую праўду, уз'еліся ў злосці. Разявілі пашчы свае на мяне i, зубамі скрыгочучы, кажуць: «Вось i прыйшоў той дзень, якога мы гэтак чакалі, пойдзем i знішчым яе, i вырвем памяць аб ёй з карэннем з зямлі!..» За маю любоў мне рыхтуюць згубу, за маю дабрату мне дзячаць знявагай i за пяшчоту маю нянавісцю плацяць. Забраўшы каштоўныч мае шаты, пакінулі мне струхлелыя лахманы i зрабілі з мяне жабрачку — свету на абгаворы, мне на пакуты.
Бяда мне, згалелай!.. Гора мне, пагарджанай!.. Цяжэе жыццё маё, быццам камень, як дым, растаюць мае дні, i мінаюць гады мае ва ўздыханнях. Ад безупынных слёзаў ступілася пільнасць маіх вачэй, счаўрэла нутро маё ад нудоты, ад горкага плачу, як скваркі, ссохліся мае косці, звяла, як окошаная трава, мае сэрца, i скура змаршчынілася, як папера.
Ашчэрылі на мяне драпежныя пашчы i волю далі зласлівым, зламысным словам. Пабралі сякеры у рукі свае i шукаюць душы маёй — панакапаны усюды ямы, напнуты з усіх бакоў сеткі i адусюль цікуюць атрутныя джалы. Вось тут — крыважэрлівыя ваўкі, вунь там — рыклівыя львы , з таго боку — жахлівыя цмокі, a з гэтага — лютыя васіліскі.
Гляджу — i не ўгледжу, шукаю — i не знаходжу, куды скіраваць свае крокі, дзе прытуліць галаву, у каго прасіць абароны. Узважце, нябёсы, пакуту маю, зямля, змерай мой жаль: хіба гэтакае магчыма — каб дзеці, якіх нарадзіла і ўзгадавала, зрабіліся не маімі?! З адным была я заручана, за аднаго аддадзена замуж, ад аднаго зацяжарала, у адным лоне насіла, адным малаком карміла, аднак, дзеці мае чужым звычаям папрысягалі.
Няма нікога, хто стаў бы наступнікам бацькі, нікога няма, хто ішоў бы услед за маці. Наадварот, са злачынцаў i вырадкаў узялі прыклад i языкі на бацькоў навастрылі. Навукаю бацькавай пагарджаюць, матчына дбанне ганьбуюць, бацьку няславяць, a маці даводзяць да слёзаў. Многа было ix у нас, i раптам усе адпалі, зрабіліся раптам усе не сваімі. З вялікага мноства нікога не засталося, хто б у дабры ўтрымаўся, хто б у дабры ўмацаваўся. Мела дзяцей — iвось жа цяпер не маю.