Былі мы раней,
бы дрэвы ў дуброве,
якія
спажыўнага плоду не маюць,
але цяпер
у наша нявер'е
ўжывілася вера Хрыстова.
І вунь
вернікі тыя,
што шчыра
трымаюцца, як прышчэпы,
Іосіфава карэння,
бы ў кветкі,
у цноты ўбіраюцца
i чакаюць
жыцця, што Хрыстом
пераўтворыцца неўзабаве
У рай.
Гэтаксама свяціцелі,
што, аб сабе забыўшы,
рупяцца аб царкве,
той час прадчуваюць,
калі ix узнагародзіць
узнагародай сваёй Хрыстос.
Цяпер аратаі слова
ў шчамлёты духоўныя
ўводзяць
цялят словамоўных
i заглыбляюць
крыжовае рала
ў змысловыя нівы
i баразну пакаяння
накрэсліваюць.
i сеюць
насенне духоўнае,
i спадзяваннем
на будучы плён весяляцца.
Сёння старое,
што светам валодала,
стала мінулым,
а свет
дзеля Хрыстова ўваскрэсення
стаўся новым.
Паўнюткі
рэкі апостальскія цяпер
вадою разводдзя,
i нерастуюць
язычныя рыбы.
І рыбары,
выпрабаваўшы глыбіню
Божага ўчалавечання,
здабываюць
поўны царкоўны
невад лавітвы.
«Рассядзецца рэкамі,—
кажа прарок,—
зямля,
убачаць, уразяцца i праз гэта
нудой абнядужацца
несумліўцы».
Цяпер працаўніца-пчала,
манаскага чыну,
усіх здзіўляе,
паказваючы сваю мудрасць,—
так, жывучы ў пустэльні
i жывячыся самапасам,
манахі
здзіўляюць людзей i анёлаў.
Яны — гэтаксама пчолы,
што, кветкі аблётваючы,
ствараюць
мядовыя соты
i слодыччу адмысловай
частуюць людзей i царкву.
Цяпер
спеўнагалосыя птушкі
сям'і царкоўнай,
гняздо абнаўляючы,
весяляцца.
«I птушкі,— кажа прарок,—
займеюць сваё гняздо
Тваім алтаром
i будуць,
спяваючы свае песні,
славіць
Бога нязмоўчнымі галасамі».
Сёння
новяцца постаці ўсіх святых
i прымаюць
здабытае бытаванне:
прарокі i патрыярхі,
што працавалі няўтомна,
сёння
раююць у боскім садзе;
апосталы i свяціцелі,
што святлом
Хрыстовым свяціліся,
сёння ўслаўляюцца на зямлі
i на небе;
пакутнікі i спавядаўцы,
што за Хрыста зазналі
злыбеду i пакуту,
вянкамі
увенчваюцца спаміж анёлаў;
сёння
цары i князі
ратуюцца паслушэнствам;
нявіннікі,
што захавалі цноту
душы i цела
i неслі самааддана
свой крыж цярпення,
услед за Ісусам Хрыстом
узыходзяць
з зямлі на нябёсы;
сёння
поснікі i пустэльнікі,
узнагароду
з рукі Гасподняй прыняўшы,
цешацца са святымі
у горадзе ўзгорным.
Сёння
новіцца новым людзям
свята Хрыстова ўваскрэсення
i ўсё тое,
што сталася новым,
добраахвотна
прыносіцца Госпаду:
вера — ад жыхароў,
ад хрысціян — набажэнства,
апека царкоўная —
ад вяльможаў,
ад праведнікаў —
мудрасціпласць,
ад грэшнікаў — пакаянне,
ад несумліўцаў —
звяртанне да Бога,
адно аднаму дараванне —
ад варагоўцаў.
Узыдзем цяпер, браты,
i мы на Сіён
i ўвойдзем
змысловымі ўвойдзінамі
ў святліцу,
дзе ўжо
сабраліся вучні Хрыстовы
i сам Хрыстос,
калі былі дзверы зачынены,
спасярод
іхняга збору з'явіўся
і, прывітаўшы ix: «Мір вам!»,—
споўніў
ix радасцю невымоўнай.
Усцешыліся —
апавядае Пісанне —
вучні,
убачыўшы Госпада,
i растаў
тут жа, умомант, іхні
цялесны смутак,
i страх сардэчны прапаў.
I далася
духоўная здарсць іхнім душам,
калі распазналі
свайго Уладыку,
а ён агаліў рабрыны,
што дзідай былі ўвярэджаны
перад імі
i раны цвіковыя на руках
i нагах паказаў Фаму.
Не было Фамы
з астатнімі вучнямі,
калі першы раз
ім аб'яўляўся
Хрыстос уваскрэслы,
таму, пачуўшы,
што насампраўдзе
Хрыстос уваскрэс, не даваў
гэтаму веры,
але хацеў
упэўніцца сам у гэтым.
«Пакуль я рукі сваёй
не ўкладу
у рэбры яго,
a ў раны цвіковыя
пальца свайго,
не паверу»,— казаў ён.
Таму Гасподзь,
дакораў не чынячы,
гэтым разам
яму i сказаў:
«Працягні
руку сваю i ўкладзі
у рэбры мае, i вер,
што я гэта.
Бо i раней
прарокі i патрыярхі
верылі,
розумам спазнаючы
знакі часін,
у маё ўчалавечанне.
Распазнай,
што пішацца пра мяне
у кнізе Ісаі:
«Дзідай
у рэбры працяты будзе
i сыдзе кроў i вада».
А потым:
«У рэбры працяты быў
i праз гэта
Адама зупалага
ўваскрасіў».
I хіба цябе,
хоць ты не паверыў словам,
што я ўваскрэс i жыву,
адпрэчу?!.
Даткніся i ўпэўніся,—
гэта я.
Верачы ў маё прыйсце,
калі я быў немаўля,
упэўніўся праведны Сімяон,
што споўнілася абяцанне
Святога Духа,
i з вераю ў Бога прасіў,
каб цяпер
ён адпусціў яго
з гэтага свету з мірам.
Не будзь
нявернікам, як быу Ірад.
Калі ён пачуў
пра маё нараджэнне,
выпытваў у вешчуноў:
«Скажыце,
дзе нарадзіўся Хрыстос,
каб i мне
пайсці яму пакланіцца»,—
a ў гэты час
думаў у сэрцы сваім
аб маім забойстве.
Па ўсёй акрузе
ён вынішчыў немаўлят,
ды таго, чаго ён жадаў,
асягнуць не здолеў,—
так будуць мяне шукаць
зламыснікі
i не знойдуць.