Пакінуў мяне спакой,
мір ад мяне адхінуўся:
з усіх мацярок
маю найболей бедаў,
маю найменей шчасця,
Куды ні ступлю —
усюды
мне здраду сыны рыхтуюць:
тут глыбачэзныя ямы
капаюць,
там драцяныя цянёты
ставяць,
адгэтуль атрутныя джалы
стромяць,
адтуль атруту смяротную
точаць.
Адны — беспатайна,
другія — патайна,
тыя — з ліслівасцю,
гэтыя — са зласлівасцю,
адны — з перапросьбай,
другія — з пагрозьбай,
але i адным, i другім
нароўні
жыццё маё знелюднела,
i маюць адны i другія
ў нянавісці сваю маці.
Але хіба я баюся?
Хіба я палохаюся?
Ані.
Стаю вось, не тоячыся,
i хай прыйдзе
каторы з маіх сыноў
i ўразіць
жалезам завостраным
мне ў маё
самлелае сэрца.
Хай прыйдзе
і, быццам нітку
прадзіва, абарве
збалелы век
сваёй маці.
Хай прыйдзе —
i ўчыніць здзек
з цела тае,
што яго нарадзіла.
Бо лепей
смерць, чым такое жыццё,
i мілей
адзін раз памерці,
чым паміраць штодня...
Гора вам, пастыры,
што распалохалі,
расцерушылі
i заразілі
хваробай нядбальства авечак
з маіх чародаў:
на вас
збіраецца суд суровы,
i пакаранне
чакае вялікае вас.
Калі соль
страчвае сілу сваю,
чым жа тады саліць
чалавеку спожыць?
Ужо ні да чога
яна не прыдатна,
i застаецца
яе адно толькі
выкінуць прэч
на патаптанне людзям.
Звятрэлая соль,
згаслыя ліхтары,
здзічэлыя кіраўнікі,
сцямнелыя светачы,
аслеплыя павадыры —
вы паўпадалі
у багну нядбальства
i пацягнулі
авечак, давераных вам,
за сабою.
I што
скажаце вы тады,
калі прыйдзе
ваш Уладар i Айцец,
каб выслухаць вашы
адказы i справаздачы,
i папытае пра таленты,
што былі
давераны вам?!.
Як цяжка,
як цяжка
мне будзе ў той дзень,
калi буду
глядзець на згубу
сваіх сыноў!..
Як роспачна мне,
як горка
будзе ў той час, калі
дзеці мае,
што добраахвотна
згасілі свяцільнік
евангельскай светлыні,
урынуты будуць у апраметны
агонь.
Хто зможа мяне суцешыць
у тую часіну?
Хто зможа стрымаць ручаі
маіх слёз?
Сабе на пакуты
сыноў нарадзіла,
на раны сабе —
дачок.
Лепей бы мне наўпраўду
жыць беспатомнай,
чым бачыць перад сабою
сёння такой талакою
сваіх бязбожных дзяцей.
Лепей бы ім таксама
было не радзіцца,
чым, нарадзіўшыся,
спадкаваць
вечную згубу,
дзе будзе
лягчэй Садому й Гаморы,
чым ім.
Бо слуга,
што ведае волю
свайго Ўладара,
а згодна з ёй не жыве,
пакараиы будзе
памножаным пакараннем
О, архісвятары й святары
пастыры i вучыцялі
чародаў айцоўскіх,
дакуль
хочаце быць нямымі,
дакуль
будзеце неміласэрна
авечак жэрці?
Вы не спыніліся
на малацэ,
вам не даволі
воўны —
лупіце скуру
i кроў п'яце,
i выкідаеце мяса,
самі
насыціўшыся па горла,
ваўкам, крумкачам.