Занямелі самі
i іншым замок на губы
вешаеце,
a хіба
столькі авечых чародаў
было ў царкоўнай аўчарні
яшчэ нядаўна,
у леташнія гады?
Ці столькі,
колькі цяпер захавалася,
божых душаў
вам было дадзена
у кіраванне,
у справаванне?
Спіце, пастухі,
a супротнік дбае,
пасопваеце, вартаўнікі,
а д'ябал, як леў,
авечак хапае безабаронных
i аддае адных вечнай згубе,
другіх — брыдкім корцям,
каб вычваралі рэчы,
што даспадобы яму.
Аўчарні
пустошацца вашы
i множацца на вачах
чароды супротнікаў...
Дзе цяпер
святары без заганы,
павадыры без вадаў,
што дбалі б не аб сабе,
рупіліся б не для сябе
i не сабе дагаджалі б,
як патрабуе гаго
найвышэйшы
Архісвятар
i як сама я казала.
Ды сёння ў настаўніках
тыя ходзяць,
каго абралі самохаць,
годзячы сваім хібам,
мае сыны,—
паадварочваўшы
вушы свае ад праўды
i прыхінуўшы да баек.
Сябе саміх,
славу,
багацце,
раскошу
яны палюбілі
больш, чым людское
збавенне,
i больш, чым Бога.
A некалі ж мелі
перад вачамі
узор дасканалай набожнасці,
ды, аднак,
людзі скажонага розуму
i падазронай веры,
заўпарціліся яе сіле
i запярэчылі яе праўдзе.
Але няхай —
неўзабаве
адкрыецца ўсім прычына
іхняга шалу
i ўсе пабачаць,
што не з нябеснымі скарбамі,
а з зямнымі,
кахаліся іхнія душы
i думкі цягнуліся іхнія
не ўвышыню,
a ўніз.
У гэтым разладдзі
апанаваў мяне голад —
але не хлеба,
а Божага слова,
i смага адолела —
ды не вады,
а евангельскай глыбіні.
Адняты ў мяне
прарок i настаўнік,
адрынуты ад мяне
пастыр i павадыр:
што з гэтых прарокаў,
што праракуюць,
сваю, а не Божую, волю,
што з пастыраў тых,
што значны
сваім найменнем,
а справаю — бедакі?!
Шмат хто
ды з тых пастыраў,
што пасталі
над гуртам разумным
Хрыстовым
сёння,
не варты таго, каб стаяць
над асліным гуртам.
Болей таго:
яны па натуры сваёй
не пастыры,
a ваўкі,
не павадыры,
а львы,
што самі няшчадна адных
авечак зжыраюць,
другімі цмокавы пашчы,
не лічачы, затыкаюць.
О, гарацешны гурт!
Хіба можа
быць пастырам той,
хто сам не вучыўся ніколі
i хто не ведае,
што ён павінен Богу,
што — бліжнім сваім,
i хіба
настаўнікам можа стацца
той, хто з дзіцячага веку
не прысвячаўся навуцы
Святога Пісання,
a бавіўся нейкай іншай,
не адпаведнай
духоўнаму сану,
забавай
альбо марнаваў абы-як
свой час у гультайстве
i ў абібоцтве.
Але калі стала
ціснуць на скабы нястача
спожыці i адзення,
а нэндза
шыю круціць пачала,
тады звеставаць узяўся,
не цямячы,
чым яно ёсць,
звеставанне,
як яно дзейсніцца мусіць
i кім.
I без разбору,
без Бога ў душы,
без дабра ў сэрцы,
без розуму ў галаве,
з карчмы
i з двара,
з пабораўу войска
i з войска —
хто як,
хто адкуль,
узяўшы ў пасрэднікі срэбра
i ў памагатыя золата
удзерліся ў Божы дом.
Дык не дзіўна,
што неўзабаве,
у ім не ўтрымаўшыся,
павыпадалі,
ганьбай заплямленыя,
З яго,
i сталі
поруч з прадаўцамі
праўды Божай,
побач з пярэваратнямі.
Бяда
убогім авечкам,
што маюць
такіх пастухоў,
ropa даверлівым,
што ідуць
за гэтакімі павадырамі,
якія
вабяцца прорвай сляпой
i самі
вабяць услед за сабой
астатніх.
Бяда i вам,
праз чыё нядбальства
ўвайшлі ў Божы дом
акаянцы такія,
i вам,
што, нібыта іржа,
што, нібыта цвіль,
яго спусташаеце,
бо i самі
спустошаны будзеце.
Гора, айцы, i вам:
сынамі
не навучыўшыся быць,
зводзіце тытуламі сваімі
дзяцей маіх
i, не выхаваўшы памысна
патомства свайго,
у трухлявых сваіх харомах
селіце Божых сыноў.