Гора таксама
вашым хлуслівым Сімонам
яны ўвялі
вас у духоўнае пасвячэнне
не для таго,
каб вы
служылі сумленна Богу,
а каб на пасады высокія
узышлі;
i рукі на вас яны ўсклалі
не для таго,
каб вы
спаўнялі братоў вашых
просьбы,
а каб змаглі
цешыць свае заганы.
Сквапныя на ласункі,
хціва
да грошай ахвочыя,
вы адышлі
ад веры праўдзівае
i ўцягнулі
сябе ў безліч немачаў,
процьму хваробаў...
Вось гэтакіх вучыцялёў,
вось гэтакіх павадыроў,
вось гэтакіх кіраўнікоў,
вось гэтакіх пастыраў маю!..
Самі ад голаду
падыхаюць,
a іншых карміць бяруцца,
самі паслеплі,
a іншых мерацца весці,
самі кульгаюць —
ды на абедзве нагі,
a другім
апірышчам хочуць зрабіцца,
самі
у цемрадзі невуцтва тонуць,
a ўсіх
вучыць намагаюцца...
Гора мне,
што такім
нядбайным працаўнікам
даверана,
што ў апеку
аддадзена ненасытным такім
ласунам!..
Гора i вам,
што дарунак Святога Духа
купляеце й прадаяце:
ваша срэбра
на згубу вам будзе.
Не хочаце ведаць
праўды,
не хачаце бачыць
няпраўды,
не хочаце разумець,
адкуль
тыя, што вам даюць,
самі бяруць,
з якога
промыслу багацеюць.
Дояць штодня
малако з авечак,
воўну стрыгуць,
лупяць скуру
i, злупленую, прадаюць,
кормяцца мясам,
крывёй напіваюцца,
ну a лішкі
вам,
прыпадобніўшыся
дабрадзеям,
даюць.
О, круцялі,
а не вучыцялі,
о ліхвяры,
а не ліхтары,
драпастыры,
а не пастыры,
ліскупы,
а не біскупы!..
Павыпадалі з закону
Божае вол i,
праклятай мамонаю
гэтага свету
свае ап'янілі душы,
прыробленай маскаю
ашукалі
нявінных Хрыстовых авечак
і яснасць евангельскую
зацьмілі
пошаснаю распустай.
Што
будзеце дзеяць,
калі ад вас
сад вінаградны
адняты будзе
i іншым аддадзены
працаўнікам,
а вы,
спрыязненыя са злом,
як зло,
адпрэчаны будзеце?!
I што
скажаце, калі будзе
сказана так:
«Вы сыны
не Бога, а д'ябла;
ідзіце, праклятыя,
прэч ад мяне,
бо не ведаю вас»?!
І што
скажаце,
калі будзе
сказана гэтак:
«Звяжыце
ім рукі i ногі
i ўкіньце
у цемру знадворную:
будзе там плач
i зубоў скрыгітанне»?!
Бяда
будзе, мае сыны,
вам у часіну тую
i мне гэтаксама:
вам —
церпячы мукі нязносныя,
мне —
бачачы вашу згубу.
О, біскупы, біскупы —
о сыны,
што маткай i бацькам
спагардзілі,
дзеці,
што ўзгадаваліся
у каралеўскіх палацах,
ды ў корчмы i ў буданы
звабіліся сваёй воляй,
дакуль
будзеце спаць,
расслабленыя лянотай,
дакуль
кароста вачэй вашых
вам
мілейшая будзе
за самі вочы?!
Прыйдзіце да водаў
чатырохрэчных
евангельскіх ведаў
і ў ix
твары свае абмыйце
i з розумаў сваіх змыйце
гразь неразумнасці.
Бо хіба
не досыць яшчэ той страты,
што зношу
праз ваша нядбальства,
хіба
не перапоўнілі
меры згубы
золата
срэбра,
перлы
i камяні дарагія,
якімі,
як найслаўнейшая каралева,
была я аздоблена колькі
дзесяткаў гадоў назад?!
Дзе цяпер
той неацэнны камень,
той прамяністы карбункул,
які ў маёй дыядэме
свяціўся
між іншых перлін,
як сонца між зорак,
святлом
веры сваёй старажытнай,—
дом
слынных князёў Астрожскіх?
Дзе іншыя
роўна каштоўныя камяні
з гэтай жа дыядэмы —
дзіва-смарагды,
сапфіры-скарбы
i дыяменты-цуды?!.